«Санкцыі робяць нас мацнейшымі», але перашкаджаюць інвестыцыям і будаўніцтву

На месцы даўно знесенага НВЦ «Белэскпа» і старога будынку 2-й бальніцы на вуліцы Багдановіча ў Мінску павінен быў паўстаць гасцінічны комплекс. Яго абяцалі ўвесці ў эксплуатацыю ў 2021 годзе, але будаўніцтва ідзе дагэтуль. Чаму?

Эскізны малюнак будучага комплексу. Фота прадстаўлена КУП «Мінская спадчына», інфаграфіка: Кацярына Марціновіч.

Эскізны малюнак будучага комплексу. Фота прадстаўлена КУП «Мінская спадчына», інфаграфіка: Кацярына Марціновіч.

У распараджэнне BELPOL трапіў цікавы дакумент, які чарговым разам дэманструе факт таго, што Лукашэнка і ягоныя чыноўнікі, мякка кажучы, перабольшваюць, калі кажуць, што «санкцыі не працуюць», «ад санкцый наша эканоміка толькі ўзмацняецца», «імпартазамяшчэнне наша ўсё» і гэтак далей.

У жніўні 2015 года Лукашэнка выдаў указ № 348-дсп (для службовага карыстання — НЧ.) «Аб будаўніцтве шматфункцыянальнага гатэльнага комплексу ў г. Мінску». Паводле яго палажэнняў, кампаніі з ААЭ: інвестар — «Капаонік Праперці Інвестмент Элелсі» і заказчык — ТАА «КПІ Дэвелапмент» павінны былі ўзвесці 5-зорны гасцінічны комплекс у г. Мінску ў межах вуліц М.Багдановіча — Я.Купалы — р.Свіслач.

Аднак да цяперашняга часу будаўніцтва аб'екта не завершана.

На бягучы перыяд часу ажыццёўлена рэканструкцыя гістарычных будынкаў, у якіх адкрыты буцік апарт гатэль «Тhe Basilian Minsk, Curio Collection by Hilton» пад кіраваннем аператара «Хілтан», узведзены пешаходны мост праз Свіслач. Гэта з'яўляецца другой і трэцяй чэргамі будаўніцтва. А вось работы па першай чарзе праекта — асноўнай 5-зорнай гасцініцы яшчэ вядуцца.

Несвоечасовую рэалізацыю праекта інвестар тлумачыць:

  • негатыўным уплывам санкцыйнага ціску на Рэспубліку Беларусь у 2022-2023 гадах з боку «недружалюбных дзяржаў» у частцы абмежаванняў (забароны) увозу ў Беларусь матэрыялаў і абсталявання, што пацягнула павелічэнне тэрмінаў іх вытворчасці і дастаўкі;
  • неабходнасцю інвестара, заказчыка і генеральнага падрадчыка вымушана рэструктураваць фінансаванне і ўсе разлікі па праекце з долараў ЗША на еўра, а таксама шукаць альтэрнатыўныя варыянты аплаты замежным пастаўшчыкам у сувязі са спыненнем правядзення плацяжоў у доларах ЗША, а таксама адмовай шэрагу замежных банкаў працаваць з Рэспублікай Беларусь.

У сувязі з гэтым плануецца новая рэдакцыя ўказа Лукашэнкі па падаўжэнні тэрмінаў рэалізацыі праекта — да канца 2024 года.

Глядзіце таксама

Варта зазначыць, што 26 красавіка 2024 года ў адміністрацыі Цэнтральнага раёна горада праінфармавалі, што будаўніцтва плануецца завяршыць у другім паўгоддзі гэтага года. Пра гэта ішла размова на сустрэчы намесніка кіраўніка адміністрацыі Сяргея Утліка з прадстаўнікамі забудоўшчыка, падрадчыка і праекціроўшчыка.

«На сустрэчы былі выслуханыя даклады, прапановы, скаардынаваны далейшыя дзеянні прадстаўнікоў кампаніі-забудоўшчыка, кампаніі-субпадрадчыка і праектнай арганізацыі для хутчэйшага завяршэння будаўніцтва», — заявілі ў адміністрацыі, запэўніўшы, што працы вядуцца добрымі тэмпамі.

Паводле BELPOL, Reform.news