Дылеўскага ў Жодзінскай турме паважаюць, да яго прыслухоўваюцца
Юры Стрыжак тыдзень правёў у Жодзінскай турме ў адной камеры з Сяргеем
Дылеўскім — старшынёй стачкама МТЗ, чальцом Каардынацыйнай рады. Ён падзяліўся сваімі ўражаннямі з Радыё Свабода
Вядома, што Следчы камітэт завёў крымінальную справу аб спробе захопу ўлады Каардынацыйнай радай. Менавіта ў межах гэтай справы, паводле Юрыя Стрыжака, следчыя спрабавалі дапытаць Сяргея Дылеўскага. Але, як ён мяркуе, нічога не атрымалася.
«Ведаю ад Сяргея, што яму прапанавалі адказаць на 20 пытанняў, якія ў асноўным тычыліся Каардынацыйнай рады. Хто і як у яе ўваходзіць, каму належаць адрасы для кантактаў Рады з людзьмі, якім чынам планавалася праводзіць перадачу ўлады ды іншыя. Але ён адмовіўся даваць паказанні, допыту не атрымалася.
У камеры Дылеўскі казаў, што пра Раду няма чаго расказваць, бо фактычна і не пачыналі дзейнічаць. Але, са словаў Стрыжака, Сяргей лічыць, што ў думцы пераважнай большасці беларусаў уладу Лукашэнка ўжо страціў і перадаць уладу народу яму ўсё адно давядзецца, з дапамогай Каардынацыйнай рады ці неяк інакш», — кажа пра Сяргея Дылеўскага Юры Стрыжак.
Паводле Юрыя Стрыжака, у іх камеры Сяргей Дылеўскі быў аўтарытэтам не толькі таму, што вялікі ростам і дужы.
«Яго нават турэмшчыкі рэальна паважалі. Яму з усімі неяк удаецца гаварыць паважліва і адначасова цвёрда, што міжволі да яго прыслухоўваюцца. Гэта якасць сапраўднага лідара. Бачна, што ён усведамляе, што людзі на яго арыентуюцца, бяруць з яго прыклад, і адпаведна сябе паводзіць.
Сукамернікі абмяркоўваюць з ім шмат тэмаў, хоць у некаторых яму яшчэ давядзецца разбірацца. Але ён валодае цудоўнай здольнасцю слухаць, прызнаваць, што нечага не ведае, і рабіць дакладныя высновы. У тым ліку размаўлялі з ім пра важнасць беларускай мовы, дык ён шчыра прызнаў, што, на жаль, мовай добра не валодае, але ў выніку пагадзіўся, што з ёй адбудзецца тое самае, што цяпер з бел-чырвона-белым сцягам. Як сцяг стаў сімвалам свабоды, гэтак і мова абавязкова вернецца, бо без яе не будзе незалежнасці. Мяркуе, што наперадзе яшчэ доўгае змаганне, але верыць у перамогу», — кажа Юры Стрыжак.
Сяргей Дылеўскі працуе на МТЗ тэрмістам. Ягоная праца ў тым, каб у агні апрацаваць дэталі, правесці іх загартоўку.
«Разумею гэтак, што праца ў яго цяжкая і шкодная, як у металурга. Расказваў, як пасля змены ў душы яшчэ шмат хвілін адмываецца ды адкашлівае тое, чым надыхаўся. Але ён такі моцны духам, жартуе, не журыцца. У яго двое малых дзяцей, сям’я жыве ў Заслаўі. Кажа, мае баявую жонку, за яе спакойны, тыл у яго добры».
Сам Юры Стрыжак мае статус падазраванага ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Яго вызвалілі, бо адміністрацыйны тэрмін адбыў, а з выстаўленнем крымінальнага абвінавачання пакуль у следчых не атрымалася, хоць Юры не выключае, што яшчэ выставяць.
«Учора прывезлі да следчага нібыта адпускаць, а самі ўзялі мае хатнія ключы, ускрылі кватэру і бяз сведак зрабілі вобшук. Пэўна, нічога не знайшлі і мусілі адпусціць, але абвінавачанне яшчэ могуць выставіць», — мяркуе Юры Стрыжак.
Затрымалі Юрыя пасля сходу на плошчы Незалежнасці 20 жніўня. Спачатку трымалі ў ізалятары на Акрэсціна, потым у Жодзінскім СІЗА, адтуль зноў перавялі на Акрэсціна, адкуль ён выйшаў учора на волю. Юры ведае, што самыя цяжкія часы ў гэтай турме прыпалі на першыя дні пасля выбараў. Яму пашчасціла, што «заехаў пазней».
Паводле Юрыя, у ізалятары на Акрэсціна зрабілі поўную прыборку, і ўсё ж у некаторых месцах яшчэ можна пабачыць сляды збіцця людзей.
«У ізалятары часовага ўтрымання на першым паверсе ёсць малая камера, гэтак званы „стакан“, дык на дзвярах сляды крыві яшчэ засталіся. А ў дворыку цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў ёсць бляшаны плот са слядамі ад дубінак. Гэта там затрыманых ставілі да плота і няспынна збівалі. Людзі, відаць, нахіляліся, падалі, таму на плоце паўсюль засталіся доўгія ўмяціны. Хлопец, якога бяруць на прыборку, казаў, што гэтых умяцін раней не было», — кажа Юры Стрыжак.
Паводле Юрыя Стрыжака, цяпер ахоўнікі абодвух ізалятараў на Акрэсціна адхрышчваюцца ад удзелу ў збіванні затрыманых пасля выбараў, кажуць, што яны ў тыя дні былі на 4 паверсе, а ўсімі справамі ў турме займаліся нейкія прышлыя супрацоўнікі.
«Можна некаму верыць, можна не, але што яны адчуваюць сорам, дык пэўна. Бачыў на свае вочы, як на Акрэсціна прыяжджалі расейскія журналісты з Russia Today, здымалі рэпартаж, як там усё добра, і начальнік турмы за імі бегаў, як падначалены, сам дзверы за імі зачыняў», — кажа Юры Стрыжак.
Ён кажа, што цяпер на Акрэсціна «больш-менш спакойна».
«Часам ахоўнікі гыркаюць на вязняў, але хоць не б’юць. Тыя ж матрацы выдавалі, і цягам дня ніхто не звяртаў увагі, што ты ляжыш на ложку, хоць гэта забаронена. Не кашмараць, як падчас выбараў», — заўважыў Юры Стрыжак.