У Расіі «адмяняюць» Акуніна: Кнігі здымаюць з продажу, у выдавецтвах ператрусы

У маскоўскае выдавецтва «Захараў», якое выпускае кнігі расійскага пісьменніка Барыса Акуніна (сапраўднае імя — Рыгор Чхарцішвілі), прыйшлі з ператрусам супрацоўнікі Следчага камітэта РФ. Пра гэта паведаміла само выдавецтва. Пазней у яго тэлеграм-канале з'явіўся такі пост: «Двое [сілавікоў] паехалі на склад выдавецтва. Склад зачынены. Сказалі, будуць ускрываць». У супрацоўнікаў выдавецтва адабралі мабільныя тэлефоны.

Фота: LETA

Фота: LETA

Ператрусы ў «Захараве» пачаліся на наступны дзень пасля таго, як пісьменніка ўключылі ў пералік «экстрэмістаў і тэрарыстаў». Неўзабаве Следчы камітэт паведаміў, што супраць Акуніна распачата крымінальная справа паводле артыкулаў пра «фэйкі» пра войска (207.3 КК РФ) і пра «публічнае апраўданне тэрарызму» (205.2 КК РФ). У СК не растлумачылі, у сувязі з чым менавіта распачалі справу, але заявілі, што плануюць абвясціць пісьменніка ў вышук. Акунін не жыве ў Расіі.

Дырэктарка выдавецтва «Захараў» Ірына Богат распавяла, што ў момант прыходу сілавікоў у офісе знаходзілася адна супрацоўніца. Яна звязала візіт супрацоўнікаў СК з тым, што выдавецтва не стала прыбіраць з продажу кнігі Акуніна.

«Відавочна, гэта звязана з тым, што мы адзіныя, хто не выключыў кнігі Акуніна з продажу, са свайго сайта і не зрабілі, як АСТ, заяву аб тым, што мы спыняем супрацоўніцтва з Рыгорам Шалвавічам Чхарцішвілі. Гэта, відавочна, наступствы вось такіх нашых паводзін», — сказала яна «Медыязоне».

Тэлеграм-канал «Shot» піша, што з памяшкання выдавецтва «цалкам забіраюцца» ўсе наклады кніг Акуніна, а кіраўніцтва і супрацоўнікаў правяраюць на наяўнасць якіх-небудзь сувязяў з пісьменнікам. Пацвярджэння гэтай інфармацыі няма. ТАСС са спасылкай на крыніцу ў праваахоўных органах паведаміў, што ў выдавецтва прыйшлі з ператрусамі ў рамках справы, узбуджанай супраць Акуніна.


Глядзіце таксама

У сваю чаргу адзін з найстарэйшых расійскіх літаратурных часопісаў «Новы свет» выдаліў са свайго сайта дзве п'есы Акуніна — «Чайка» і «Гамлет. Версія». На гэта звярнуў увагу пісьменнік Ігар Савельеў. У змесце нумароў гэтыя п'есы ёсць, але пры спробе перайсці па спасылках з'яўляецца надпіс, што «Такой старонкі на сайце больш не існуе». «Медыязона» адзначае, што, паводле сэрвісу Web.Archive, абодва творы былі даступны на сайце часопіса яшчэ як мінімум у верасні 2023 года. Старонка Акуніна ў спісе аўтараў часопіса таксама больш не адкрываецца.

На сайце выдавецтва «АСТ» (уваходзіць у найбуйнейшую ў Расіі выдавецкую групу «Эксма-АСТ») больш недаступны артыкулы пра Акуніна. Напрыклад, з сайта знік артыкул 2019 года «11 лепшых кніг Барыса Акуніна», але ён застаўся ў кэшы Google. Знікла і старонка з біяграфіяй Акуніна (яна яшчэ даступна ў кэшы Goolge).

Кнігі Акуніна пачалі здымаць з продажу яшчэ ў сярэдзіне снежня. 15 снежня выдавецтва «АСТ» абвясціла, што спыняе выпуск кніг Акуніна, а таксама Дзмітрыя Быкава. Такое рашэнне выдавецтва патлумачыла тым, што пісьменнікі зрабілі публічныя заявы, «якія выклікалі шырокі грамадскі рэзананс». У той жа дзень сетка кнігарняў «Чытай-горад-Букваед» і сэрвіс лічбавых кніг «Літрэс» прыпынілі продажы кніг Акуніна і Быкава. Акрамя таго, на сайце кнігарні «Масква» кніг Акуніна цяпер няма ў наяўнасці, на сайце маскоўскай кнігарні «Бібліі-Глобус» па прозвішчы «Акунін» кнігі не знаходзяцца.

«У выдавецтве «Захараў», якое выпускала «Прыгоды Эраста Фандорына», прыйшоў з ператрусам Следчы камітэт. Думаю, гэта толькі пачатак. Напэўна прыйдуць і ў іншыя выдавецтвы, якія выпускалі мае кнігі. У шматлікія тэатры, якія ставілі спектаклі. У кнігарні, якія прадавалі мае кнігі. У бібліятэкі. І, вядома, у студыі, якія здымалі кіно, таму што з усіх мастацтваў яно з'яўляецца найважнейшым. (Асабліва, калі следства дакапаецца, што адзін раз у ролі Фандорына зняўся Уладзімір Зяленскі)», — заявіў Барыс Акунін, каментуючы ператрусы ў выдавецтве.

Паводле «Медузы».