Хронікі рэпрэсій. Год калоніі за надмагільную пліту для Лукашэнкі

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 9 чэрвеня.

_drot_minsk_kraty_njavolja_belarus_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__1__logo_1.jpg


У судзе Хоцімскага раёна асудзілі Аляксандру Хомчанка за абразу Лукашэнкі. Жанчыну абвінавацілі ў тым, што яна, убачыўшы ў сацсетцы «Аднакласнікі» абразлівую публікацыю пра Лукашэнку, падзялілася ёй на сваёй старонцы. У публікацыі была выява надмагільнай пліты з фатаграфіяй Лукашэнкі і негатыўны тэкст пад ёй.

Як паведаміла на судзе Аляксандра, тэкст пад публікацыяй здаўся ёй пацешным, таму яна паставіла пад ім ацэнку «клас», і такім чынам публікацыя трапіла да яе на старонку.

Суддзя Алеся Парфёненка прызначыла Аляксандры адзін год пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

* * *

Перад фестывалем індзі-поп у Наваполацку адбыліся затрыманні вядомых у горадзе музыкаў — вакаліста «Detroit Hills» Аляксея Запасніка і басіста BTTF Арцёма Новікава. Папярэдне вядома, што затрыманне адбылося 6 чэрвеня. Па якім адміністрацыйным артыкуле пакаралі музыкаў, пакуль невядома.

Таксама праваабаронцы паведамілі, што пасля адміністрацыйнага арышту на волю выйшаў яшчэ адзін наваполацкі музыка — бубнач гурта «Параноя долс» Зміцер Шалак.

* * *

Журналіст і краязнаўца Яўген Меркіс з Гомеля і ягоны адвакат Арцём Каралёў падалі апеляцыі ў Вярхоўны суд на перагляд прысуду, вынесенага 30 траўня Гомельскім абласным судом.

Пасля вынясення прысуду бацьку і цётцы дазволілі кароткатэрміновую сустрэчу з Яўгенам у СІЗА-3, дзе ён утрымліваецца з верасня 2022 года. Гэта сустрэча адбылася 6 чэрвеня. Згодна з рашэннем суддзі Аляксея Хлышчанкова Яўген Меркіс быў прызнаны вінаватым у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці і ўдзеле ў экстрэмісцкім фарміраванні і прысуджаны да чатырох гадоў пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Суд праходзіў у закрытым рэжыме.

У журналіста канфіскавалі на карысць дзяржавы аўтамабіль, фота - і відэаапаратуру і іншыя носьбіты інфармацыі.

* * *

7 чэрвеня адразу пасля апеляцыі на апошні прысуд баранавіцкага палітвязня Уладзіміра Гундара раптам пачалі этапаваць у бабруйскую калонію. Жонка не паспела атрымаць спатканне з ім у турме.

6 чэрвеня жонцы Гундара суд на запыт на спатканне адказаў, каб жанчына патэлефанавала 9 чэрвеня, і тады атрымае дазвол на спатканне.

* * *

У Гарадзенскім абласным судзе для актывіста Беларускага незалежнага прафсаюза Максіма Сеніка абвінавачанне запрасіла 4,5 гады калоніі. Былога электраманцёра аднаго з цэхаў «Гродна Азот» абвінавачваюць па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: «Абраза Лукашэнкі», «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Чакаецца, што прысуд будзе абвешчаны ў пачатку наступнага тыдня.

* * *

У Гародні былога сілавіка Сяргея Ціхага абвінавацілі паводле ч.1 арт. 375 КК («Наўмыснае разгалошванне службовай таямніцы») і ч.2 арт. 373 КК («Наўмыснае разгалошванне дзяржаўнай таямніцы»). Пасяджэнне пройдзе ў Гродзенскім абласным судзе 12 чэрвеня. Суддзя — Аляксандр Козел. Абставіны справы невядомыя, паведамляе Hrоdna.life.

Даныя Сяргея Ціхага супадаюць з данымі начальніка аддзялення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Гродзенскага РАУС Ціхага Сяргея Уладзіміравіча. Верагодна — былога.

У верасні 2022 года нейкі Сяргей Ціхі судзіўся ў рамках грамадзянскага працэсу з УУС Гродзенскага аблвыканкама аб адмене загаду аб прымяненні дысцыплінарнага спагнання ў выглядзе звальнення, аднаўленні на службе і спагнанні грашовага забеспячэння за час вымушанага перапынку на службе.

* * *

Праваабаронцы даведаліся пра вызваленне трох палітычных зняволеных — жыхароў Гомельскай вобласці: Ігара Белаша, Кірыла Пятрэнкі, Івана Чарнаморчанкі.

Ігар Белаш са Жлобіна быў асуджаны ў канцы лістапада 2021 года ў судзе Жлобінскага раёна. Суддзя Яўген Ерафееў прысудзіў яму 1,5 года пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Кірыл Пятрэнка, жыхар Гомеля, які ў маі 2022 года быў асуджаны суддзёй суда Веткаўскага раёна Святланай Мажэйка і прыгавораны да 1 года пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Іван Чарнаморчанка таксама быў асуджаны ў маі 2022 года ў судзе Савецкага раёна Гомеля. Суддзя Аляксандр Мохараў прысудзіў яму 1 год пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Усе яны атрымалі тэрміны па ч.1 арт. 342 КК — «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх».

Таксама на волю выйшаў палітзняволены Максім Жараў — фігурант «справы карагодаў», распачатай па падзеях 13 верасня 2020 года ў Брэсце (калі пратэстоўцы выйшлі на праезную частку, а іх разагнаў вадамёт). Па гэтай справе было затрымана і асуджана каля 130 чалавек.

Мужчына адбыў два гады «хіміі» па «народным» артыкуле 342 КК («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).