Як зняць карону з каронавіруса?
Беларусы — людзі дзёрзкія, нічога і нікога не баяцца. Увесь свет закрывае авіярэйсы ў Кітай з нагоды каронавіруса, людзі ў паніцы скупляюць медычныя маскі, знакаміты «Аліэкспрэс» церпіць страты, а ў той жа час Лукашэнка прызначае новага пасла ў КНР.
Добрая спроба пазбавіцца ад Мікалая Снапкова. Тым больш, што Аляксандр Рыгоравіч двухсэнсоўна заявіў: «Рэалізуеце задачы за год — значыць, вернецеся. За два — значыць, два. Важны вынік». Маўляў, а падхопіш там заразу — і не шкада. Значыць, рэалізаваць не атрымалася.
З іншага боку, у Мінск вяртаецца Кірыла Руды, якога называюць «увасабленнем эканамічных рэфарматараў сярод беларускіх чыноўнікаў». На якую пасаду ён прыйдзе — невядома. Аднак сам па сабе факт цікавы, бо яго голас ва ўрадзе, па-першае, заўсёды быў важкім, а па-другое — адрозніваўся ад агульнапрынятай нацыянальнай эканамічнай мадэлі. Прынамсі, ён папулярны эканаміст як сярод чыноўнікаў, так і сярод недзяржаўнай экспертнай супольнасці.
Галоўнае, каб ён не прывёз той самы вірус.
Што да Рудага, то варта зазначыць — ён і ў ролі пасла спрацаваў даволі добра. Прынамсі, на заканчэнне яго кадэнцыі пяць грамадзянаў Беларусі былі эвакуяваныя з таго самага эпідэмічна небяспечнага Уханя. А ў Паднябесную з Сінявокай злётаў ІЛ-76, які даставіў кітайскім медыкам 20 тон гуманітаркі — найперш лекі, медыцынскае адзенне і сродкі дэзінфекцыі. Туды-сюды беларускія лётчыкі злёталі нармальна.
А яшчэ ў «Вялікі Камень» павінны вярнуцца каля 400 працоўных з Кітая. На фоне панічных паведамленняў пра новую смяротную хваробу нашы грамадзяне таксама занепакоеныя: а што калі яны прыедуць — і нам усім капец? Праўда, праблема з тым самым «калі яны прыедуць» ва ўмовах фактычнай блакады авіязносінаў з КНР. І, канешне ж, айчыннае Мінздароўя не спіць у шапку: вядома ж, іх будуць правяраць на наяўнасць хваробы.
Прынамсі, нас запэўніваюць, што ў краіне арганізаваны шырокі лабараторны кантроль. У Нацыянальным аэрапорце не пройдзеш пашпартны кантроль без кантролю цеплавізара. Людзі, што прыязджаюць да нас з «небяспечных» краін, могуць здаць аналізы на вірус, вынікі будуць гатовыя на працягу 4–12 гадзін, у краіне ёсць неабходныя для гэтага тэст-сістэмы. А беларускія ВНУ на два тыдні працягнулі канікулы кітайскім студэнтам, якія з’ехалі дадому на навагоднія святы. Да гэтага часу ў Беларусі новай хваробы не зафіксавана.
Між тым, паніка вакол каронавіруса цалкам не зразумелая. У Мінску ў пэўных аптэках скончыліся маскі. А днямі я і ўвогуле прачытаў матэрыял у слуцкім «Кур’еры», у якім апытвалі, чым жывуць жыхары вёсак Слуцкага раёна. Адна з топавых навінаў — так, каронавірус. Хаця, падавалася б, дзе Кітай, а дзе Слуцкі раён?
Зразумела, сродкі масавай інфармацыі любяць нагнятаць паніку. Ім ад гэтага добра — наклады і прагляды растуць, людзі цікавяцца, непакояцца і гэтак далей. Але часам гэтая паніка раздзьмуваецца на роўным месцы. Беларускае тэлебачанне на сваім сайце палохае: колькасць ахвяр новага тыпу каронавіруса перавысіла колькасць тых, хто памёр ад атыповай пнеўманіі — SARS. Загаловак кідкі, так і хочацца схавацца ў бамбасховішча і з людзьмі не стасавацца. Аднак толькі потым паведамляецца, што ад SARS ва ўсім свеце загінулі 350 чалавек, а ад новага віруса — 560.
Для параўнання: за год у дарожна-транспартных здарэннях у Беларусі гіне каля тысячы чалавек. А вірус грыпу «іспанка» напачатку мінулага стагоддзя забраў жыцці каля 100 мільёнаў (!) чалавек.
Істэрыі дадаюць і «канапавыя эксперты», і проста людзі, што лёгка паддаюцца паніцы. У сацсетках і месенджарах з’явіліся паведамленні пра небяспеку… бананаў! Яны, нібыта, разносяць той вірус па свеце. Хаця медыкі кажуць, што новы каронавірус падобны на птушыны грып, то-бок ён жывёльнага паходжання, — меркавана, ад кажаноў, якіх з’елі змеі, якіх з’еў чалавек. А ў беларускай кухні есці змеяў не прынята.
Што да бананаў, то Кітай бананы вырошчвае выключна для ўнутранага спажывання, ён гэтую садавіну не экспартуе.
Шмат пытанняў, ці можна заразіцца праз пасылкі з «Аліэкспрэсу», што ўвогуле глупства. Па словах медыкаў, гэты вірус валодае нізкай устойлівасцю ў навакольным асяроддзі: «на вуліцы» ён жыве некалькі гадзін, а не тыдняў, якія зазвычай ідзе пасылка з Кітаю.
Вірусным захворваннем можна заразіцца толькі пры шчыльным кантакце, напрыклад, пры сумесным пражыванні або даглядзе за пацыентам. Пацверджаныя выпадкі, калі вірус перадаваўся ад чалавека да чалавека, зарэгістраваныя менавіта ў лячэбных установах.
Таму давайце менш панікаваць і слухаць спецыялістаў. Каб абараніцца ад хваробы, медыкі раяць звычайныя рэчы — такія, якія вы робіце пры банальнай эпідэміі грыпу. Захварэлі — сядзіце дома, не гойсайце па грамадскіх месцах, больш гуляйце на свежым паветры, больш піце (не алкаголю, а кампоцікаў!). І проста мыйце перад ежай рукі і садавіну-гародніну. І бананы — ешце на здароўе!
І не хварэйце, нягледзячы на тое, што 11 лютага — Міжнародны дзень хворых людзей.