Беларусь і Украіна: у парадыгме вайны

Вайна ва Украіне паказала, як мала суседзі ведаюць адзін пра аднаго — як беларусы пра Украіну, так і ўкраінцы пра Беларусь. І важным пытаннем з'яўляецца тое, як Беларусь і Украіна будуць выбудоўваць адносіны пасля вайны. І гэтыя адносіны напэўна не будуць бясхмарнымі.

2c5eb137a84086bdac3856096b5a555d_o_auto_x2.jpg

Ва Украіны ёсць, мякка кажучы, прэтэнзіі ў саўдзеле рэжыму Лукашэнкі ў вайне. А беларусы ўвесь час успамінаюць украінцам «самага папулярнага замежнага палітыка ва Украіне», якім цягам доўгага часу быў Лукашэнка.

Беларуская экспертная сетка «Наша меркаванне» ў партнёрстве з Саветам па знешняй палітыцы «Украінская прызма» пры падтрымцы Фонду ім. Фрыдрыха Эберта ў канцы 2022 года арганізавала экспертны дыялог у рамках закрытага семінара з чатырох тэматычных панэляў, падчас якога эксперты з дзвюх краін абмеркавалі такія надзённыя пытанні, як правы чалавека, грамадская думка, гандаль і ваенныя дзеянні.

Парадыгма вайны

Шчыра кажучы, вынікі гэтага дыялогу наводзяць на вельмі сумныя думкі. Безумоўна, у такіх сферах як «правы чалавека» і «грамадская думка» беларусы, у асноўным, выказвалі прэтэнзіі — гэта і дэпартацыя беларусаў з Украіны, і непадаўжэнне ім відаў на жыхарства — нават тым, хто паспяхова валанцёрыў і атрымліваў прызнанне ўкраінскіх уладаў.

У панэлі па правах чалавека, у асноўным, эксперты прапануюць крокі для ўладаў Украіны — у прыватнасці, зрабіць празрыстым і зразумелым міграцыйнае заканадаўства. Але туды нейкім чынам закраўся мі пункт: «Украіна па-ранейшаму чакае ад офіса Святланы Ціханоўскай і астатняй дэмакратычнай супольнасці выразных заяваў пра вайну, а таксама выразных прапаноў наконт шляхоў развязання палітычнага крызісу ў Беларусі».

Узнікае ўражанне, што ўкраінцы проста не хочуць чуць заявы Святланы Ціханоўскай. І гэта пры тым, калі тыя заявы гучаць ці не «з кожнага праса». Аж да таго, што паліттэхнолаг Віталь Шкляраў у кастрычніку мінулага года апублікаваў ва «Украінскай праўдзе» падборку тых самых «выразных заяваў пра вайну». Але нават у такім выглядзе — у выглядзе спісу і ў аўтарытэтным украінскім выданні — Святлана Ціханоўская, як аказалася, не была пачутая не тое што ўкраінскай уладай, а нават экспертамі.

Глядзіце таксама

У панэлі «грамадская думка» эксперты абмяркоўвалі, як можна палепшыць адносіны ўкраінцаў і беларусаў. Вядома ж, першым пунктам ідзе «спыніць вайну». Таксама эксперты рэкамендуюць украінскай уладзе пачаць дыялог з беларускай апазіцыяй (што добра), але пры гэтым канстатуюць поўную «адсутнасць цікавасці з боку ўкраінскіх уладаў».

Адзін з украінскіх экспертаў нават выказаў здагадку, што беларускаму дэмакратычнаму ўраду (маецца на ўвазе Аб’яднаны пераходны кабінет) «ствараць нацыянальную гвардыю дэмакратычнай Беларусі з мэтай запаўнення вакууму на выпадак абвальвання рэжыму». Таксама ўкраінскі эксперт сказаў, што калі Ціханоўская больш выразна (ізноў!) артыкулюе еўраатлантычную арыентацыю і анансуе стварэнне нацыянальнай гвардыі для пачатку трансфармацыі і падрыхтоўкі да выбараў, то ўкраінскі ўрад адкажа на многія пытанні станоўча.

