«Міна прыляцела пряма ў акоп». Стала вядома, як загінуў дабраахвотнік палка «Пагоня»
Пабрацімы не называюць поўныя дадзеныя абаронцы Украіны і Беларусі з пазыўным «Жнец» у мэтах бяспекі яго сям'і, распавядае «Н*ша Ніва». Вядома, што сам ён паходзіць з Гомельскай вобласці, служыў у «Пагоні» кулямётчыкам, апошнія дні сваёй вайны правёў у абароне Бахмута — адзіным месцы, дзе рускія працягваюць насядаць на фоне паразаў на іншых участках.
«Гэта быў
дасведчаны баец, у «Пагоні» ваяваў з ліпеня. Загінуў так — былі на абароне
пазіцый пад Бахмутам, дзе насядаюць рускія. Варожая міна прыляцела наўпрост у
акоп, амаль наўпрост пацэліла па чалавеку. Яны там былі ўдваіх, два з «Пагоні»,
вось адзін загінуў, а другі — лёгка паранены. Хлопцу было троху за 30.
Публікаваць сапраўдныя дадзеныя пакуль не будзем», — сказалі саслужыўцы загінулага.
Гэта першы
вядомы выпадак гібелі беларуса з шэрагаў «Пагоні», якая аб'ядноўвае збольшага
былых беларускіх ваеннаслужачых і афіцэраў сілаў спецыяльных аперацый.
Лічыцца, што стваральнік і ідэйны кіраўнік «Пагоні» — падпалкоўнік беларускіх паветрана-дэсантных войскаў Валерый Сахашчык, які са жніўня 2022 года стаў «міністрам абароны» у кабінеце прадстаўнікоў Святланы Ціханоўскай.