Марына Адамовіч: Перамагае той, хто верыць у перамогу

Амаль заўсёды Марыну Адамовіч прэзентуюць як жонку палітыка Мікалая Статкевіча. Але кожная «жонка палітыка» — гэта перш за ўсё жывы чалавек, асоба. І ў гэтым інтэрв'ю Марына Адамовіч расказвае пра сябе, свой жыццёвы шлях, свае перакананні і, канешне, пра Мікалая.

imgl7470_logo.jpg

Марына Адамовіч. Тут і далей фота «НЧ»

— Раскажыце, дзе вы нарадзіліся? Адкуль вы?

— Я з Вілейшчыны. Радзіна майго бацькі — старая вілейская сям’я, яны стагоддзямі жывуць там, сямейны куточак на могілках дастаткова стары. Там я і нарадзілася.

Мама мая родам з усходняй Беларусі, з Аршаншчыны, і той падзел, які існаваў да 1939 года, іншым разам у жартоўных перапалках адчуваўся ў нашай сям’і. Усход і Захад вельмі розныя (усміхаецца). Напрыклад, у сям’і майго бацькі пісаліся карціны, былі музычныя інструменты, бібліятэка, а мая мама, прытым што ў сям’і адукацыю дзеці атрымлівалі яшчэ да рэвалюцыі, першы кветнік у сваім жыцці ўбачыла, калі немцы занялі іх хату і ў гэтай хаце пасяліўся камендант. Гэтак жа, як і першую прыбіральню — да таго ўвогуле яе не было. Сям’я цікавая, вельмі мешаная, яркая і складаная.

— Якім было ваша дзяцінства?

— Цудоўным. Маё дзяцінства было цудоўным, светлым, вельмі вольным, самастойным. Шмат цеплыні, радасці, сонца. Хаця мае бацькі ніколі з намі не сюсюкалі. Яны цяжка працавалі ўсё жыццё, абодва з няпоўных пасляваенных сем’яў, сіроты, прабівалі сабе дарогу ў жыцці вельмі цяжка, але я ніколі, ні адной хвіліны не сумнявалася, што нас любяць і пра нас клапоцяцца.

Было нават такое, што я, каб проста пабачыць тату, уночы паўзла ў яго машыну і клалася там спаць — каб з ім дзень паездзіць, пабыць побач. Але любы рэдкі выхадны дзень бацькі былі з намі. Вакол заўсёды гуртавалася велізарная колькасць людзей, бацькі былі цэнтрам прыцягнення. А куды без нас, калі няма ні бабулі, ні дзядулі? Дакладней, у нас была адна бабуля, але яна жыла не з намі, дастаткова далёка — у Смілавічах.

У маім дзяцінстве тата працаваў дырэктарам саўгаса. Амаль да 10 маіх гадоў мы жылі ў вёсцы, і ў яго была сапраўды цяжкая праца — з 4-й раніцы да 12-й гадзіны ночы. Мы дзяжурылі на скрыжаванні перад «канторай», каб убачыць, што ён прыехаў.

Мама мяне ніколі не абдымала. Зараз гэта гучыць дзіка, напэўна, але я ўсё роўна заўсёды ведала, што яны нас вельмі любяць — што мама, што тата. І калі я зараз чытаю ці чую крыўды дарослых дзяцей на сваіх бацькоў, мне вельмі сумна.

— Кім вы хацелі стаць?

— Лётчыкам! Тата заўсёды ўзгадваў: «Лётчыкам і крышачку балерынай»(смяецца). Страху вышыні няма, а сябры мае ўвогуле лічаць, што ў мяне дрэнна з інстынктам самазахавання. Праўда, з гадамі ён пачаў праяўляцца.

Я стала ўрачом і юрыстам, нейкі час свайго жыцця шчыльна займалася кнігавыдавецкай справай, спрычынілася да заснавання «Беларускага кнігазбору», пра што магу сказаць з вялікім гонарам: у 1995 годзе, калі ўсё пачыналася, нас было трое.

imgl7456_logo.jpg

— Тое рэдкае, што можна вычапіць паміж радкоў у інтэрв’ю пра Мікалая — вы пазнаёміліся ў «Саюзе пісьменнікаў». Як вы туды трапілі?

