Хронікі рэпрэсій. 120 дзён няма навін пра Мікалая Статкевіча
З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 8 чэрвеня.
120 дзён няма ніякіх навін пра палітзняволенага Мікалая Статкевіча. Пра гэта ў фэйсбуку паведаміла ягоная жонка Марына Адамовіч. У сярэдзіне траўня Адамовіч атрымала адказ адміністрацыі калоніі пра тое, што Мікалая змясцілі на паўгода ў адзіночную камеру.
Нагадаем, Статкевіч знаходзіцца за кратамі больш за 3 гады. 14 снежня 2021 года яму быў вынесены прысуд: 14 гадоў зняволення ў калоніі асаблівага рэжыму.
У канцы мінулага чэрвеня Статкевіч быў этапаваны з гомельскага СІЗА-3 у глыбоцкую калонію №13. З таго часу яго рэгулярна змяшчаюць у ШІЗА — яму выпісалі больш за 20 спагнанняў.
Суд Пінскага
раёна і Пінска асудзіў паводле ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса («Абраза Лукашэнкі») мясцовага
жыхара Уладзіміра Хмуру. Суддзя Яўгенія Мельнік прызначыла яму два гады
«хіміі». Прычынай стаў каментар у закрытай групе «УКантакце» пад выявай
Лукашэнкі ў навагоднюю ноч.
Згодна з версіяй абвінавачання, 31 снежня 2022 года ў 23 гадзіны 54 хвіліны Хмура, «маючы намер і мэту на публічную абразу Лукашэнкі, наўмысна, у закрытым публічным чаце пад графічнай выявай Лукашэнкі размясціў каментар у дачыненні да яго, у якім маецца негатыўная ацэнка Лукашэнкі ў ненарматыўнай форме». Змест каментара невядомы.
Суд Маскоўскага
раёна Брэста разгледзеў крымінальную справу супраць 35-гадовага Паўла Янчука,
абвінавачанага ў публічнай абразе Лукашэнкі паводле ч.1 арт. 368
КК. Справу разглядала суддзя Іна Клышпач, абвінавачанне прадстаўляў памочнік
пракурора Антон Глінскі.
Паводле версіі абвінавачвання, Павел 17 красавіка 2022 года пад публікацыяй у тэлеграм-канале «Рэальная Беларусь» напісаў абразлівы каментар ад імя карыстальніка «Canna Steinfeldgrubber».
У Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце адбылося выязное пасяджэнне суда Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы па справе аб абразе Лукашэнкі паводле ч.1 арт. 368 КК. 18-гадовай студэнтцы Аліне Коваль прызначылі два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»).
Паводле версіі
абвінавачання, дзяўчына, знаходзячыся ў інтэрнаце, 26 верасня 2022 года
пакінула ў адным з тэлеграм-чатаў «абразлівы каментар» пра Лукашэнку.
Пасяджэнне суда менавіта ў ВНУ праходзіла па ініцыятыве пракуратуры.
Святара Вячаслава Адамовіча арыштавалі на 7 сутак за герб Пагоня і «экстрэмісцкія» падпіскі. Згодна з пастановай суда, святар абвінавачваўся па двух артыкулах: ч.2 арт. 19.11 КаАП («Распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў») і ч.1 арт. 24.23 КаАП («Удзел у масавых мерапрыемствах»). У адной з сацсетак у ксяндза знайшлі падпіску на «экстрэмісцкія» суполку і старонку, а ў другой у стужцы профілю знайшлі выяву палотнішча бел-чырвона-белага сцяга з гербам «Пагоня». Яго справу разглядала суддзя суда Мёрскага раёна Ірына Яскевіч.
Жыхара Мінска затрымалі за «захоўванне экстрэмісцкай сімволікі» — сярод яе афіцыйны герб Украіны. Паведамляецца, што мужчына нібыта быў затрыманы за тое, што хадзіў у адной з такіх цішотак па вуліцы.
У Дубровенскім раёне за апошні месяц пачасціліся затрыманні кіроўцаў, якія рухаюцца транспартам па трасе М1 з боку Расіі альбо ў адваротным кірунку. У грамадзян Беларусі правяраюць тэлефоны, шукаюць «экстрэмісцкія» падпіскі ў тэлеграм-каналах і чатах. Некаторых затрымліваюць і адвозяць у Дуброўна, дзе заводзяць адміністрацыйныя справы і судзяць па арт. 19.11 КаАП.
Вядома, што 21 траўня такім чынам быў затрыманы жыхар Магілёва. Затрыманаму прысудзілі штраф у памеры 1110 рублёў і канфіскавалі тэлефон. А 24 траўня затрымалі яшчэ дваіх беларусаў і асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту кожнага.
У Гомельскім
абласным судзе 7 чэрвеня пачаўся разгляд крымінальнай справы начальніка аднаго
з цэхаў вытворчага аб'яднання «Гомсельмаш» Уладзіслава Пудзяка, якога
абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве паводле ч.1 арт. 356 КК. Справу разглядае
суддзя Аляксандр Піскуноў.
Вядома, што ў мужчыны ёсць жонка, якая родам з украінскай вёскі Дабранка. Населены пункт размешчаны на самай мяжы з Беларуссю, усяго за 50 кіламетраў ад Гомеля. Таксама паведамляецца, што Пудзяк тройчы ўваходзіў у склад участковых выбарчых камісій у Гомелі.
6 чэрвеня
Гродзенскі абласны суд разглядаў апеляцыйную скаргу на апошні — трэці па ліку —
прысуд палітвязню Уладзіміру Гундару. Трое суддзяў (адзін з іх Віктар Сянько) вырашылі пакінуць
рашэнне першага суда без змен.
З 1 чэрвеня Гундар знаходзіцца ў карцары гродзенскай турмы №1. Пакаранне атрымаў за тое, што не прадставіўся па турэмным пратаколе. Як стала вядома правааабаронцам, Уладзімір не падае духам, хаця здароўя жадаў бы лепшага. Праблемы са слыхам, якія ўзніклі падчас папярэдняга знаходжання ў карцары, у яго застаюцца.
Нагадаем, палітзняволены Уладзімір Гундар асуджаны агулам да 20 гадоў калоніі па некалькіх крымінальных справах.