Слова пра Уладзіміра Хлябцэвіча
На пахаванне гэтага юнака сабралася каля 20 тысяч чалавек, яго імем названа адна з вуліц расійскага горада Сызрань, а яго надмагільны камень даўно патрабуе аднаўлення. У Беларусі пра Уладзіміра Хлябцэвіча амаль нічога не вядома.
У беларускага гісторыка, педагога і праваслаўнага святара Івана Хлябцэвіча (1857–1919) выхоўвалася шасцёра дзяцей. Але найбольш здольнымі раслі два сыны — Яўген і Уладзімір.
Яўген Хлябцэвіч быў старэйшы за брата на 10 гадоў. У свой час ён скончыў духоўную семінарыю ў Вільні і Пецярбургскі ўніверсітэт. Прымаў актыўны ўдзел у літаратурна-грамадскім руху ў Пецярбурзе, займаўся бібліятэказнаўствам, перакладамі з беларускай мовы на рускую, абараніў кандыдацкую дысертацыю, быў знаёмы і сябраваў са многімі беларускімі дзеячамі, у тым ліку з Янкам Купалам, Якубам Коласам, Цёткай.
Пра Яўгена Хлябцэвіча я шмат разоў пісаў у сваіх кнігах. Жыццё і яго творчасць даследаваў таксама літаратуразнавец і архівіст Віталь Скалабан (1947–2011). А вось пра яго малодшага брата Уладзіміра Хлябцэвіча (1894–1917) публікацый і даследаванняў у друку амаль не было. За выключэннем невялікіх згадак. Але, першы чым пра яго сёння распавесці, хачу пару слоў сказаць пра бацьку Яўгена і Уладзіміра Хлябцэвічаў (нарадзіліся ў Жыровічах Слонімскага павета) Івана Андрэевіча.
Родам Іван Хлябцэвіч (1857–1919) быў з Ваўкавышчыны. Скончыў праваслаўную Літоўскую духоўную семінарыю ў Вільні, вучыўся ў Пецярбургскай духоўнай акадэміі. Выкладаў у Жыровіцкім духоўным вучылішчы арыфметыку і геаграфію. Але галоўным яго клопатам і заняткам была слынная бібліятэка Жыровіцкага Свята-Успенскага мужчынскага манастыра. Там зберагаліся рукапісныя беларускія кнігі з адмысловымі ілюстрацыямі і летапісы ў скураных пераплётах і старадрукі. Іван Хлябцэвіч упарадкаваў старажытныя рукапісы, ён склаў падрабязны каталог, упарадкаваў і сам ашчадна захоўваў гэтыя скарбы. Хлябцэвіч-старэйшы вельмі цікавіўся і гісторыяй Беларусі, меў і літаратурны талент. У Віленскіх часопісах ён публікаваў артыкулы на рэлігійныя і гістарычныя тэмы.
У 1897 годзе Іван Хлябцэвіч з сям’ёй пераехаў у вёску Кленікі Бельскага павета (Беласточчына), дзе служыў свяшчэннікам. У Кленіках Хлябцэвічы пражылі 18 гадоў — да пачатку Першай сусветнай вайны, адкуль іх потым выгналі ў бежанства ў расійскі горад Сызрань. Дамоў Хлябцэвічы з Расіі ўжо ніколі не вярнуліся.
Жывучы Кленіках, Іван Хлябцэвіч арганізаваў некалькі беларускіх пачатковых школ, спажывецкае таварыства, быў загадчыкам бясплатнай народнай бібліятэкі, наладзіў самыя шчырыя сяброўскія адносіны з мясцовымі сялянамі. Побач з адукаваным бацькам і прайшло маленства і юнацтва самага малодшага сына Уладзіміра. Ды й Яўген часта прыязджаў на розныя вакацыі дамоў у Кленікі.
Валодзя спачатку вучыўся дома, а пасля ў гімназіі. У 1913 годзе ён скончыў гімназію, а яго брат Яўген — Пецярбургскі ўніверсітэт. І Яўген параіў брату паступаць у гэты ўніверсітэт. І Валодзя паступіў на фізіка-матэматычны факультэт. Там ва ўніверсітэце Яўген Хлябцэвіч знаёміць Валодзю з Браніславам Ігнатавічам Эпімах-Шыпілам. Першая сустрэча адбылася каля ўваходу ва ўніверсітэцкую бібліятэку, дзе Браніслаў Эпімах-Шыпіла выпісваў студэнтам чытацкія білеты. Але мала хто тады ведаў, што Браніслаў Іванавіч быў апекуном маладога Янкі Купалы, арганізатарам выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша аконца», кіраўніком студэнцкага беларускага гуртка.
Прафесар Эпімах-Шыпіла дапамагаў беларусам-студэнтам выбраць свой шлях — свой правільны шлях — і абуджаў гэтых студэнтаў як беларусаў. Гэта былі незабыўныя сустрэчы і падзеі. З лёгкай рукі Браніслава Эпімах-Шыпілы Уладзімір Хлябцэвіч напісаў этнаграфічны нарыс пра сваю вёску Кленікі. Дарэчы, гэты нарыс на рускай мове друкаваўся ў выданні «Białoruskie zeszyty historyczne» (1995, № 2(4). Ён так і называўся «Село Кленики перед беженством — во время мировой войны». А напісаўся ён аўтарам 17 верасня 1915 года.
Гэты нарыс некалі брат Валодзі Яўген Хлябцэвіч перапісаў сваёй рукой. Дзякуючы таму ён захаваўся да нашых дзён. І зберагаецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь.
