Дзяніс Івашын: у жодзінскай турме ўзніклі абмежаванні таго, што можна дасылаць у лістах
Палітзняволены расследавальнік «Новага Часу» Дзяніс Івашын паведаміў, што змяніліся правілы ліставання ў турме.
Журналіст-палітвязень Дзяніс Івашын паведаміў у лісце да сваякоў, што ў жодзінскай турме змяніліся правілы ліставання са зняволенымі: з’явіліся абмежаванні таго, што можна пакласці ў канверт.
Цяпер у лістах да зняволеных забаронена дасылаць налепкі, асадкі і стрыжні да іх. Не дазваляецца цяпер дасылаць таксама і лісты з раздрукаванай на іх інфармацыяй. Аднак па-ранейшаму можна дасылаць: чыстыя канверты, лісты паперы, фатаграфіі, паштовыя маркі і чыстыя паштоўкі.
Жонка палітвязня Вольга Івашына напісала пра гэта ў сваім фэйсбуку.
«Зноўку выконваю свае абяцанне і дзялюся інфармацыяй, якую нам к лісце і ранейшых паштоўках надаў Дзяніс Івашын:
"Зараз пра новыя правілы карэспандэнцыі: паводле атрыманай інфармацыі, у лісьце забараняецца дасылаць налепкі, асадкі, стрыжкі, раздрукоўкі; аднак па-ранейшаму можна дасылаць: чыстыя канверты, аркушы паперы, фота, паштовыя маркі, паштоўкі (чыстыя)".
Мы не ведаем, ці гэта ініцыятыва жодзінскае вязніцы, ці цэнтралізаваныя змены. Але, відавочна, жыццё палітвязням яшчэ болей ускладніць. Цяпер усё тое, што не дазволена дасылаць лістамі, можна будзе толькі набыць самастойна (калі ў цябе толькі 1 базавая велічыня на месяц, асабліва не разгонішся набываць асадкі і стрыжні, напрыклад), або атрымаць у пасылцы, якой нашых родных-палітвязняў часта пазбаўляюць.
Тым не менш, падобнае дробнае паскудства толькі больш раззлуе людзей і дакладна не зменіць іх светагляд, хутчэй наадварот, яшчэ болей упэўніць у слушнасці абранага боку».
«Медыязона» са спасылкай на інфармацыю, атрыманую ад праваабаронцаў, адзначае, што падобныя правілы існуюць не толькі ў турме №8 у Жодзіне, дзе цяпер знаходзіцца Івашын, але і ў папраўчых калоніях №2 і №3. А таксама забарона адпраўкі налепак дзейнічае і ў жаночай калоніі №4 Гомеля.