— Ведаеце, гэта быў такі час, калі людзі гуртаваліся, знаходзілі адно аднаго і месцы, дзе гуртавацца. Да 1994 года, нягледзячы на любыя цяжкасці, мы верылі ў тое, што Беларусь чакае добрая, светлая і прамая дарога — свабода і дэмакратыя. Верылі, што Беларусь у хуткім часе пераадолее цяжкасці і стане той краінай, пра якую мы да сёння, на жаль, марым.

Тады моладзь гуртавалася ў розных месцах. Нашай кропкай быў «Саюз пісьменнікаў», таму што там былі сябры.

Насамрэч, кожны чалавек у нейкі момант пачынае сябе ідэнтыфікаваць з нейкай супольнасцю. Хто, як і да чаго прыходзіць — гэта асабісты шлях. Я вельмі ўдзячная сваёй настаўніцы беларускай мовы Анфісе Іванаўне Пыльчанка. Нам вельмі не шанцавала на настаўнікаў беларускай мовы: спачатку была цудоўная настаўніца Ганна Восіпаўна, якая памерла ад анкалогіі, і некалькі гадоў запар пасля гэта быў проста вынас мазгоў — нейкія студэнты-практыканты, якія і самі мову не ведалі, і не маглі нічога прапанаваць. Толькі дзесьці ў 9-м класе ў нас з’явілася сапраўдная Настаўніца, якая дала мне на пазашкольнае чытанне «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча. 

imgl7466_logo.jpg

Але да таго мая сустрэча з Караткевічам ужо адбылася, бо татаў сябар, які быў доктарам і лекаваў Караткевіча, прынёс нам пачытаць падоранае Уладзімірам Сямёнавічам першае выданне «Зямлі пад белымі крыламі», якое задумвалася і пісалася як хрэстаматыя, дапаможнік да школьнага курса гісторыі Беларусі. Я была зачараваная! Гэтую кніжку мы вярнулі, а праз пэўны час я знайшла яе ў «Букінісце», цяпер яна ў мяне ёсць. А «Каласы пад сярпом тваім», якія я прачытала вельмі своечасова, расставілі кропкі над «і» — і я сябе ўжо больш ні з кім і ні з чым, акрамя Беларусі, не ідэнтыфікавала.

Так што для мяне гэта было вельмі натуральна, каб былі і суверэнітэт Беларусі, і асобная дарога, і гісторыя — тое, чым захаплялася моладзь у 80-х гадах. Тады гуртаваліся ў першыя культурніцкія суполкі, такія, як «Майстроўня», «Талака», да якіх я як інтраверт не далучалася, але заўжды падтрымлівала і ўдзельнічала ў імпрэзах.

— Цікава, што гэта гісторыя пра «Каласы...», бо часцей, калі расказваюць пра Караткевіча, узгадваюць пра «Дзікае паляванне...».

— Не, «Дзікае паляванне...» на мяне такога ўплыву не аказала. Яшчэ для мяне быў моцным зборнік вершаў «Быў. Ёсць. Буду», таксама куплены ў букіністычнай краме, потым страчаны двойчы і зноў набыты.

Караткевіч — рамантык беларускай гісторыі і літаратуры. Школьныя падручнікі былі сумнымі і нават безнадзейнымі, я б сказала, а ён падаваў гісторыю настолькі рамантычна-ўзнёсла, што немагчыма было не закахацца.

— Прабачце за такое пытанне: ці не страшна вам было завязваць стасункі з вайскоўцам?

— А я ж вам казала, што ў мяне інстынкт самазахавання адсутнічае (смяецца). Гэта першае. А другое — мне нават думка такая ў галаву не прыходзіла. Мікалай — абсалютна мой чалавек.

