Аляксандр Фрыдман: Лукашэнка ў Афрыцы робіць бізнес сям’і, а не краіны

Зімбабвэ і Экватарыяльнай Гвінеі замала, каб паказаць свае афрыканскія «поспехі», трэба знайсці яшчэ каго-небудзь. І Лукашэнка робіць чарговы заход над Афрыкай. Які ўжо раз?

Фота з sb.by

Фота з sb.by

Беларускі кіраўнік 27 лістапада правёў маштабную нараду па знешняй палітыцы з удзелам усіх уладных вярхоў. Ён зноў актуалізаваў афрыканскі вектар: «На саміце па клімаце, які адбудзецца бліжэйшым часе ў Дубаі, сустрэнуся з прэзідэнтамі асобных афрыканскіх дзяржаў і дамоўлюся з імі пра перамовы і пры неабходнасці  візіты ў афрыканскія краіны».

Як усё проста выглядае ў ягоным выканані: прыехаў, перагаварыў, дамовіўся.

З некаторымі краінамі, якія Лукашэнка залічвае да «далёкай дугі», «мы маем харошыя адносіны. Гандлёва-эканамічныя найперш. Гэта перш за ўсё Зімбабвэ. І праз Зімбабвэ — з іншымі суседнімі дзяржавамі».

Па словах Лукашэнкі, ён дамовіўся з прэзідэнтам Зімбабвэ Эмерсанам Мнангагвай«падключыць Мазамбік»: «Яны вельмі прасілі, яны зацікаўлены ў тым, каб мы паўтарылі вопыт Зімбабвэ ў Мазамбіку».

І ў Экватарыяльнай Гвінеі «нас чакаюць». «Паколькі ў Эміратах я буду весці дыялог з кіраўнікамі гэтых дзяржаў, адпаведна, закрану ўсе пытанні, якія датычацца Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў».

З ягоных слоў, Беларусь катаецца на афрыканскім кантыненце як сыр у масле. А вось з Кітаем праблемы: «Многа пытанняў, якія ўрад мусіў разруліць, калі можна так сказаць, у адносінах з Кітайскай Народнай Рэспублікай. Што планавалі, што зрабілі, што не зрабілі?» — запытаўся Лукашэнка. Адказу ягоны сайт не дае.

Лукашэнка публічна робіць стаўку на «далёкую дугу», асаблівую ролю ў якой займаюць краіны Афрыкі. Але што атрымліваецца ў сухім астатку, і што не так з планамі беларускага правіцеля? Пагаварылі з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.

— Канешне, пэўныя дывідэнды афрыканскі кірунак прыносіць, асабліва набліжанаму да Лукашэнкі бізнесу. Іншае пытанне: якая частка афрыканскага прыбытку ідзе ў агульную эканоміку? Уклад у беларускую эканоміку мізэрны. 

Лукашэнку ў Зімбабвэ спадабалася: яго ўспрымалі як героя, яму прыемна было трапіць туды. Але ўсё, што мы чуем пра Зімбабвэ, аднабаковая гісторыя: туды ідуць пастаўкі розных тавараў — Зімбабвэ расплачваецца. А што наконт допуску беларускага боку да зімбабвійскіх рэсурсаў, то нічога асабліва не чуваць. Таму такія стасункі сур’ёзна не ўплываюць на беларускую эканоміку. А для Зімбабвэ і існуючага рэжыму такое супрацоўніцтва нешта дае. 

Глядзіце таксама

Пра Экватарыяльную Гвінею пакуль чуваць толькі дэкларацыі. Краіна неўплывовая, з вельмі праблематычным рэжымам. І Зімбабвэ, і Экватарыяльная Гвінея — ніякія не флагманы афрыканскага кантынента, а бедныя краіны, якія знаходзяцца ў досыць цяжкім эканамічным становішчы.

Размовы пра супрацоўніцтва з Мазамбікам выглядаюць увогуле дзіўнавата. Ужо з год Лукашэнка, як мантру, паўтарае, што праз Зімбабвэ з ім жадае супрацоўнічаць Мазамбік. Калі ёсць такая прага да супрацоўніцтва, то чаму ў Беларусь не прыязджаюць дэлегацыі з Мазамбіка, а туды не лётаюць беларускія дэлегацыі? Чаму Алейнік лётаў у Экватарыяльную Гвінею, а ў Мазамбік — не? 

Відавочна, Лукашэнка лічыць, што Зімбабвэ і Экватарыяльнай Гвінеі замала, каб паказаць свае афрыканскія «поспехі», трэба знайсці яшчэ каго-небудзь. І нават калі нейкія сувязі ўсё ж узнікнуць, то значэнне гэтых краін для Беларусі нельга перабольшваць. Тым больш, як падкрэсліў на нарадзе сам Лукашэнка, сёння стасункі развіваюцца ў адным напрамку: Беларусь пастаўляе туды прамысловую прадукцыю, а гэтыя краіны нешта плацяць. 

