Палата прадстаўнікоў прыняла законы пра экстрэмізм і супраць рэабілітацыі нацызму
Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на пасяджэнні пятай сесіі прынялі ў першым чытанні законапраект «Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму» і папраўкі ў закон аб супрацьдзеянні экстрэмізму, паведамляе «Еўрарадыё».
![img_1726_2_logo.jpg img_1726_2_logo.jpg](/img/v1/images/img_1726_2_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У законе «Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму» ўпершыню заканадаўча замацоўваюцца вызначэнні такіх тэрмінаў, як «нацысцкія злачынцы», «памагатыя нацысцкіх злачынцаў».
Папраўкі ў закон аб супрацьдзеянні экстрэмізму прадугледжваюць паскораны разгляд грамадзянскіх спраў супраць арганізацый з прыкметамі экстрэмізму, а таксама прызнання сімволікі, атрыбутыкі ды інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкімі матэрыяламі.
У законе даюцца вызначэнні тэрмінаў «экстрэмісцкая сімволіка і атрыбутыка», «экстрэмісцкае фарміраванне». Акрамя таго, ён пашырае вызначэнне тэрмінаў «экстрэмізм», «экстрэмісцкія матэрыялы» і вызначае парадак забароны дзейнасці экстрэмісцкіх фарміраванняў.
Нагадаем, што сёння пад вызначэнне «экстрэмізм» трапляюць усе палітычныя справы, звязаныя з пратэстамі. І нават літаратура на нацыянальную тэматыку, як гэта адбылося з кнігай Змітра Лукашука і Максіма Гарунова «Беларуская нацыянальная ідэя».