Бацькі прасілі адпусціць сына — усіх траіх забралі на Акрэсціна. Далі 55 сутак на траіх
На Акрэсціна адправілі цэлую сям’ю Рудзёў — бацьку, маці і сына. Яны кіраваліся на станцыю метро «Спартыўная», калі пад'ехаў бусік.
Уладзіміра, Святлану і іх сына Андрэя затрымалі 23 студзеня
каля станцыі метро «Спартыўная», піша «Наша Ніва».
«Гэта было недзе ў 15:30. Яны ішлі ў метро, калі на дарозе
спыніўся бусік і адтуль выскачылі сілавікі. Яны пабеглі за братам і яшчэ адным
хлопцам у шапцы Дзеда Мароза. Брата затрымалі ў дварах. Бацькі падышлі, прасілі
адпусціць яго. Ім спачатку казалі сысці. А пасля прапанавалі праехаць у РУУС і
там усё вырашыць», — расказвае дачка Ганна.
З аддзялення нікога ўжо не выпусцілі.
У пратаколе сям'і напісалі, што яны пікетавалі на вуліцы
Бельскага. Бацьку Уладзіміру накінулі яшчэ і артыкул за «непадпарадкаванне» —
пабачылі, што раней яго ўжо затрымлівалі (у лістападзе пасля марша мужчына
адседзеў 15 сутак). Па версіі міліцыі, ён супраціўляўся затрыманню і садзіўся
на зямлю.
У панядзелак асудзілі сына і маці — суддзя Фрунзенскага
раёна Юлія Чыж далі ім па 15 сутак. Паседжанне па бацьку адклалі на аўторак.
Дачка цэлы дзень збірала відэа з камер назірання дома, дзе добра відаць, што бацька
паводзіў сябе спакойна. Суд двойчы рабіў перапынак, каб вывучыць запісы.
Што змянілася? Версія сведкі-міліцыянта: ён распавёў на
паседжанні, што Уладзімір сапраўды да буса прайшоў самастойна, але ўжо перад
дзвярыма нібыта пачаў упірацца. Суддзя Ала Скуратовіч пакарала мужчыну 25
суткамі.
Андрэю Рудзю 20, ён вучыцца на факультэце прыкладной
матэматыкі і інфарматыкі БДУ.
«Студэнты — любімая катэгорыя ў судах, таму я разумела, што без шанцаў. Думаю, брат таксама. Больш за ўсё перажывала за маці, якой 55 год — чаму б ёй не выпісаць хаця б штраф?» — засмучваецца дзяўчына.
Пасля суда яна ездзіла ў ЦІП перадаць лекі бацькам — яны сардэчнікі.