Але Лукашэнку больш за ўсё цікавіць доступ да мясцовых рэсурсаў. Аднак прайшоў той час, калі афрыканскія краіны проста перадавалі кантроль над сваімі рэсурсамі, тут яны паводзяць сябе вельмі асцярожна. Апроч таго, усе гэтыя пастаўкі абсалютна непразрыстыя: мы не ведаем, колькі і за што яны плацяць, і хто на гэтым зарабляе.

Гэта спроба Лукашэнкі паказаць «шмавектарнасць» сваёй знешняй палітыкі. 

Лукашэнку запрашаюць у краіны Афрыкі, але лётаць туды яму ўжо досыць цяжка. Мы ж бачылі Лукашэнку ў Зімбабвэ, бачылі, як цяжка яму даваўся мясцовы клімат. Колькі разоў ён біў сябе ў грудзі і казаў, што паедзе ў Экватарыяльную Гвінею, але нікуды так і не паехаў, ніякіх візітаў не запланавана. Вось ён думае, што ўдасца з афрыканскімі лідарамі сустрэцца ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах падчас кліматычнага саміту — можа, больш нікуды і не давядзецца лётаць. 

Увогуле нарада з вышэйшым кіраўніцтвам праходзіла досыць цікава. Як кіраўніку краіны, яму варта было б паказаць сваю зацікаўленасць у міжнародных візітах, паказаць, што ён праводзіць паўнацэнную міжнародную палітыку. Але на нарадзе ён меў досыць стомлены выгляд: калі давядзецца ехаць у Афрыку, ну што ж, трэба значыць трэба. Не гарыць ён наведаць з візітам і Турцыю: паехаць паеду, але спачатку папрацуйце, каб не з пустымі рукамі ехаць. Колькі часу ідзе гаворка пра візіт у тую Турцыю!

Асаблівага жадання выпраўляцца ў міжнародныя паездкі, асабліва далёкія, у яго няма, раней ён гэта рабіў больш ахвотна. 

— Чаму Лукашэнка так учапіўся — «пасінелымі пальцамі» — за Афрыку?

— Ён працуе з дыктатарскімі рэжымамі, усе справы вядуцца вельмі непразрыста. Там жахлівая карупцыя, але можна зарабіць ва ўласную кішэню: гэта, хутчэй, пытанне ўжо да Шэймана і Зінгмана, якія займаюцца вельмі актыўным і вельмі часта — непрыгожым — бізнесам. Канкрэтныя асобы, канкрэтныя фірмы там могуць вельмі добра зарабіць. Але для краіны такое супрацоўніцтва не мае вялікага значэння.

Раней, калі актыўна развівалася супрацоўніцтва беларускага рэжыму з Венесуэлай, то ў Мінску вельмі ахвотна прымалі студэнтаў з гэтай краіны. А з названымі афрыканскімі краінамі ўвогуле няма нічога падобнага. Калі ў Мінск прылятаў Абяінг, то казаў, што ў Экватарыяльнай Гвінеі збіраюцца навучаць інжынераў, медыкаў, ваенных спецыялістаў. А дзе яны ўсе?

Глядзіце таксама

— То-бок гаворка ідзе пра бізнес-інтарэсы сям’і, а не краіны?

— Пераважна так. Лукашэнка не той чалавек, якому цікава пазнаёміцца з афрыканскай культурай. Ён жа не вельмі ўтульна пачуваўся ў Зімбабвэ, у мяне склалася такое ўражанне. А ўсе размовы пра дапамогу тэхналогіямі, прадукцыяй і ўсім астатнім — гэтым ён капіруе Пуціна: маўляў, мы не неакаланізатары, мы жадаем прынесці дабро. Гэта ў выкананні Пуціна выглядае ненатуральна, а з вуснаў Лукашэнкі гучыць тым больш. 

— Значыць, пераарыентацыя на «дальнюю дугу» па вялікім рахунку дасягнула столі?

— Не скажу, што так. Гэта вымушаная пераарыентацыя: беларускі рэжым шукае новыя рынкі, новыя магчымасці. Але справа ў тым, што афрыканскія магчымасці вельмі абмежаваныя.

Відаць, Лукашэнка спадзяваўся, што зможа пайсці ў расійскім фарватары і ўрваць частку расійскага пірага. Гэта Расія робіць экспансію ў Афрыцы. Але, падобна, трэба дабівацца ўсяго ўласнымі намаганнямі. Але што можа зрабіць невялікая краіна, як Беларусь, з абмежаванымі рэсурсамі — ці можа яна праводзіць сур’ёзную палітыку на афрыканскім кантыненце?

Яна можа працаваць кропкава. Мінск ужо выкарыстаў абмежаваныя магчымасці, але імкнецца паказаць, што ў Афрыцы адбываецца незвычайны прарыў.

Глядзіце таксама