Як адсвяткаваць Дзень Волі акцыямі салідарнасці?
Святлана Ціханоўская прапануе 25 сакавіка правесці Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю. Якім чынам беларусы ў свеце могуць адзначыць 25 сакавіка? Чытайце, якія ідэі прапануе беларуская лідарка, каб дапамагчы палітзняволеным і іх сем'ям, незалежным СМІ, добраахвотнікам ды прыгожа адзначыць гэты дзень у розных краінах.
25 сакавіка беларусы адзначаць 105-ю гадавіну абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Шмат хто называе гэта свята Днём Волі, а некаторыя лічаць яго днём Незалежнасці. У 1918 годзе беларусы аб'явілі ўсяму свету, што мы — народ, і што Беларусь — свабодная і незалежная краіна, адзначае прэс-служба Ціханоўскай.
Гэты Дзень Волі адрозніваецца ад усіх папярэдніх. 24 лютага 2022 года Расія пачала вайну супраць Украіны, якая ўжо стала самым маштабным ваенным канфліктам XXI стагоддзя на тэрыторыі Еўропы. Для нападу расійскія войскі выкарыстоўваюць тэрыторыю Беларусі, што стала магчыма толькі з персанальнага ўхвалення Лукашэнкі.
З самага пачатку вайны беларусы ўнутры краіны і беларуская дыяспара падтрымліваюць Украіну ў яе барацьбе за свабоду і незалежнасць. Беларусы ў краіне выходзілі на антываенныя акцыі і пікеты, беларускія рэйкавыя партызаны рабілі сабатаж чыгунак, каб спыніць рух расійскай ваеннай тэхнікі ва Украіну. На баку Украіны ваююць беларускія валанцёры, сфармаваны Полк Кастуся Каліноўскага. Беларускія «Кібер-партызаны» здзяйсняюць кібер-напады на ўнутраныя сістэмы беларускай чыгункі, каб спыніць перакідванне расійскай ваеннай тэхнікі ва Украіну, а таксама на сістэмы расійскіх органаў улады.
У той жа час рэжым робіць усё магчымае, каб задушыць антываенны рух у краіне. З 24 лютага 2022 года за антываенную пазіцыю было затрымана мінімум 1575 беларусаў. 56 чалавек ужо асудзілі на тэрміны ад 1 да 23 гадоў пазбаўлення волі. 12 рэйкавых партызанаў асуджаныя агулам да 191,5 гадоў пазбаўлення волі. Мінімум 31 чалавек асуджаны за фота/відэа перамяшчэння ваеннай тэхнікі. 11 беларусаў знаходзяцца ў турме па абвінавачанні ў жаданні ваяваць на баку Украіны — 8 з іх ужо асуджаныя.
Але акрамя гэтага, Беларусь яшчэ мацней трапіла ў залежнасць ад Расіі. Расійскія ваенныя базы, велізарная эканамічная залежнасць, культурная і моўная русіфікацыя — вось якую цану мы плацім кожны дзень за тое, што Лукашэнка застаецца ва ўладзе.
Якая падтрымка патрэбная беларусам унутры краіны і за яе межамі?
- Кампаніі ў СМІ, афлайн і анлайн: інфармаванне пра сітуацыю ў Беларусі, заявы пра тое, што беларусы не роўна рэжым Лукашэнкі, падтрымка суверэнітэту і незалежнасці Беларусі. Вы таксама можаце дапамагчы, падзяліўшыся навінамі пра Беларусь у сацыяльных сетках, выкарыстоўваючы хэштэг #StandWithBelarus.
- Салідарнасць з палітвязнямі і іх сем'ямі: пішыце лісты ці станьце «хроснымі» палітвязняў у Беларусі, дапамагчы з перадачамі. Падтрымаць палітвязняў і іх сем’і
- Экстраная дапамога журналістам: юрыдычная і фінансавая падтрымка, дапамога ў пераездзе, падтрымка праз Медыя Салідарнасць
- Заплануйце арганізацыю публічных, віртуальных ці афлайн-мерапрыемстваў, прысвечаных Беларусі, абмеркаванню магчымых рашэнняў і таго, што можа зрабіць міжнародная супольнасць.
- Падсвечвайце гарадскія будынкі ў нацыянальныя беларускія бела-чырвона-белыя колеры; вывешвайце бела-чырвона-белыя сцягі на фасадах будынкаў ці вокнах; праводзьце ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя Беларусі.
- Правядзіце дыскусіі пра важнасць афіцыйнага перайменавання назвы нашай краіны на вашай мове з «Беларусь» і/або Белая Русь (Weissrussland, Baltarusija, Hviterussland) на «Беларусь».
- Беларусы за мяжой могуць правесці ў гэтыя дні пікеты салідарнасці.
Святлана Ціханоўская таксама заклікала падтрымаць афіцыйныя фармаванні ў шэрагах Узброеных сілаў Украіны, што складаюцца з беларусаў, ды дапамагчы фондам, якія збіраюць сродкі і гуманітарную дапамогу, набываюць медыкаменты і амуніцыю.