25 верасня 1915 года, пасля таго, як разам з маці і бацькам Уладзімір Хлябцэвіч падаўся з Кленікаў у бежанства, ён роднаму брату Яўгену пісаў: «Усе вёскі гарэлі пры непрысутнасці нашых людзей. Кнігі (10 скрыняў) закапаны ў вельмі надзейным месцы. Там тваё ўсё. Закапвалі я і Маліш. Твае рукапісы пра беларускіх пісьменнікаў і лісты іх тожа былі схаваныя там, у скрынях. Я ведаю дзе…» («Часопіс Białoruskie zeszyty historyczne», 1995, № 2(4). С. 135).
Гэтыя скрыні ў вёсцы Кленікі на Беласточчыне шмат гадоў шукала настаўніца беларускай мовы і літаратуры мясцовай школы Марыя Базылюк (Марыйка — як яе ласкава называлі вяскоўцы і беларускія літаратары ў Польшчы). У гэтых скрынях захоўваецца невядомы літаратурны скарб Хлябцэвічаў. І Марыя Базылюк яго шукала, а таксама сама даследавала творчасць брата Уладзіміра Хлябцэвіча Яўгена. Яна нават напісала, калі была студэнткай, магістарскую дысертацыю на тэму «Жыццё і дзейнасць Яўгена Хлябцэвіча на фоне перыяду «Нашай нівы», якая была апублікавана ў кнізе яе памяці «Марылька» (Беласток, 2011).
Але так склаўся лёс, што гэтыя скрыні Марыі Базылюк знайсці не ўдалося. Яе зламала хвароба ў 1996 годзе ва ўзросце 38 гадоў. Цікава, якія рукапісы Яўгена Хлябцэвіча ляжаць у тых скрынях? Пісьмы якіх пісьменнікаў захоўвае гэты скарб на Беласточчыне? Можа, там лісты ад Янкі Купалы, Цёткі, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Максіма Горкага? Ён шчыра з імі сябраваў, сустракаўся, перапісваўся. Цяпер цяжка сказаць, хто той скарб адшукае. І ці адшукаецца ён наогул. Усё ж прайшло з таго часу больш за 100 гадоў.
Хлябцэвічы апынуліся аж у расійскім горадзе Сызрань. У пачатку студзеня 1917 года Уладзімір прыехаў да бацькоў на калядныя вакацыі. А 15 студзеня зноў паехаў на вучобу ў Петраград (Пецярбург). Ды і вучыўся ўжо на 4 курсе.
У Расіі ў гэты час пачынаецца Лютаўская рэвалюцыя. Не стаяў убаку ад яе і Уладзімір. На Васільеўскім востраве ў Петраградзе яшчэ грымелі стрэлы. Туды на разведку быў накіраваны Уладзімір Хлябцэвіч, які дзяжурыў у Таўрычаскім палацы. Але хутка іх аўтамабіль трапіў пад абстрэл. Першай была паранена сястра міласэрнасці Алена Шуп. Хлябцэвіч хацеў ёй дапамагчы. Але кулямётная чарга смяротна параніла юнака.
Цела Уладзіміра адвезлі да бацькоў у Сызрань. Яго пахавалі 19 сакавіка 1917 года ў «гарадскім садзе на Сімбірскай вуліцы» (цяпер Кузнецкі мост). На пахавенне прыйшлі каля 20 тысяч чалавек.
Пазней у Сызрані назавуць адну з вуліц імем Уладзіміра Хлябцэвіча, якая існуе і сёння. А на яго магіле ляжыць мемарыяльная пліта, якая даўно патрабуе аднаўлення.
Смерць малодшага сына Валодзі бацька Іван Андрэевіч Хлябцэвіч моцна перажываў. Ён пераехаў з горада ў вёску Абшараўка Самарскага павета Самарскай губерні Расіі. Стаў моцна хварэць. Але вёў вялікую перапіску з сябрамі і з землякамі-бежанцамі. Ён напісаў на рускай мове невялікую кніжачку (47 старонак) «Краткий биографический очерк студента В.И.Хлебцевича» і выдаў у Сызраньскай друкарні Журкіна пры фінансавай дапамозе свайго сябра Аляксея Ерамасава.
Іван Андрэевіч Хлябцэвіч пасля смерці сына Валодзі пражыў толькі два гады і памёр 25 ліпеня 1919 года ў Абшараўцы, дзе і пахаваны.
У Расійскім Дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва ў Маскве (ф.539 і ф.1563) захоўваецца шмат дакументаў, звязаных і жыццём і дзейнасцю Уладзіміра Хлябцэвіча. Гэта найперш лісты Уладзіміра да сваіх бацькоў, братоў і сёстраў, невядомай спадарыні Вользе, лісты сваякоў Уладзіміра Хлябцэвіча невядомай асобе са зваротам «Верачка» ў сувязі са смерцю Уладзіміра, развітальны ліст бацькі Івана Андрэевіча, ліст Алены Шуп (сястра міласэрнасці) Івану Андрэевічу Хлябцэвічу пра апошнія хвіліны жыцця Уладзіміра і іншыя.
Ёсць у фондах і артыкулы, вершы Уладзіміра Хлябцэвіча. Захоўваюцца і тэлеграмы сваякоў і студэнтаў Петраградскага ўніверсітэта сям’і Уладзіміра Хлябцэвіча з паведамленнем пра яго смерць і са спачуваннямі. Ёсць у фондах архіва і ўспаміны Светавастокава пра Уладзіміра, артыкулы пра яго, выразкі з газет і малюнкі, бо Валодзя быў яшчэ добрым мастаком-партрэтыстам. На вялікі жаль, нікога пакуль з беларусаў гэтыя дакументы пра Уладзіміра Хлябцэвіча не зацікавілі. Ды калі і хто іх даследуе?.. На гэта пытанне сёння цяжка адказаць.