Мікалай усё-ткі навуковец перш за ўсё, і на момант, калі мы з ім пазнаёміліся, у яго, па сутнасці, была гатовая доктарская дысертацыя — у той галіне, якая і зараз актуальная, ён і сёння мог бы яе абараніць: сістэмы кіравання, узаемадзеянне машыны і чалавека, эрганоміка сістэм кіравання. Уявіце сабе, гэта быў пачатак 90-х!

У яго была паспяховая навуковая і вайсковая кар’ера нягледзячы на тое, што ў сям’і не было вайскоўцаў, што ў савецкі час без такой падтрымкі гэта было амаль нерэальна. Як раней казалі: «Чаму сын палкоўніка не можа стаць генералам? Бо ў генерала ёсць свой сын». А калі бацькі — настаўнікі?.. Хаця, безумоўна, ваяроў у яго родзе і па кудзелі, і па мячы было нямерана, таму што гэта шляхецкія роды.

imgl7449_logo.jpg

У нас мала людзей, якія натуральна смелыя і гатовыя пастаяць за свае перакананні. Вельмі зручна розным людзям зрабіць з Мікалая проста «вулічнага байца». Я многа разоў гэта гаварыла, што мяне стварэнне такога вобраза раздражняе і крыўдзіць. Усё, што ён рабіў, ён рабіў з пасылам «Не бойцеся! Рабіце, як я». І ён заўсёды казаў, што любыя перакананні каштуюць роўна столькі, колькі людзі за іх гатовыя плаціць. Так што гэты вобраз яшчэ, у пэўнай ступені, і пра няспеласць грамадства: яно, на вялікі жаль, марудна сталела. Але, усё роўна, гэтыя працэсы незваротныя. Таму, сцяўшы зубы, чакаем, трымаемся.

— Яшчэ адзін факт, які можна вычытаць з вашых інтэрв’ю, такі, што вы з Мікалаем пабраліся шлюбам пасля першай яго адсідкі.

— Не, так не будзе правільна. Насамрэч, гэта ў Мікалая ўжо чацвёртая крымінальная справа. Першы раз яго арыштавалі пасля Марша Волі ў 1999 годзе, потым судзілі за пратэсты ў 2004-м і асудзілі да трох гадоў абмежавання волі, так званай «хіміі», у 2005-м, трэці раз быў у 2010 годзе, і вось ужо цяпер.

Шлюб мы рэгістравалі ў пэўнай ступені вымушана. У мяне ўжо быў досвед шлюбу, у Мікалая таксама, і калі ён зрабіў мне ў свой час прапанову, я адказала: «Навошта? У нас з табою ўжо ёсць гэтая гісторыя за плячыма. Хіба нам без гэтага дрэнна разам?»

Мы афіцыйна пабраліся шлюбам у 2011 годзе — роўна праз год пасля выбараў, 20 снежня 2011 года, менавіта таму, што не было аніякіх іншых магчымасцей бачыць яго, дапамагаць яму. Можа, я зараз бы ўжо сказала, што памылялася, калі адмаўлялася раней выйсці за яго. Жыццё іншым разам водзіць нас носам па асфальце.

Бывае так, што людзі доўга разам, потым жэняцца і хутка разводзяцца. Не, безумоўна, гэта не пра нас. З’явілася нейкая палёгка, таму што на той момант сітуацыя развівалася вельмі цяжка. Калі мы рэгістравалі шлюб, Мікалая прывялі з ШІЗА. Тады ўжо планамерна яго рыхтавалі да турмы (ШІЗА змяняла ПКТ і наадварот), і літаральна праз два тыдні на тры гады адправілі ў турму. Ну вось як бы ён заставаўся адзін? Зусім, увогуле без усялякай падтрымкі. А так у мяне хоць была палёгка, што раз на год можна яго пабачыць.

— Магу сабе толькі ўявіць, як гэта цяжка, калі твайго каханага чалавека закрываюць у турме.

