Беларусь, якая чакае. Верасеньская тэрапія (ФОТА)
Сённяшняя фотавандроўка — тэрапеўтычная. Навінавая плынь не спыняецца, трывожна-дрэннага яшчэ пакуль нашмат болей за суцяшальна-добрае. І не кожны здольны вытрываць гэта. Мы таксама… Верасень рашуча прымушае лецейка адыходзіць усё больш на поўдзень і кожны дзень авалодвае новымі прасторамі. Выпраўляемся паглядзець у палі і лясы як гэта ў яго атрымліваецца. Паехалі? Не, хутчэй пайшлі!
Пасля шчыльнага сняданку кіроўца дастаўляе нас да замоўленай кропкі і не стрымлівае ўздыху палёгкі — ягоная місія на сёння выканана, далей мы самі. Насамрэч, мы запрашалі яго ў гэты пешы тур, але атрымалі адмову. І яго трохі шкада, бо што можа быць лепей некалькіх гадзін у восеньскім лесе! Ну і ладна, нам болей застанецца чароўнага і багатага ляснога водару. Але ж да лесу яшчэ трэба дайсці праз ужо прыбранае поле, на якім там-сям нас ветліва вітаюць адзінкавыя сланечнікі.
Паварот дарогі і перад вачыма ўжо іншае поле. Дакладна і адказна заяўляем, што мы такой кукурузы яшчэ не бачылі! У вышыню нашмат больш за 2 метры, катахі амаль з локаць — магчыма гэта такі сакрэтны гатунак для нейкіх волатаў ці мы такія цёмныя насельнікі каменных джунгляў, што бачылі кукурузу толькі на кірмашах?
Крочым далей. Сонейка добра пячэ. Верасень троху стаміўся і пайшоў адпачыць? Ад асноўнай дарогі праз кожныя пару дзясяткаў метраў змейкай збочваюць дробныя сцежкі. Але ж сустракаюцца і сур’ёзныя месцы, што больш пасуюць для джып-трыалу. І гэта зразумела — зусім побач вялікае возера. Дрэвы і хмызняк уздоўж берагоў пачынаюць прыглядацца да восеньскай калекцыі адзення-2024. І зусім нечакана пасярод лесу мы сустракаем звычайную яблыню. Як яна сюды трапіла — невядома, але ж расце і яблыкі зусім неблагія!
Праз некалькі хвілін хады бачым ідэальную выяву адпачынку!
Белая зайздрасць выціскае слязу і мы клянёмся сабе, што вось неяк абавязкова на іх месцы будзем мы. Магчыма не літаральна вось тут, але ж недзе і абавязкова! Насамрэч, дзэн ды ідылія — цёплае надвор’е, цішыня, возера... Ай, усё! У дзясятку метраў нешта сур’ёзнае вырашае лебядзіная сямейка — маці з трыма падлеткамі. Бацька далей на вадзе ў філасофскай паставе вырашае нейкую глабальную праблему (і лепей нам не ведаць якую). Ходзім па беразе, ловім прахалоду ад вады.
Развітваемся на некаторы час з возерам і збіраемся паглыбіцца ў лес. Абарочваемся і скрозь хмызняк бачым на іншым беразе далёкі лецішчны пасёлак як напамін, што цывілізацыя побач. Не-не, рушым далей ад гэтага царства кабачкоў і гарбузоў! Некалькі разоў амаль наступілі на даволі немалых вужоў, якіх тут шмат і якіх адчайна баіцца наш фатограф. Ён увогуле баіцца ўсяго, што поўзае і, нягледзячы на нашыя запэўніванні ў поўнай бяспецы, катэгарычна адмаўляецца набліжацца да вужакоў. Скажам вам, што гэта даволі складана — насалоджвацца прыгажосцю восеньскай прыроды і не наступіць на нейкага ляснога жыхара. Але ж мы стараемся!
Лес напачатку восені вельмі адрозніваецца як ад летняга, так і ад зусім восеньскага. Ёсць у ім нейкая пяшчота, прымірэнне. Камары з аваднямі ўжо кудысьці зніклі, а вось мясцовыя дроны-стракозы лётаюць навыперадкі і, падаецца, таксама атрымліваюць асалоду ад такога выдатнага надвор’я.
