«Сумніўныя такія падставы для эканамічнага росквіту і фінансавай стабільнасці»

Аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі» заўважыў, што расійскі Цэнтрабанк падняў сваю ключавую стаўку. Гэта значыць, што будзе менш грошай для таго, каб купляць што-небудзь непатрэбнае. А хто стварае гэтае што-небудзь непатрэбнае?

zruble.jpg

Я вярнуўся і адразу з жартам. Першы энергаблок Беларускай атамнай станцыі ўключылі ў сетку пасля планава-папераджальнага рамонту. Якое цікавае ўсё ж такі жыццё ў першага энергаблока Беларускай АЭС. Трохі аднастайнае, але затое рэгулярнае.

Вось пажартаваў, а далей буду трошкі пра сумнае. Ну прабач.

Расійскі Цэнтрабанк у пятніцу павысіў сваю ключавую стаўку. Ты мяне, вядома, спытаеш: а нам з табой што з гэтага? А я табе растлумачу. Толькі не адразу.

Расійскі Цэнтрабанк чаму стаўку павышае? Таму што ў яго фінансавай стабільнасці няма. Калі б у яго фінансавая стабільнасць была, дык ён бы нічога і не падвышаў. Праўда, ён ужо шмат разоў падвышаў, а фінансавай стабільнасці гэта пакуль ні разу не дапамагло. Інфляцыя ў яго падвышаная, а фінансавай стабільнасці, якой сабе хацелася, як не было, так і няма.

А праблемы ўжо ёсць. Высокая стаўка — дарагія крэдыты. Дарагія крэдыты — менш грошай. Менш грошай... — менш грошай. На ўсякія празмернасці розныя. Ну, там, каб купляць сабе што-небудзь непатрэбнае. А беларускія ж улады вельмі спадзяваліся, што яны ў наступным годзе змогуць прадаць у Расію шмат усяго непатрэбнага. Таму што продаж у Расію непатрэбнага — краевугольны камень дзяржаўных планаў эканамічнага росквіту і фінансавай стабільнасці на наступны год.

А каб былі росквіт і стабільнасць у наступным годзе, у Расію трэба прадаваць яшчэ больш непатрэбнага, чым прадавалі ў гэтым. Таму што эканоміка сама сябе не выгадуе. Гэта значыць, яна, вядома, выгадуе, калі ёй строга так загадаць. Пажадана з добрым пракурорскім прыжмурваннем.

Але грошай жа ад гэтага больш не стане. Стане толькі менш. А каб грошай было больш, трэба каб было куды прадаваць усё, што эканоміка ў сябе выгадуе лішняга. А як ты прадасі, калі ў адзінага саюзніка няма лішніх грошай на беларускую стабільнасць? У яго і з уласнай стабільнасцю неяк не асабліва атрымліваецца.

А іншых такіх саюзнікаў, якім можна прадаць шмат усяго непатрэбнага, пакуль знайсці неяк не атрымліваецца. Хоць камусьці ў свае немаладыя ўжо гады давялося пайсці па свеце. Я маю на ўвазе, каб знайсці новых гандлёвых партнёраў і перспектыўныя рынкі збыту, а не тое, што ты сабе, можа, падумала.

Праўда, на тых рынках збыту, якія бліжэй, сяго-таго ведаюць. Таму яны, выходзіць, для яго ўжо не такія перспектыўныя. Дык нехта вырашыў пайсці куды далей. У сэнсе туды, дзе яго пакуль яшчэ не ведаюць. Тым больш што сяго-таго яшчэ ў дзяцінстве навучылі перспектыўнасці афрыканскага рынку збыту. Што на афрыканскім рынку збыту разумны чалавек можа ўзаемавыгадна абмяняць свае шкляныя каралі на золата, алмазы і рэдказямельныя металы.

І ты бачыш, што атрымліваецца? Што беларуская стабільнасць у наступным годзе залежыць, па-першае, ад здольнасці сяго-таго прадаваць шкляныя каралі малодшым афрыканскім братам, а па-другое, ад таго, колькі лішніх грошай будзе ў адзінага саюзніка. Сумніўныя такія падставы для эканамічнага росквіту і фінансавай стабільнасці.