У Беларусі налічылі 205 тысяч фактычна непрацаўладкаваных. Гэта ў 25 разоў больш за афіцыйнае беспрацоўе
Фактычнае беспрацоўе ў першым паўгоддзі склала 4,1% ад колькасці працоўнай сілы, паведамляе Белстат. Беспрацоўнымі былі 205,3 тысячы чалавек. Такія лічбы дае разлік паводле метадалогіі Міжнароднай арганізацыі працы.
Афіцыйна зарэгістраванае беспрацоўе ў Беларусі прыкметна ніжэй за фактычнае. На 1 ліпеня на ўліку ў цэнтрах занятасці беспрацоўнымі былі 7,9 тысячы чалавек. Больш за ўсё афіцыйна непрацаўладкаваных было ў Брэсцкай вобласці — 1,5 тысячы, а менш за ўсё — у Мінску (739 чалавек). Гэта даныя Мінпрацы і камітэтаў па працы, занятасці і сацабароне, піша zerkalo.io.
Гэта азначае, што фактычна беспрацоўных прыкладна ў 25 разоў больш, чым афіцыйна зарэгістраваных у цэнтрах занятасці.
Сярод прычын, па якіх беларусы не рэгіструюцца ў цэнтрах занятасці, эксперты неаднаразова называлі нізкі памер дапамогі па беспрацоўі. Да прыкладу, у Мінску сярэдні памер такой дапамогі ў чэрвені склаў 29,17 рубля. У Мінпрацы неаднаразова анансавалі планы па падвышэнні гэтых выплат, аднак гэта па сёння не зроблена.
Большасць беспрацоўных, як удакладняюць у Белстаце, шукаюць працу самастойна, у тым ліку выкарыстоўваючы газеты, Інтэрнэт, сяброў, сваякоў і знаёмых. Амаль 20% непрацаўладкаваных звярталіся ў пошуках працы ў службу занятасці і агульнарэспубліканскі банк вакансій.
Жанчыны сярод беспрацоўных, паводле афіцыйнай статыстыкі, было 41%. Сярэдні ўзрост беспрацоўных — 38,9 года.