На ўсе чатыры бакі: у якім напрамку можа павярнуць украінскі фронт і ці ўступіць у вайну беларуская армія?

Кіраўнік «B*POL» Аляксандр Азараў лічыць, што Лукашэнка цалкам рэальна рыхтуецца наступаць. Украінцы пакуль не ўпэўненыя.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева


Руская служба «Радыё Св*бода» падрыхтавала вялікі матэрыял пра магчымыя напрамкі для манеўру Лукашэнкі ў сітуацыі, калі наступ з беларускай тэрыторыі становіцца непазбежным. У гэтым матэрыяле кіраўнік аб'яднання былых сілавікоў «B*POL» выказаў думку, што беларускія вайскоўцы не гатовыя ваяваць, але іх менавіта да гэтага і рыхтуюць.

Дапаможныя сілы для расійскага войска

— Калі Лукашэнка прыме рашэнне адправіць беларускія войскі ва Украіну, то дзеючых сіл будзе дастаткова для наступу, — лічыць Азараў. — Сілы спецыяльных аперацый — гэта пяць-шэсць тысяч чалавек. Яны будуць далучаны да сіл расійскай арміі. На нашу думку, асноўны касцяк наступу складуць расійскія войскі, а беларуская армія ім будзе дапамагаць. Акрамя ССА, да вайны падрыхтаваны сілы СПА, ВПС, радыёэлектроннай барацьбы — яны ўзмоцнены расійскай тэхнікай, былі праведзены вучэнні. Але гэта, зноў жа, дапаможныя сілы, а не наступальныя.

Аднак страты давядзецца папаўняць, і ў такім выпадку спатрэбіцца мабілізацыя. Паколькі на навучанне вайскоўцаў неабходны час (месяц ці два), то мабілізацыю могуць абвясціць адначасова з уступленнем Беларусі ў вайну.

Паводле звестак «B*pol», у выпадку мабілізацыі беларускія ўлады паспрабуюць прызваць 155 тысяч беларусаў, каб агульная колькасць войска дасягнула 200 тысяч. Гэта, паводле слоў Азарава, можа прывесці да катастрафічных наступстваў для рэжыму Лукашэнкі.

— З вайскоўцамі сёння праводзяцца выхаваўчыя ідэалагічныя гутаркі. Вядома, салдаты тэрміновай службы, якія толькі трапілі ў армію, негатыўна настроены, але іх апрацоўваюць з дапамогай расійскіх тэлеграм-каналаў, навін, ролікаў пра Z-вайну.

Беларускія генералы служаць альбо Лукашэнку, альбо Пуціну. Яны могуць змяніць свае погляды ў залежнасці ад таго, у чыіх руках будзе сіла.

Афіцэры ніжэйшага звяна думаюць інакш. Яны ваяваць не хочуць, але служаць па інерцыі, выконваюць загады і не падаюць выгляду, што ім нешта не падабаецца. Мы размаўлялі з беларускімі вайскоўцамі. Ваяваць не хоча абсалютная большасць, незалежна ад поглядаў — нават тыя, хто падтрымліваюць Расію. Я б сказаў, 80-90 працэнтаў не хочуць. Паводле ацэнкі нашых спецыялістаў, большасць беларускіх вайскоўцаў у выпадку ўварвання будуць шукаць шляхі пазбегнуць выканання загаду, дэзерціраваць.

Мы таксама размаўлялі з тымі, хто падпадае пад мабілізацыю — большасць супраць вайны. Некаторыя нават выказваюць жаданне павярнуць зброю супраць Лукашэнкі, калі іх прымусяць ваяваць.

Што пра гэта думаюць украінцы?

Прадстаўнік ГУР Андрэй Чарняк не падзяляе меркавання Аляксандра Азарава. Паводле яго слоў, беларускія вайскоўцы выканаюць любы загад, нават такі злачынны, як уварвацца ва Украіну.

Нягледзячы на тое, што ўкраінская і заходнія разведкі не назіраюць прыкмет магчымага наступу з поўначы, у сумежных з Беларуссю абласцях Украіны будуюцца фартыфікацыйныя збудаванні і мініруюцца межы. Таксама ў памежных раёнах знаходзіцца групоўка ўкраінскіх войскаў.

Генерал-лейтэнант УСУ Аляксандр Паўлюк заявіў, што ў выпадку паўторнага наступу з боку Беларусі ўкраінскія сілы абароны плануюць спыніць яго яшчэ на мяжы. «Да таго ж, па групоўцы войскаў у Беларусі спланаваны агонь артылерыі, праца ад снайперскіх груп да мабільных агнявых груп», — дадаў Паўлюк.

Палкоўнік і былы начальнік прэс-службы Генштаба УСУ Уладзіслаў Селязнёў таксама лічыць малаверагодным уварванне з тэрыторыі Беларусі. Такую думку ён выказаў у інтэрв'ю тэлеканалу «Дождь». У шэрагу прыярытэтных напрамкаў для расійскага камандавання ён назваў Бахмут і Херсон. Кіеўскі напрамак застаецца ў планах Пуціна, але не ў першую чаргу. 

Селязнёў лічыць, што да сярэдзіны-канца лютага значна актывізуюцца баявыя дзеянні на ўсходзе Украіны. Да гэтага моманту пуцінскае войска атрымае рэзерв у 150 тысяч «мобікаў», якія заканчваюць падрыхтоўку на палігонах у Расіі і Беларусі.

— РФ будзе спрабаваць выйсці на адміністрацыйныя межы Данецкай і Луганскай абласцей. У выпадку, калі ім удасца рэалізаваць гэты план, эпіцэнтр баявых дзеянняў перамесціцца на поўдзень, — лічыць вайсковец.

Але ёсць вялікія сумневы, што ў расійцаў атрымаецца рэалізаваць нават гэты план. Селязнёў звярнуў увагу, што ў публічнай плоскасці няма інфармацыі пра падрыхтоўку рэзерваў УСУ, таму пакуль невядома, з якой сілай сутыкнецца Расія.

Мінабароны Беларусі, як і ў лютым 2022 года, адмаўляе ўсе абвінавачванні ў свой адрас датычна плануемага наступу, а беларускія памежнікі паведамляюць пра «правакацыі» з боку ўкраінскіх вайскоўцаў.