Мясцовы лес моцна пацярпеў ад ураганаў 2007 і 2016 гадоў. Старажылы кажуць, што раней тут былі магутныя сасновыя бары і процьма грыбоў. Дагэтуль бачныя пні старых дрэваў, якія яшчэ не прыбралі і, напэўна, не прыбяруць. Але ж новы лес ужо буяе маладосцю і колерамі — жыццё перамагае любую стыхію! Месцамі захаваліся і старыя сосны, якія пільнымі выхавальнікамі сочаць за маладзёнамі і бароняць іх ад новых бедаў. А вось па старым сцежкам прайсці даволі складана, і толькі дасведчаныя людзі здолеюць разгледзець іх пад лісцём і зараснікамі травы. Менавіта на такой сцежцы літаральна ў метры ад нас праскокнула здзіўленая вавёрка. Гэта вам не гарадская пешчаная таўстуха, а натуральны дзікі звер!
А мы вяртаемся до возера, каб яшчэ раз зафіксаваць гэтую прыгажосць. Што людзям не хапае? Якіх там завоблачных грошай, люксавых аўтамабіляў, модных строяў? Ну што можа быць лепей за тое, каб зранку прачнуцца ў намёце, запарыць гарачай гарбаты ці кавы і з лустачкай духмянага хлебу, пасміхаючыся сонцу, назіраць усю прыгажосць свету навокал? Анічога! На ўзбярэжжы знайшлі помнік у выглядзе старажытнай крапасной сцяны — замак, відавочна, запланаваны на наступны сезон. Ну і як лыжку дзёгцю — артэфакты, якія сведчаць аб разнастайнасці густаў наведвальнікаў. Для археолагаў далёкай будучыні гэта, канешне, найкаштоўнейшая каштоўнасць, але ў нас выклікае толькі абурэнне.
Час ізноў збочваць у лес, бо іншай дарогі тут няма і навігатар бездапаможна малюе нам толькі адзіны маршрут да фінальнай кропкі. Нягледзячы на сонечны дзень, лясны гушчар мае месцы, куды прабіваюцца толькі адзінкавыя промні святла. І гэта вельмі маляўніча. Насамрэч, усё вось гэтае павуцінне, адзінкавыя лісткі і ягадкі, што цудам засталіся, у маладым восеньскім святле вельмі грэюць душу. Пасядзіш, паглядзіш, аб чымсьці сваім падумаеш... Каб гэта заўважыць трэба вельмі павольна хадзіць і глядзець ва ўсе вочы — яно таго варта! Чарговы позірк выхапіў нешта незвычайнае для лесу, але ўжо знаёмае. Зноўку яблыня! Бліжэйшае чалавечае жытло зусім не побач, таму як яна тут апынулася і нават пладаносіць досыць неблагімі яблыкамі — загадка...
На выхадзе з лесу апынуліся паміж дзвюх возераў. Леваруч — частка вялікага, да якога мы не раз выходзілі, а праваруч месціцца значна меншае, але ж для ляснога возера зусім і немалое. Калісьці тут было шмат карася, але потым з’явіўся ратан і літаральна за некалькі гадоў усё знікла. Дзівімся на восеньскія пейзажы і літаральна праз некалькі метраў зноўку ледзьве не наступаем на малога вужыка, які вельмі неахвотна і павольна саступае нам дарогу. Неўзабаве здзяйсняецца цуд - наш фатограф, начапіўшы свой самы доўгі аб’ектыў, асмельваецца падысці і сфатаграфаваць адчайнага вужонка.
Зараджаныя восеньскім настроем шыбуем да аўтобуснага прыпынку, хаця можна, напэўна, было яшчэ пагуляць, але ж прыслухаемся да вумных слоў з песні бессмяротнай «Крамы»: «Дзякуй Богу, але ж мы ідзем дамоў!» Ну, і як заўсёды чакаем вашых прапановаў дзеля новых вандровак. Восень толькі пачынаецца! Бывайце здаровы!
Шаноўныя чытачы, мы вельмі хочам паказваць вам Беларусь: мясціны, па якіх вы сумуеце, ці тыя, якія вы, магчыма, раней не бачылі. Таму заклікаем вас замаўляць нам новыя маршруты вандровак па родным краі. Раскажыце, якія вуліцы, раёны, гарады і вёскі вы хочаце ўбачыць, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.