Ці ператворыцца крэдытны бум сярод беларусаў у крэдытную пятлю?
Згодна са статыстыкай Нацбанка, насельніцтва Беларусі вінна банкам вялікія сумы.
Толькі з пачатку года аб'ём спажывецкіх крэдытаў, выдадзеных насельніцтву, павялічыўся на 1 млрд рублёў. У цэлым жа агульная запазычанасць насельніцтва па гэтаму віду крэдытавання на пачатак снежня склала 2,7 млрд рублёў.
З чым звязаная такая крэдытная актыўнасць беларусаў?
Муха: Рост можа быць звязаны як са стагнацыяй зарплаты, так і з паляпшэннем эканамічных чаканняў насельніцтва
Фінансавы аналітык даследчай групы BusinessForecast.by Аляксандр Муха лічыць, што такая тэндэнцыя абумоўлена спалучэннем некалькіх фактараў.
— Па-першае, крэдыты сталі танней: працэнтныя стаўкі знізіліся — адпаведна для насельніцтва сталі больш даступнымі, — адзначае эксперт.
Па-другое, рэальныя грашовыя даходы насельніцтва «стагнуюць з улікам гадавых тэмпаў інфляцыі».
— У гэтай сітуацыі лагічна, што людзі выкарыстоўваюць крэдыты для здзяйснення пакупак, — тлумачыць аналітык.
Трэцяя прычына, якая можа тлумачыць крэдытны бум у Беларусі, звязаная з тым, што «для асобных груп пазычальнікаў такія паводзіны звязаныя з паляпшэннем эканамічных чаканняў: паскарэння эканамічнага росту і падвышэння заробкаў».
Таксама адной з важкіх прычын можа быць распаўсюджванне ў Беларусі так званых карт растэрміноўкі, якія дазваляюць карыстацца грашыма банкаў для аплаты паўсядзённых пакупак.
— Гэтыя крэдыты таксама ўлічваюцца ў статыстыцы Нацбанка. Сапраўды, многія беларусы адкрылі для сябе гэтую магчымасць браць грошы ў карыстанне пад сімвалічны працэнт. Усё гэта ў сукупнасці і стварае такі вялікі рост спажывецкіх крэдытаў, — упэўнены Аляксандр Муха.
Тарасаў: Ёсць рызыкі паслаблення курсу рубля, а таксама росту неплацяжоў па крэдытах
Фінансавы эксперт Уладзімір Тарасаў лічыць, што Беларусь перажывае толькі пачатак крэдытнага буму. Ці будзе ён працягвацца, пакуль невядома — аднак гэты фактар ужо ўскосна ўплывае на тэмпы росту беларускай эканомікі.
— Я думаю, што значная частка росту ВУП звязана якраз з гэтымі крэдытнымі рэсурсамі, якімі насельніцтва кампенсуе зніжэнне сваіх даходаў, — заўважае суразмоўца.
На думку эксперта, гэта стварае пэўны ўнутраны попыт, які дазваляе эканоміцы забяспечыць эканамічны рост:
— Калі казаць пра рызыкі, то ў будучыні, калі такая тэндэнцыя захаваецца, магчымая рызыка перагрэву эканомікі, калі крэдытаў будзе занадта шмат, а ВУП будзе разганяцца вельмі хутка. Усё гэта можа прывесці да паслаблення курсу беларускага рубля.
Таксама адначасова з ростам аб'ёму выдадзеных спажывецкіх крэдытаў можа павялічыцца верагоднасць неплацяжоў, калі людзі не змогуць абслугоўваць узятыя крэдыты.
— Калі эканоміка раптам ляжа, а пазітыўныя прагнозы не апраўдаюцца, то ў многіх людзей пачнуцца праблемы з выплатай крэдытаў, — падкрэслівае Уладзімір Тарасаў.
Паводле zautra.by