Крыніцы: У Нароўлі расійцы адкрылі кірмаш — гандлююць нарабаваным ва Украіне
У горадзе Нароўля Гомельскай вобласці расійскія вайскоўцы гандлююць нарабаваным ва Украіне, паведамляе Галоўнае ўпраўленне выведкі Мінабароны Украіны. Для гэтага расіяне абсталявалі адмысловы кірмаш. На ім можна купіць пральныя і посудамыйныя машыны, лядоўні, каштоўнасці, аўтамабілі, ровары, посуд, творы мастацтва, касметыку, дзіцячыя цацкі.
Акрамя таго, сцвярджае ўкраінская выведка, расійцы спрабуюць
прадаваць скрадзеныя долары і еўра мясцоваму насельніцтву. Але з-за сёлетніх
валютных абмежаванняў беларусы нібыта адмаўляюцца ад абменных аперацый і
прапануюць вайсковым гасцям звяртацца ў банкі. Тыя не згаджаюцца з прычыны
забароны камандзіраў.
Паводле звестак выведкі, расійскім войскам наладжана цэлая
цэнтралізаваная сістэма пастаўкі «марадзёрскага» тавару на
нараўлянскі кірмаш. Калоны грузавікоў з нарабаваным адпраўляюцца з горада
Бурынь Сумскай вобласці.
Таксама, згодна з выведкай, расійскія ваенныя КамАЗы з Украіны прыбываюць у Мазыр, дзе вайскоўцы разгружаюць пакеты з рэчамі, а затым адпраўляюць іх у Расію службай экспрэс-дастаўкі.
Паводле «Еўрарадыё».