— Гэта вельмі цяжка. Але я магу вам шчыра сказаць, што не менш цяжка і страшна бывае, калі ён на волі. Вось мы ідзём разам, мне трэба адысці — і ён застаецца адзін. Я выходжу, азіраюся — а яго няма. За тыя некалькі секунд, пакуль не ўбачу, я перажываю ўсё: жах, роспач, адчай. Таму што ёсць гэты досвед за плячыма. А калі ты ўжо жывеш у гэтым стане, ты проста сабе загадваеш адразу, што абавязкова гэта перажывёш, усё скончыцца.

Нават цяпер людзям, якія побач са мной і ўпершыню сутыкнуліся з сітуацыяй, калі іх каханыя або дзеці ў зняволенні, я заўсёды кажу: «Вы не ўяўляеце, як добра бывае, калі яны вяртаюцца. Стойце прама і жывіце надзеяй».

— Ці падтрымліваюць вас сваякі?

— Мы даўно-даўно згуртаваліся, каб падтрымліваць адно аднаго і, наколькі гэта магчыма, змагацца за нашых блізкіх.

imgl7473_logo.jpg

Калі шчыра, то мяне вельмі падкасіў зараз зварот сваякоў іншых палітвязняў. Вышыблі мяне як мінімум на тыдзень з жыцця. Маўляў, давайце папросім, давайце дамо ім (рэжыму.Заўв. рэд.) яшчэ адзін шанец. Мы ж ужо за мяжой, нам усё адно, колькі ён тут яшчэ захаваецца. Верагодна, зусім не гэта аўтары мелі на ўвазе, але гэта так счытваецца. «Кожнае жыццё каштоўнае», так, але як быць з тымі, хто не трапіць у гэтыя вашы спісы?

— Вярнуся да пытання, «колькі каштуюць перакананні». Цытата з вашага інтэрв’ю: «Любыя перакананні каштуюць столькі, колькі чалавек гатовы за іх заплаціць». Колькі вы гатовы заплаціць за свае перакананні?

— Я не магу абсалютна дакладна адказаць на гэтае пытанне зараз. Мы пра сябе не ўсё ведаем — да таго моманту, пакуль не падвяргаемся самым жорсткім выпрабаванням. Не ведаю, як адрэагуе мой арганізм, што можа стаць мяжой і ці ёсць яна. Але ў маіх унутраных устаноўках я лічу Беларусь найвышэйшай каштоўнасцю. І людзей, якія падтрымліваюць гэта, таксама лічу найвышэйшай каштоўнасцю Беларусі.

— Ці мадэлявалі вы калі-небудзь для сябе сітуацыю расстрэлу?

— Так, безумоўна. Я думаю, што за апошнія пару гадоў любы беларус гэтую аналогію да сябе прыклаў...

— І, нягледзячы ні на што, вы застаяцеся?

— Я не думаю, што ў мяне ёсць вялікі выбар. На жаль, сітуацыя развіваецца дастаткова сумна, і рэаліі 85-гадовай даўніны ўжо не здаюцца ўспамінамі далёкага мінулага — мажліва, нават бліжэйшай будучыняй. Такі варыянт развіцця падзей таксама магчымы. Але я добра ведаю, што перамагае той, хто пратрымаецца на пяць хвілін даўжэй. Перамагае той, хто верыць у перамогу.

imgl7464_logo.jpg

— Я таксама прынцыпова застаюся тут, але мне ўсё складаней знаходзіцца ў горадзе, дзе я больш не бачу знаёмых твараў. З якім настроем застаяцеся тут вы?

— Я сама сябе працытую, бо некалі, адказваючы на гэтае ж пытанне, ужо сфармулявала думку, і яна не змянілася. У гэтым горадзе, сапраўды, практычна не засталося знаёмых. Калі ты раптам, раз на два месяцы, сустракаеш знаёмага з былога жыцця, то гэта абдымкі і слёзы. У горадзе практычна не засталося знаёмых, але тут з'явілася вельмі шмат родных — людзей, якія ў 2020 годзе зразумелі пра сябе, хто яны, зразумелі, у якой краіне яны хочуць жыць, і ўпарта трымаюцца за гэтую набытую ідэнтычнасць. Людзей, якія захапіліся сабой, захапіліся тым, якімі яны могуць быць, і якія не хочуць вяртацца да мінулага.

