«Дакумент каласальнага маштабу»
«Праграма тэрору агучваецца наўпрост, адкрыта, без усялякіх эўфемізмаў», — тэлеграм-канал «Белорусский Донбасс» наконт скандальнага аўдыёзапісу, апублікаванага BYPOL, голас на якім падобны да Мікалая Карпянкова.
«Запіс прамовы, якая, як мяркуецца, была сказана Мікалаем Карпянковым перад асабістым складам ГУБАЗіК, — гэта, вядома, дакумент каласальнага маштабу. У гісторыі лукашэнкаўскай Беларусі гэты выступ зойме тое ж месца, якое заняў у гісторыі нацысцкай Германіі выступ Генрыха Гімлера ў Пазэне ў кастрычніку 1943 года. То-бок праграма тэрору агучваецца наўпрост, адкрыта, без усялякіх эўфемізмаў.
На апублікаваным сёння запісе голас, падобны на голас цяперашняга намесніка міністра ўнутраных спраў Мікалая Карпянкова, распавядае, што супраць пратэстоўцаў трэба ўжываць зброю ва ўпор, каб "або пакалечыць, або знявечыць, або забіць". "Не будзе ў яго паловы мозгу — ну і туды яму дарога", — дадае ён. Знішчэнне іншадумцаў тлумачыцца тым, што гэта "лішнія людзі ў нашай краіне". Новы час патрабуе "жорсткіх рашэнняў", цяпер ёсць неабходнасць у рашучых людзях, якія "пераступілі праз сябе". Таксама спікер паведамляе, што Лукашэнка даў загад стварыць канцлагер, дзе ўдзельнікаў будуць трымаць за калючым дротам "пакуль усё не ўляжацца". Для гэтага, як высвятляецца, і была створана.
Тут важна ўспомніць і кантэкст выступу. У запісе гаворыцца, што ў той дзень новы кіраўнік МУС Іван Кубракоў атрымаў пагоны генерал-лейтэнанта, а здарылася гэта 30 кастрычніка. Менавіта ў гэты дзень Лукашэнка заклікаў "не браць у палон" пратэстоўцаў — "калі хтосьці дакранецца да вайскоўца (я ўжо заўвагу рабіў генералам), ён павінен сысці адтуль як мінімум без рук", — заявіў тады Лукашэнка, выступаючы перад сілавікамі. Планы наконт канцлагера, мабыць, былі агучаныя ўжо на закрытай частцы таго мерапрыемства.
Аднак самае галоўнае тут зусім не ў наборы рэпрэсіўных установак (яны якраз цалкам прадказальныя і наўрад ці кагосьці могуць здзівіць у сённяшняй Беларусі), а ў шчырасці фармулёвак. На гэтым запісе няма ніякіх заклікаў абараняць Радзіму ці беларускі народ. Там наўпрост гаворыцца, што асноўная задача — абараніць Лукашэнку, яго сям'ю і атачэнне. А галоўная матывацыя для сілавікоў — гэта, каб іх не люстрыравалі, не разагналі ГУБАЗіК і не пакрыўдзілі АМАП. Гэта значыць, людзі гатовыя пайсці на масавыя забойствы і стварэнне канцлагераў толькі дзеля абароны сваіх карпаратыўных інтарэсаў і атрымання ўзнагарод, якіх для іх паабяцалі не шкадаваць.
Ну і апошні аргумент Лукашэнкі, які пераказвае на запісе Карпянкоў: калі мы не выстаім, пойдзе развал Расійскай Федэрацыі. Пасаж пра РФ наогул адзін з самых важных у запісе — ён яскрава ілюструе прарасійскую арыентацыю лукашэнкаўскіх сілавікоў. Гэта значыць, вы ўяўляеце, наколькі трывала "рускіх свет" сядзіць у галовах кіраўніцтва беларускіх спецслужбаў, калі Лукашэнка вымушаны матываваць іх на барацьбу, спасылаючыся на пагрозу развалу Расіі!
Яшчэ раз пераконваюся, што менавіта пуцінская падтрымка выратавала Лукашэнку ад бунту сілавікоў у жніўні 2020 года. Таму адказнасць Масквы за цяперашнія масавыя рэпрэсіі ў Беларусі складана пераацаніць».