Кабакі: Што адбываецца пасля самагубства стваральніка прытулку для сабак?

Пасля трагічнай смерці Сяргея Няхеня — стваральніка прытулку для сабак у вёсцы Кабакі Бярозаўскага раёна — без прыгляду засталіся больш за 40 жывёл. Ці ўсе яны знайшлі гаспадароў, высвятляла «Наша Ніва».

Фота: bereza.by

Фота: bereza.by

Аператыўна прыстроіць усіх жывёл здавалася справай нерэальнай. Але амаль усе ўжо знайшлі новы дом.

Цяпер у Кабаках засталося ўсяго чатыры сабакі — за двума з іх хутка павінны прыехаць новыя гаспадары.

Фота: bereza.by

Фота: bereza.by

Пахавалі Сяргея ў мінулую суботу. Але булінг, з-за якога, па меркаванні знаёмых, ён наклаў на сябе рукі, на гэтым не скончыўся.

У тыктоку пад рознымі відэа з успамінамі пра дзейнасць мужчыны рэгулярна з’яўляюцца каментарыі ад ананімных акаўнтаў, якія імкнуцца абразіць яго. Напрыклад: «Нармальны мужчына павінен па 12 гадзін працаваць, адкуль у яго возьмецца час на сабак?!». Хтосьці спрабуе ўчапіцца за тое, што ў Сяргея былі не самыя простыя адносіны з блізкімі.

«Нашай Ніве» стала вядома, што некалькі дзяржаўных СМІ рыхтуюць выпуск негатыўных тэкстаў пра стваральніка прытулку ў Кабаках. Цалкам імаверна, акцэнт зробяць на тым, што апошнім часам Сяргей меў праблемы з алкаголем. У сваім тыктоку за некалькі тыдняў да самагубства ён шчыра распавядаў пра тое, што з-за жыцця ў пастаянным стрэсе мог выпіць піва ці гарэлкі.

Але гэта не адмяняе той факт, што Сяргея цкавалі з-за яго любові да жывёл. Стараста аграгарадка Кабакі Анатоль Рамановіч рэгулярна выклікаў міліцыю ды розныя праверкі да нязручнага суседа. У адным са сваіх відэа Сяргей сцвярджаў, што стараста пагражаў яго павесіць і атруціць сабак. 

Валанцёры з розных краін запісалі відэазварот да беларускай пракуратуры з патрабаваннем завесці крымінальную справу за давядзенне да самагубства. 

Тым часам, лёсы чатырохлапых падапечных складаюцца значна шчаслівей, чым лёс чалавека, які падзяліўся з імі домам. З усёй краіны людзі едуць, каб забраць «хвосцікаў Сяргея». У тыктоку шмат відэа, дзе новыя гаспадары радасна абдымаюць гадаванцаў.

Скрыншот відэа ў тыктоку

Скрыншот відэа ў тыктоку

Першай забралі шчанюка-дзяўчынку — самую актыўную з разнамаснай кампаніі. Па яе прыехала сям'я з двума дзецьмі з Івацэвічаў. На відэа бачна, што ўсе ледзь стрымліваюць слёзы радасці, трымаючы на руках шчанюка. Назвалі сабачку Жулька.

А сабака Барадулька ў хуткім часе разам з сям’ёй пераедзе жыць у Велікабрытанію (і мабыць зменіць мянушку на Джэсі) — але пакуль будзе абжывацца ў мінскай кватэры.

Адна з валанцёрак, якая знаходзіцца за мяжой, паведаміла «Нашай Ніве» пра тое, што практычна ўсіх сабак удалося раздаць. Цяпер у прытулку засталіся чатыры сабакі, за двума з якіх у бліжэйшы час павінны прыехаць новыя гаспадары.

Клёпа. Скрыншот відэа ў тыктоку

Клёпа. Скрыншот відэа ў тыктоку

Маленькага сабачку Клёпу, які ўсюды бегаў за Сяргеем (ён ласкава называў гадаванца Клёпа-заўхозіха, таму што той імкнуўся ўсё пракантраляваць), хацелі забраць у Мінск. Аднак адна са сваячак Сяргея вырашыла пакінуць сабачку ў сябе ў памяць пра загінулага. Клёпа, як і раней, бесклапотна бегае па хаце, падстаўляючы жывоцік для часання, пачуўшы звыклую каманду: «Клёпа, пакажы пузіка!»