Хронікі рэпрэсій. Ніну Багінскую затрымалі за БЧБ-сцяг на тумбачцы

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 28 сакавіка.

737fc9c3_27d8_4d67_97bd_ea4b4f5e6d22_w650_r0_s_1_logo.jpg.webp

У Дзень Волі супрацоўнікі міліцыі прыйшлі да Ніны Багінскай — яе будуць судзіць за нацыянальны сцяг. Як паведамляюць крыніцы «Белсата», яе адвезлі ў пастарунак і трымалі там да вечара.

Вядомая грамадская актывістка Ніна Багінская мусіць з’явіцца ў суд Першамайскага раёну Мінску для разгляду адміністрацыйнага пратаколу за тое, што ў яе кватэры сілавікі знайшлі нацыянальны сцяг Беларусі. Бел-чырвона-белы сцяг быў на тумбачцы ў пакоі, дзе жыве Багінская.

Гомельскі абласны суд вынес прысуд палітзняволенай пенсіянерцы і велаактывістцы Святлане Кароль. Жанчыну пакаралі пазбаўленнем волі тэрмінам на адзін год і шэсць месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Пенсіянерку абвінавацілі ў паклёпе на Лукашэнку паводле ч. 2 арт. 367 КК і распальванні сацыяльнай варожасці паводле ч. 1 арт. 130 КК. Справу разглядаў суддзя Вадзім Бобыраў.

Святлана — пенсіянерка і велаактывістка з Гомеля, былая старшыня абласнога грамадскага аб'яднання «ВелаГомель». У 2020 годзе жанчына далучылася да гомельскай Каардынацыйнай рады. Дома на Святлану чакаюць маці сталага веку і муж з анкалагічнай хваробай, якімі апякуецца жанчына.

У Мінску супрацоўнікамі КДБ быў затрыманы гісторык царквы Ілля Вішнеўскі. Вішнеўскі — выпускнік магістратуры Інстытута тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла і аспірантуры гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Цягам больш за 10 гадоў працуе ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, з'яўляецца вядомым у Беларусі даследчыкам гісторыі канфесійных устаноў, аўтар шматлікіх публікацый аб дзейнасці абнаўленчай царквы ў БССР.

Апошнім часам быў адным з арганізатараў (разам з Мінскай духоўнай акадэміяй і інш.) і мадэратарам працы круглых сталоў па гісторыі рэлігійных супольнасцяў БССР у 1920-1930-я гады (у тым ліку па праблемах узаемадносін праваслаўнай царквы з савецкай дзяржавай і рэпрэсій сярод духавенства) на базе архіўных, адукацыйных і царкоўных устаноў.

На дадзены момант ён знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсціна. Прычыны затрымання і прад'яўленыя абвінавачванні невядомыя.

ГУБАЗіК сцвярджае, што затрымаў мужчыну, які наведваў суды і нібыта перадаваў інфармацыю праваабаронцам. Паводле сілавікоў, 40-гадовы жыхар Брэста «сістэматычна наведваў суды па крымінальных справах экстрэмісцкай накіраванасці. Ён фіксаваў ход і вынікі пасяджэнняў, інфармацыю аб сведках і прадстаўніках праваахоўных органаў. Далей гэтыя звесткі перадаваліся замежным куратарам для публікацыі на дэструктыўных інтэрнет-рэсурсах».

Следчымі распачата крымінальная справа за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці. Мужчына змешчаны ў следчы ізалятар.


Глядзіце таксама

У Рагачоўскім раёне быў затрыманы Іван Скуратовіч. Вядома, што затрыманне мужчыны адбылося ўчора раніцай. Прычына пераследу Івана і яго далейшы лёс высвятляюцца.

Сілавікі затрымалі жыхара Мінскай вобласці. Сцвярджаецца, што мужчына хацеў далучыцца да ўкраінскай арміі і спрабаваў нелегальна перайсці мяжу. Пасля няўдалай спробы ён нібыта напісаў начальніку Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны Кірылу Буданаву з просьбай дапамагчы трапіць ва Украіну, аднак той прапанаваў падарваць адміністрацыйны будынак ці чыгунку ў Беларусі.

Пасля гэтага беларус «патэлефанаваў у польскую амбасаду і сказаў, што гатовы служыць ва ўкраінскім войску» — на наступны дзень яго затрымалі.

У Беларусі палітвязнямі прызнаныя яшчэ сем чалавек: Алег Дзегцярэнка, Аляксандр Марчанка, Наталля Гаўрон, Алена Тоцкая, Алёна Дземянчук, Алеся Сяргеенка, Юлія Краўцова. Цяпер у спісах праваабаронцаў 1406 палітзняволеных. Але насамрэч, вядома, іх нашмат больш.


Глядзіце таксама

МУС забараняе беларускія дыяспары — «Асацыяцыя беларусаў у Амэрыцы» прызнаная «экстрэмісцкім фармаваннем». Рашэнне аб прызнанні «ABA Together (Association of Belarusians in America)» «экстрэмісцкім фармаваннем» было прынятае МУС 28 сакавіка.

Як паведамляецца ў сацсетках ініцыятывы, «агульнанацыянальная арганізацыя ABA аб’ядноўвае беларусаў ЗША. Мы — беларусы-амерыканцы рознага ўзросту, заняткаў і адукацыі, якія жывуць у розных штатах, але звязаны праз сваю беларускую спадчыну, і імкнуцца дапамагаць роднай краіне».

25 сакавіка суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» два артыкулы нямецкага штотыднёвіка Die Tageszeitung — «"Братский народ" как пушечное мясо» (пра тое, ці вырашыць Лукашэнка ўводзіць войскі ва Украіну) і «Наш Пушкин» (пра смерць палітвязня Алеся Пушкіна).

Таксама спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» трапілі: тэлеграм-каналы і чаты «Беларусы Брытанii», «Тутэйшы Шляхцiч», «Filiżanka», «НУЛЕВЫЕ+», «Янгмаша’s Bizarre Adventure», «Belarus Women’s Foundation», «Baranki Punx»; інстаграм-старонкі «belarus_in_america», «razam.bremen», «hrystyna_kafka»; ютуб-канал «Слухай сюда»; старонка ў «Аднакласніках» «БХД-Беларуская Хрысцiанская Дэмакратыя»; цік-ток-акаўнты «Belarusian volunteers», «дзякую Богу што не маскаль», «Volnyruh», «Вольныя паштоўкі», «bel.info.today24», «Два погляды», «Сергей», «НАУ Беларусь».