«Чарговае дно». Амбасадар Украіны ўрэзаў прапагандыстам за ілжывы сюжэт на БТ
Пасольства Украіны ў Мінску накіравала ў МЗС Беларусі ноту пратэсту з-за паказанага ў эфіры дзяржтэлеканала «Беларусь 1» сюжэта з абвінавачваннямі ўкраінскіх дыпламатаў у «вярбоўцы замежных баевікоў». Аб гэтым паведаміў 17 студзеня пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім на сваёй старонцы ў Facebook.
Як распавяло раніцай 17 студзеня «Л*стэрка», у праграме «Кацюшын разлік», якую паказалі па тэлевізары 16 студзеня, распавядалася, што беларускія сілавікі затрымалі грамадзяніна Грузіі Георгія Зіракашвілі, які нібыта апынуўся ў Беларусі, каб далучыцца да ўкраінскай арміі і адправіцца на вайну. Аўтар сюжэта — Кацярына Ціхамірава, якая прыехала ў Беларусь у канцы 2019 года з Калінінграда — абвінаваціла пасольства Украіны ў Мінску ў «вярбоўцы замежных баевікоў».
Ігар Кізім назваў выпуск «чарговым дном беларускай
прапаганды».
— Не буду пераказваць усё трызненне гэтага «сюжэта»,
яго лёгка знайсці на YouTube. Скажу адразу, амбасада накіравала адпаведную ноту
пратэсту ў МЗС РБ. Сцісла сутнасць у тым, што гэты «аўтар» сцвярджае, што
амбасада нібыта з'яўляецца «вярбовачным цэнтрам» для адпраўкі «наймітаў» ва Украіну. Для «пацвярджэння» гэтага ў сюжэце з'яўляецца нейкі грузін
Георгій Заракішвілі, які з дапамогай амбасады спрабуе трапіць ва Украіну, каб «паваяваць» там, і распавядае пра гэта беларускім спецслужбам, якія
затрымалі яго. Уласна словы грузіна аб яго жаданні, мабыць, адзіная праўда ў
гэтым сюжэце. Усё астатняе — хлусня, маніпуляцыі і крывадушнасць, — напісаў
амбасадар Украіны.
На думку Ігара Кізіма, паказаны сюжэт — «чарговы
ўсплёск антыўкраінскай істэрыі на вядучым дзяржканале беларускага тэлебачання і
пошук так званых кампраметавальных матэрыялаў для правакацый супраць пасольства і
яго супрацоўнікаў».
— Пытанне: які сэнс ва ўсёй гэтай хлусні, маніпуляцыях і
крывадушнасці для беларускага боку? Я яшчэ магу зразумець расійскі інтарэс, але
беларускі... Як тут не ўспомніць аб леташняй кдбэшнай «аперацыі» па «выяўленні
шпіёнаў» сярод супрацоўнікаў амбасады (прылічылі да іх нават нашых ахоўнікаў), у
якой вельмі моцна тырчалі фсбэшныя «вушы», — напісаў пасол.
Ігар Кізім таксама падкрэсліў, што на беларускім дзяржаўным
тэлебачанні «крывадушна» не паведамляюць аб ахвярах расійскай вайсковай
агрэсіі.
— Чаму б не расказаць пра гібель 44 людзей (у тым ліку 5
дзяцей) ад аднаго ракетнага ўдару расійцаў па жылым доме ў Дняпры 14 студзеня? Навошта так «гучна» маўчаць пра гэтае злачынства? Паспрабую адказаць.
Для гэтага трэба быць сумленным журналістам, а не прадажным «прапагандыстам» на
падтанцоўках у сваіх расійскіх куратараў. А яшчэ думаць і добра ведаць
матэрыял, — адзначыў пасол.