— Што для вас было галоўным здабыткам 2020 года?

— Ведаеце, радасць. Радасць і ўсведамленне таго, што тое, ува што ты верыў усё жыццё, такім і ёсць. Што ў сваёй веры ты не схібіў. На працягу многіх-многіх гадоў мы з Мікалаем вельмі часта паўтараем: «Калі з’явіцца надзея, вы не пазнаеце беларусаў».

Першы раз я відавочна гэта пабачыла ў 2011 годзе, калі пасля дастаткова жорсткага на той час разгону Плошчы, падаўлення акцый, масавых арыштаў людзі супраціўляліся яшчэ добрыя восем месяцаў — да жніўня-верасня, калі былі «маўклівыя» акцыі, «Стоп бензін!». Месяц надзеі, проста месяц надзеі перад выбарамі, свята непаслушэнства, бел-чырвона-белыя сцягі ў горадзе, выступленні кандыдатаў па тэлебачанні...

imgl7478_logo.jpg

2020 год — гэта тое, што сабралася і вылілася на вуліцы гарадоў. Памятаеце першыя маршы, як гэта выглядала? Прыгожыя людзі... Я часта гавару, што ў мяне было нават неразуменне таго, што адбываецца. У сэнсе, калі едзеш адпачываць (пакупацца куды-небудзь альбо ў лес), паўсюль натыкаешся на пластык, горы смецця. Я заўсёды злавалася: ну ёлкі-палкі, тут жа нічога новага не з’явіцца! Не з’явіцца ні мора, ні новыя берагі, ні новыя лясы. Вы заўтра прыедзеце сюды ж! Калі вы ўжо прывезлі гэты пластык з сабой з горада, запоўненым і цяжкім, то чаму б вам яго не забраць — лёгкім і пустым — да бліжэйшай сметніцы?

І тут раптам гэтыя маршы: аніводнай паперкі, усюды пакеты для смецця, вада, калі была спёка... І я думаю: «Ну як жа так, тыя ж самыя людзі, атрымліваецца!» Яны зразумелі, хто яны насамрэч, усвядомілі сябе нейкай сілай, супольнасцю, еднасцю, ідэнтыфікавалі сябе не як «тутэйшых», а як грамадзян гэтай краіны. Я для сябе вызначыла, што гэта было дэкларацыяй — неўсвядомленай, але дэкларацыяй. Нас называюць «народцам», «прастытуткамі і наркаманамі», прапаноўваюць нам задаволіцца «чаркай і шкваркай» — а мы цалкам гатовыя самі адказваць за сваю краіну, за свой горад, за сваё жыццё.

— Нават цяпер?

— Я кажу пра той момант, але думаю, што і цяпер таксама. Такія рэчы няпроста вытручваюцца. Людзі затойваюцца, але ж... Але ж.

— Таксама ваша цытата: «Грамадства або кансалідуецца, або знікае». Дзе мы зараз?

— Мне вельмі хочацца верыць (і я на тым стаю, інакш бы я не вытрымала), што пакрысе, вельмі марудна, праз адкаты, праз зняверванне мы пройдзем гэты шлях да нашай Беларусі. Тое, колькі родных людзей у гэтым горадзе зараз, дае мне надзею.

— Ці хацелася б вам насамрэч, каб Мікола быў прэзідэнтам?

— У мяне няма адназначнага адказу. Ведаючы гэтага чалавека, яго патэнцыял і здольнасці, я разумею, што ён варты гэтага. Але ці хацела б я як яго жонка? (смяецца) Усе мы разумеем, што перамены будуць вельмі балючымі, і любы, хто прыйдзе пасля, праз год стане ворагам у вачах агульнай масы людзей. У мяне няма адказу. Для Беларусі гэта было б відавочна карысна, але...

— А ў вас самой не было жадання ісці ў палітыку?

