Адшукана магіла заходнебеларускага змагара за беларускія школы

Насупраць бібліятэкі з бюстам Леніна ў вёсцы Мяльканавічы Слонімскага раёна знаходзяцца мясцовыя могілкі. Памятаю яшчэ з савецкіх часоў, што дзесьці на гэтых могілках знаходзіцца магіла заходнебеларускага юнака Уладзіміра Бялько. Але знайсці магілу ніяк не ўдавалася. Нядаўна зноў наведаў вёску Мяльканавічы. Дарэчы, тут нарадзіўся не толькі Уладзімір Бялько, але і кандыдат філалагічных навук, пісьменнік, перакладчык Уладзімір Сакалоўскі. Тут прайшло маленства доктара гістарычных навук Васіля Мялешкі, тут нарадзіўся вядомы беларускі кампазітар, рэгент, педагог, музыкант Антон Валынчык. І даўно пара ў вёсцы паставіць мемарыяльны знак, памяці сваіх знакамітых аднавяскоўцаў. Але такога знака няма.

hist.jpeg

Цяпер вернемся ў вёску Мяльканавічы да Уладзіміра Бялько. Калі прыехаў у Мяльканавічы, адразу пачаў пытацца ў вяскоўцаў пра магілу іх знакамітага земляка. І, дзякуючы Уладзіміру Герасімчыку, мы разам пайшлі на могілкі. Ледзьве туды дабраліся. Палова могілак са свежымі магіламі ў добрым стане, а другая палова могілак, дзе знаходзяцца магілы тых вяскоўцаў, якія памерлі ў ХХ стагоддзі, выглядаюць жудасна. Яны зараслі травой, крапівой, кустамі і выглядаюць, як джунглі. Вясковец сам быў здзіўлены, калі ўбачыў, што ведаў, дзе магіла Валодзі Бялько, а цяпер яе не відаць. Дарэчы, на магіле юнака ў 1980-х гадах была пастаўлена невялікая стэла. На ёй, праўда, год смерці напісаны няправільна, бо юнак загінуў у 1933 годзе, а не ў 1932-м. Тым не менш, тады магіла беларускага юнака выглядала прыстойна.
Да адной магілы неяк дабраліся, потым да другой, трэцяй — але ні адна з іх не аказалася магілай мяльканавіцкага юнака. І ўсё ж праз пэўны час мы разам адшукалі магілу са стэлай Валодзі Бялько. Дзякаваць Богу, стэла аказалася цэлай і не пашкоджанай, а сама магіла поўнасцю зарасла пустазеллем і кустамі, надмагілле знішчана. Пытаюся ў вяскоўца, чаму так абышліся са знакамітым юнаком? Уладзімір Герасімчык прамаўчаў, а потым дадаў, што за гэта павінна адказваць сельскі Савет.

Дык хто ж такі Уладзімір Бялько? Валодзя Бялько пражыў толькі 22 гады. Нарадзіўся ён у 1911 годзе. Калі Заходняя Беларусь апынулася пад Польшчай, юнак скончыў у сваёй вёсцы польскую школу, потым вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі, але нядоўга. Вярнуўся ў родную вёску. Днём Валодзя з братамі займаўся сельскай гаспадаркай, а вечарамі праводзіў камсамольскую дзейнасць. Разам са сваімі равеснікамі з роднай і суседніх вёсак, Валодзя Бялько развешваў лістоўкі, патрабуючы адкрыцця школ на беларускай мове, арганізоўваў розныя культмасавыя мерапрыемствы. З сябрамі Піліпам Маркевічам і Антонам Бішкурэвічам выдаваў на беларускай мове газету «Піянер». Адбітыя на шапірографе колькасцю каля 100 асобнікаў, хлопцы перадавалі газету з рук у рукі. Трапляў «Піянер» і да паліцыі. Паліцэйскія шалелі ад злосці, днём і ноччу рыскалі па беларускіх вёсках, шукаючы рэдакцыю газеты. А яшчэ Валодзя Бялько пісаў вершы. Хлопца з Мяльканавіч двойчы арыштоўвалі і жудасна білі паліцыянты. Вясною 1933 года ў хату ўсунуліся паліцыянты з касцянёўскага пастарунка Бяжынскі і Сініцкі. Скінулі хворага хлопца з ложка і доўга білі нагамі. Гэты зверскі ўчынак быў апошнім звяном жудасці. Першага траўня смерць перамагла надломленае здароўе. Праз два дні Валодзю Бялько пахавалі на мяльканавіцкіх могілках.
Калі ў вёсцы Мяльканавічы існавала школа, то школьнікі захоўвалі памяць пра Валодзю Бялько. Яны разам з настаўнікамі даглядалі яго магілу, ускладвалі кветкі. У 1990-х гадах па рашэнню Слонімскага гарсавета вуліца Жданава ў Слоніме была перайменавана ў вуліцу Уладзіміра Бялько. Сёння памяць пра мяльканавіцкага юнака, які разам са сваімі равеснікамі змагаўся за родную мову, за адкрыццё беларускіх школ у тыя 1930-я гады, знікла. Хаця Валодзя заслугоўвае самай найвялікшай памяці не толькі ад сваіх вяскоўцаў, але і ад ўсіх слонімцаў. І за яго ўшанаванне, ці хаця б за доглядам магілы, павінны несці адказнасць і сельскі Савет, і Слонімскі райвыканкам, і, нарэшце, той самы БРСМ...
Паводле Радыё Рацыя