Дзед Мароз на маршрутцы, хакей па лінолеуме і ялінка з ізалятараў ЛЭП — Новы год ці візуальнае пекла?

Калі вам здавалася, што наперадзе 2024 год, час развіцця, інавацый ды інтрыгоўнай будучыні, то крэатыўшчыкі з мясцовых адміністрацый дакладна так не лічаць. На навагодніх мерапрыемствах у беларускіх гарадах вынайшлі машыну часу,  і, здаецца, яе кірунак — незабыўная рамантыка 20-гадовай даўнасці.

zimovyja_svjaty_u_zelve._fota_praca_4.jpg

Горадня

Нягледзячы на тое, што ў параўнанні са сталіцай ды іншымі абласнымі цэнтрамі мясцовыя ўлады Горадні заўсёды падыходзяць да ўпрыгожання вуліц найбольш трапятліва і па-сучаснаму, без «агракрынжу» ў гэтым годзе зноў не абышлося. Горад славіцца сваёй «крэатыўнай» алеяй навагодніх ялінак у парку Жылібера, створаных супрацоўнікамі дзяржаўных прадпрыемстваў горада і вобласці. Галоўнае патрабаванне ў гэтым конкурсе — напоўніць святочны сімвал часцінкай галіны, якой займаецца арганізацыя. Напрыклад, калі ялінку стварае мясакамбінат, яна звычайна выраблена з каўбасы ці сасісак, а ў «Белтэлекама» — у выглядзе вежы мабільнай сувязі ці іншых атрыбутаў прамысловасці. 

Арт-аб’ект ад Гарадзенскага мясакамбіната, 2021 год

Арт-аб’ект ад Гарадзенскага мясакамбіната, 2021 год

Пераможцам зімовага сезону 2023 стаў арт-аб’ект «Гроднаэнерга», рэалізатарамі якога былі рабочыя ад Гарадзенскіх цеплавых сетак. З падручных сродкаў яны сабралі кампазіцыю электрыка, які закручвае залацісты шарык на драўляным слупе. Побач стаіць трансфарматарная каробка і каркасная ялінка з таблічкай «Не залазь! Заб’е!». 

Супрацоўнікі водаканала прыдумалі ялінку сіняга колеру, што выцякае з-пад водаправоднага крана, а газаўшчыкі — дракона з газавым балонам у лапах, і гэта адны з найлепшых работ. 

Па меркаванні прапагандысцкага тэлеканалу «Гродна Плюс», сэнс «дызайнерскіх арт-ялінак» палягае ў тым, каб з першага позірку адгадвалася спецыфіка работы прадпрыемства. Такім чынам нібыта павінна прасоўвацца прадукцыя і паслугі мясцовых заводаў ды службаў. Выданне адзначае, што сярод выканаўцаў адсутнічаюць прафесійныя мастакі і дэкаратары — усім займаюцца звычайныя супрацоўнікі.

Але не. Упрыгожаннем гарадскіх прастораў павінны займацца спецыялісты ў сферы ўрбаністыкі і дызайну з адпаведным досведам. І рабіць гэта якасна, за выдзеленыя сродкі, а не прыцягнутымі за «дзякуй» і святочную каробку цукерак. Атрымліваецца, дэкарацыяй галоўнага парка горада займаюцца людзі, якія могуць быць выдатнымі спецыялістамі ў сваёй справе, але наўпрост з адсутнасцю будзь-якога густу да калядных упрыгожанняў. Ды і ўвогуле, якая сувязь паміж умоўнай аператаркай «Беларуснафты» і стварэннем дызайну грамадскай прасторы, тым больш у самым еўрапейскім горадзе краіны.

Нельга не адзначыць, што часам сустракаюцца і даволі годныя работы па мерках 95% кампазіцый, аднак працаваць гэта павінна па-іншаму: праз тэндары ці сур’ёзныя гарадскія конкурсы. 

Арт-аб’ект ад «Гроднааблгазу», фота S13

Арт-аб’ект ад «Гроднааблгазу», фота S13

Як можна заўважыць па падзеях гэтага снежня, сані і чарадзейныя алені ў Беларусі цяпер не ў трэндзе. Раней мы пісалі,  «партызанскі Дзед Мароз» з Хаваншчыны замест варожай заходняй запрэжкі абраў патрыятычнае дысантаванне з вайсковага самалёта. У Горадню галоўны герой свята дабраўся не меней крынжовым спосабам — на маршрутцы.

