Актывістаў папярэджваюць пра прэвентыўныя арышты напярэдадні Чэмпіяната свету па хакеі

Праваабаронцы атрымліваюць звесткі аб тым, што напярэдадні Чэмпіянату свету па хакеі магчымы правакацыі з боку супрацоўнікаў міліцыі ў дачыненні да актывістаў грамадскіх рухаў і іх прэвентыўныя затрыманні. Гэта падцвердзіў і каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі, які нядаўна вызваліўся пасля 15-суткавага арышту.



maksim_viniarski.jpg

Максім Вінярскі

У прыватнасці ён паведаміў, што перад вызваленнем з ЦІПа супрацоўнік міліцыі прапанаваў яму часова з’ехаць са сталіцы. Маўляў, калі вы разумныя людзі, дык павінны зразумець, што ў вас ёсць два варыянты: альбо з’ехаць з краіны, альбо выехаць у вёску на пэўны час (маецца на ўвазе час правядзення Чэмпіянату свету па хакею). Бо “пытанне з вамі  ўсімі” будзе  абавязкова вырашана, папярэдзіў супрацоўнік ЦІПа.

У адказ на гэтае папярэджанне Вінярскі заявіў прааабаронцам, што ён не ўжывае наркотыкаў, не лаецца матам, не схільны да хуліганскіх учынкаў, і таму свой магчымы арышт просіць расцэньваць як прэвентыўную ізаляцыю з-за сваіх грамадска-палітычных перакананняў.

Максім Вінярскі таксама адзначае, што ў асяродку адміністратыўна арыштаваных актыўна праводзяцца дзеянні па накіраванні многіх з тых, хто патрапіў сюды па артыкулах 17. 1 (хуліганства) і 17.3 (знаходжанне ў нецвярозым стане ў грамадскім месцы) КаАП, у лячэбна-папраўчыя прафілакторыі. Пры гэтым заўважаецца пэўная  паспешлівасць: супрацоўнікі міліцыі нават не чакаюць этапаў, а па адным-двух пасля хуткіх судоў адвозяць “на лячэнне”.

Такім чынам улады рыхтуюцца ў Менску да татальнай зачысткі грамадства ад непажаданых элементаў, якія могуць нейкім чынам паўплываць на меркаванне аб Беларусі з боку шматлікіх замежных гасцей.

 
spring96.org