«Мяне не зламаюць». Паштарку, якая абнародавала адрасы сілавікоў, адправілі ў арыштны дом

Наступныя тры месяцы Ларыса Танкашкур правядзе ў минскім СІЗА №1, дзе ў асобных камерах адбываюць пакаранне і тыя, каму прысудзілі зняволенне ў арыштным доме, распавядае «Свабода».

817dc6cb_2fe7_4e66_b5de_dbd7fa80dda0_w1023_r1_s.webp

Ларысу Танкашкур змясцілі на «Валадарку» 30 чэрвеня, але цягам тыдня не гаварылі, ці менавіта там яна застанецца. Днямі сваякі асуджанай атрымалі ад яе ліст, з якога вынікае, што месца адбыцця пакарання не змянілася.

«Мяне яны не зламаюць, я моцная. Выйду і неўзабаве дачакаюся нармальных часоў», — сказала Ларыса сваёй сястры перад тым, як сесці ў вязніцу.

У студзені 56-гадовую мінскую паштарку асудзілі на 3 месяцы арышту за тое, што перадала ў адзін з тэлеграм-каналаў імёны і адрасы супрацоўнікаў міліцыі, якія былі падпісчыкамі ведамаснага выдання МУС «На страже». Жанчыну прызналі вінаватай паводле ч. 1 арт. 179 Крымінальнага кодэкса («Незаконны збор або распаўсюд інфармацыі аб прыватным жыцці»).

Пацярпелымі ў справе прызналі 35 чалавек, сярод якіх супрацоўнікі Цэнтральнага РУУС, выкладчыкі Акадэміі МУС, намеснік начальніка раённага ДАІ і былыя міліцыянты.

У першым варыянце абвінавачання гаварылася, што Ларыса Танкашкур дзейнічала з матываў «палітычнай і ідэалагічнай варожасці, звязанай з электаральнай кампаніяй». Але ў судзе гэты матыў не быў пацверджаны, і пракурор ад яго адмовіўся.

Ларыса Танкашкур прызнала віну і ў апошнім слове прасіла прабачэння ў пацярпелых. Ніхто з міліцыянтаў не патрабаваў ад яе грашовай кампенсацыі, некаторыя прасілі суд не караць жанчыну пазбаўленнем волі.

7 ліпеня сваякі атрымалі ад Ларысы Танкашкур першы ліст з «Валадаркі». Паводле былой паштаркі, яе размясцілі ў камеры на першым паверсе разам з жанчынамі, якіх прывезлі адразу з суду, дзе прысудзілі арышт.

«Яна ўжо прайшла медыцынскі агляд, мае магчымасць рэгулярна наведваць душ і выходзіць на прагулкі. На дрэннае абыходжанне не скардзіцца, на ежу таксама. Напісала, што з гэтым усё добра. Нават лічыць умовы лепшымі, чым калі была на "сутках" у ізалятары на Акрэсціна, дзе не выдавалі матрацаў», — пераказала змест ліста яе сястра Галіна Лагацкая.

Ларыса Танкашкур спрабавала абскардзіць прысуд Першамайскага раённага суда, Мінгарсуд пакінуў яго без змен. Аднак жанчына будзе скардзіцца далей.

«Адвакат рыхтуе наглядную скаргу ў Вярхоўны суд. Сястра збіраецца прайсці шлях абскарджвання да канца, бо не лічыць прысуд справядлівым», — расказала Галіна Лагацкая.

Беларускія праваабаронцы прызналі Ларысу Танкашкур палітычнай зняволенай.