Міністр адукацыі: Не бярэш на працу выпускніка — вярні грошы ў бюджэт
Неабходна ўзняць пытанне адказнасці арганізацый, якія замаўляюць навучанне кадраў на бюджэтнай аснове. Пра гэта ў суботу, 28 студзеня заявіў міністр адукацыі Ігар Карпенка падчас калегіі ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама.
На думку міністра, калі арганізацыя накіравала абітурыента атрымліваць адукацыю за кошт бюджэту, а пасля таго, як ён скончыў ВНУ, не бярэ яго на працу — з яе трэба спагнаць кошт навучання.
«Нонсэнс атрымліваецца! Калі студэнт ВНУ або сярэдняй спецыяльнай навучальнай установы не паедзе працаваць па размеркаванні, з яго спаганяюць грошы. А калі працадаўца замовіў падрыхтоўку гэтых кадраў за дзяржбюджэт, а потым адмаўляецца ад яго — ён не нясе ніякай адказнасці. Паводле майго разумення, тады вярні гэтыя грошы ў бюджэт, калі гэтыя кадры табе не патрэбныя», — цытуе Ігара Карпенку прэс-служба Мінадукацыі.
Падчас свайго візіту ў Брэсцкую вобласць кіраўнік ведамства наведаў шэраг навучальных установаў рэгіёну. Сярод іншага ён таксама выказваўся наконт перспектываў інтэграваных класаў, дзе разам са звычайнымі дзецьмі могуць навучацца дзеці з асаблівасцямі развіцця. На думку Карпенкі, для працы ў такіх класах трэба набіраць групу педагогаў-прадметнікаў і дадаткова навучаць іх працы па сістэме інклюзіўнай адукацыі.
Паводле Еўрарадыё