Наконт выразнай артыкуляцыі — гэта, мабыць, да лагапедаў або да ЛОРу. Ціханоўская, як адзначалася вышэй, і так сказала больш, чым дастаткова — пытанне толькі ў жаданні яе пачуць. Што ж да «стварэння нацыянальнай гвардыі для пачатку трансфармацыі і падрыхтоўкі да выбараў» — вы сур'ёзна? Для падрыхтоўкі да выбараў трэба ствараць нацыянальную гвардыю?

Увогуле такія рэкамендацыі паказваюць, наколькі ўкраінскія эксперты захраслі цяпер у «пагадыгме вайны». На іх думку, без мілітарнай арганізацыі (хоць ужо ёсць полк Кастуся Каліноўскага, брыгада Сахашчыка і незразумелае пакуль «Паспалітае рушэнне») правесці выбары немагчыма. Дзіўна, як сама Украіна спраўлялася з выбарамі без падобных мілітарных утварэнняў?

І асобна адзначым, — гэта кажуць эксперты. Людзі, якія па вызначэнні павінны ведаць больш і разважаць больш разумна. Што ж тады пра Беларусь думаюць шараговыя ўкраінцы? Якая каша ў галовах у іх?

Каштоўнасці або realpolitik?

Ну і асобна варта згадаць эканамічныя адносіны. У 2021 годзе доля Украіны ў беларускім экспарце склала 13,4%, беларускія ўлады на экспарце ва Украіну зарабілі за год прыкладна 4,8 млрд долараў. Таму што супрацоўніцтва з Украінай да вайны служыла адным з магчымых шляхоў абыходу сектаральных санкцый у дачыненні да Беларусі — як у «нафтанцы», так і ў калійных угнаеннях.

Да гонару ўкраінскіх экспертаў, некаторыя з іх пачалі глядзець на беларуска-ўкраінскія эканамічныя адносіны глыбей — не з 2022 года, а з сапраўднага пачатку вайны ва Украіне, ад 2014-га. На іх думку, 2014 год паставіў пытанне «Мы будзем гандляваць эканамічна выгаднымі таварамі (масла, бітум, электраэнергія) або забяспечваць нацыянальную бяспеку?» На жаль, з 2014 і па 2022 гады перавага аддавалася танным энерганосьбітам.

«У выпадку магчымых палітычных пераменаў у Беларусі ўсе эксперты прагназуюць досыць хуткае аднаўленне адносін пасля заканчэння вайны» — гаворыцца ў выснове экспертаў. А калі ўлада ў Беларусі не зменіцца? Тады, як сказана ў рэзюмэ, «украінскія эксперты адмаўляюць магчымасць аднаўлення эканамічнага супрацоўніцтва з рэжымам Лукашэнкі, лічаць яго палітычна, эканамічна і тэхнічна немагчымым».

Ой ці? Бо нават нягледзячы на вайну беларускія тавары ўсё яшчэ трапляюць на тэрыторыю Украіны: ад пачатку вайны, паводле звестак украінскай мытні, аб'ёмы паставак з Беларусі ва Украіну склалі 344 млн долараў.

Не сакрэт, што пасля вайны Украіна будзе аднаўляцца. Гэты працэс будзе адносна доўгі, і ўжо канешне вельмі дарагі. Улічваючы прагматычную пазіцыю кіраўніцтва Украіны (нагадаем, яна нават не пасаромелася стаць хабам для абыходу сектаральных санкцый ЕС і ЗША ў 2021-м), ці не будзе зноў аддадзена перавага «танным энерганосьбітам»?

Да вайны Украіна вяла маштабныя антыдэмпінгавыя расследаванні ў дачыненні да беларускіх тавараў, добрую долю якіх складалі будматэрыялы. Напрыклад, газабетонныя блокі, якія будуць патрэбныя Украіне, і пажадана танней. Не кажучы ўжо пра ўгнаенні, нафтапрадукты і электраэнергію.

У 2021 годзе, калі пад санкцыі трапілі МАЗ і МТЗ, усе ўкраінцы радаваліся, што да іх прыедуць «добрыя і недарагія» беларускія аўтобусы і тралейбусы. Адзін толькі мэр Львова Садовы адмовіўся «купляць беларускае», каб не падтрымліваць дыктатарскі рэжым.

Ці шмат будзе ва Украіне Садовых пасля вайны?