Верагодна, на думку арганізатараў, такое паяўленне павінна быць смешным, але наколькі актуальна парушаць традыцыі свята сімвалам агіднага грамадскага транспарту і беднасці краіны, канешне ж, пытанне добрае. Карані гэтага «крэатыву», дарэчы, ідуць з Расіі: у сетцы можна знайсці вельмі шмат фота падобных гумарыстычных ідэй у раздзяўбаных расійскіх гарадах, дзе адсутнічае будзь-які сучасны транспарт.

Дзеды Марозы на маршрутках у Расіі. Калаж «Новага Часу»

Дзеды Марозы на маршрутках у Расіі. Калаж «Новага Часу»

На пероне аўтавакзала белавежскага Дзеда Мароза чакаў картэж з аўтамабіляў (пераважна кітайскіх), упрыгожаных тымі ж дзяржаўнымі прадпрыемствамі. Парад праследаваў да касцёла Святога Францішка Ксаверыя, дзе ўвечары запалалі агеньчыкі на галоўнай ялінцы Горадні. 


Зэльва

У гэтым невялічкім мястэчку гарадзенскую канцэпцыю з самаробнымі ялінкамі праапгрэйдзілі да ўзроўню «выкаліце вочы»: калі ў абласным цэнтры хтосьці і затлумляўся над адносна адэкватным выглядам канструкцый, то ў Зэльве атрымаўся проста жах са смецця.

Дровы, шпітальныя пальчаткі, ізалятары ЛЭП, смеццевыя пакеты, указальнікі газавых трас, рэкламныя буклеты — са ўсяго гэтага неяк выйшла нешта, аддалена нагадваючае навагоднія ялінкі. 

 

І здавалася б, горш за дэсантны самалёт і маршрутку ўжо быць не можа, але ў Зэльве Дзеда Мароза прывезлі на прычэпе матаблока.


Лагойск

15 снежня на галоўнай плошчы горада прайшло шэсце, у якім прынялі ўдзел адразу 52 пары Дзедаў Марозаў і Снягурак. Як піша «Мінская праўда», разам з дзецьмі яны прыняліся клікаць найгалоўнейшага чарадзея — ратаўніка МНС, які палез на ялінку па пажарнай лесвіцы, каб запаліць агні магічным посахам. Адзначым, што без крэатыва МНС і выстаўленых пажарных машын уявіць свята ў Беларусі цяпер амаль немагчыма. Дарэчы, у адрозненне ад іншых гарадоў і, агулам, звычайнай традыцыі запальваць агні ў цемры, у Лагойску гэтым чамусьці вырашылі заняцца апоўдні. 

Дзецям таксама быў даступны атракцыён, выраблены па ўнікальнай тэхналогіі, якая адлюстроўвае ўсё імкненне ў мінулае. Арганізатары ўстроілі пляцоўку для гульні ў міні-хакей на шматку лінолеуму:

 

Хакей на лінолеуме. Фота «Мінскай праўды»

Хакей на лінолеуме. Фота «Мінскай праўды»

Горкі

У Горках, што на Магілёўшчыне, Мароз прыехаў у калоне трактароў, упрыгожаных гірляндамі, ялінкамі і страбаскопамі, характэрнымі аўтамабілям ДАІ. Кіроўцы былі адзеты ў чырвона-зялёныя швэдары ці касцюмы скамарохаў з расійскай культуры. Дарэчы, што да адзення Дзедаў Марозаў і Снягурак, за ўвесь час аналізу розных гарадоў мы не заўважылі ніводнага прыкладу касцюма, адпаведнага спрадвечным беларускім калядным традыцыям — гэта заўсёды выключна тыповыя гідкія касцюмы, навязаныя Саветамі. 

Што да іншых гарадоў, напрыклад, у Валожыне дзецям раздавалі цукеркі наўпрост з шуфелю, у Віцебску калону навагодніх аўтамабіляў узначальвала знакамітая «Volvo» з аўтапрабегаў «За Бацьку», а ў Пінску Дзед Мароз прыйшоў у шаліку ад «Белай Русі». 

Дзецям раздаюць цукеркі з шуфелю, Валожын. Фота Kraj.by

Дзецям раздаюць цукеркі з шуфелю, Валожын. Фота Kraj.by