— Гледзячы што мы разумеем пад «палітыкай». Вы ж ведаеце, што я не тое, каб зусім па-за палітыкай, у маім жыцці была палітычная актыўнасць. Але калі мы маем на ўвазе публічную палітыку, то, канешне, не.

imgl7476_logo.jpg

— А калі як Святлана Ціханоўская, якая пайшла за мужа?

— Святлана, канешне, унікальны чалавек, бо яна гэтую ношу ўзваліла сабе на плечы. Мы толькі што пра гэта з вамі гаварылі: праз год ці два не «гэты» становіцца аб’ектам нянавісці, а той, хто недастаткова добра супрацьстаяў, не прынёс хуткай і лёгкай перамогі без ахвяр і выпрабаванняў.

Я лічу, што цяпер пара засяродзіць намаганні на распрацоўцы «Акта аб рэабілітацыі», напрыклад — як заўгодна гэта можна назваць; трэба прапісаць працэдуры ці дарожныя карты, бо пакуль мы ўсе дзейнічаем сітуацыйна і хаатычна, а свет жыве па стандартах. Павінны быць прапісаны дзеянні, хто за што адказвае, што рабіць у розных сітуацыях, у тым ліку ў дачыненні да палітвязняў і тых, хто выйшаў. Рабіць зараз, а не ў нейкай гіпатэтычнай будучыні. Бо пакуль што ўсё сумна насамрэч.

Бяда ў чым? Бяда ў тым, што абсалютная большасць тых, хто сёння можа нешта рабіць, знаходзяцца за мяжой, а адсюль, з Беларусі, нешта рабіць вельмі складана. Але, як толькі чалавек апынаецца за мяжой, ужо праз два тыдні ў яго пачынае мяняцца лад мыслення, ён ужо па-іншаму гэта ўсё ўспрымае. Гэта не добра і не дрэнна, гэта так ёсць. Мы быццам на розных планетах існуем. Гэта праблема, канешне, але я думаю, што ўсё пераадольна.

— Калі ўявіць сабе, што нейкім цудоўным чынам наступае тая самая новая Беларусь, пра якую любяць гаварыць, і палітвязні выходзяць з турмаў... Чым асабіста вы будзеце займацца ў гэтай новай Беларусі?

— Падарожнічаць! Праўда, трэба разумець, што новая Беларусь па ўзмаху чарадзейнай палачкі не надыдзе. Будзе вельмі цяжка, але гэта ўжо іншыя цяжкасці. Я заўсёды малюся толькі аб адным — каб Бог даў нам яшчэ адзін шанец і мудрасць ім скарыстацца. Больш ні пра што не прашу.

— Што вам сніцца зараз?

— Мне рэдка што-небудзь сніцца. Я вельмі дрэнна сплю і гадзіны да шостай раніцы не магу заплюшчыць вачэй. Таму мне дастаткова рэдка штосьці сніцца, бо сон трывожны. Я звычайна кажу Мікалаю «добрай раніцы» і кладуся спаць.

imgl7458_1_logo.jpg

— Што прымушае вас усміхацца?

— Ведаеце, мы з дзяўчатамі смяемся ўвесь час. З 2010-га мы ўсе гэтыя цяжкія гады прайшлі разам, і не было ні адной нашай сустрэчы, каб мы не смяяліся. Нагоды заўсёды ёсць — і для радасці, і для смеху. Няхай плачуць нашы ворагі. Мікалай мне ў кожным лісце піша: «Трэба радавацца!»

— Больш за ўсё вам, напэўна, зараз хочацца, каб усё гэта скончылася, каб Мікалай выйшаў. Акрамя гэтага, ці хочацца вам чагосьці яшчэ?

— Я заўжды кажу: правільна фармулюйце запыт да Сусвету. Бо «скончыцца» ўсё можа для ўсіх і ў адну хвіліну. Калі чую ад іншых «Калі ўсё гэта закончыцца?», адказваю адной старой прытчай.

Багаты чалавек звяртаецца да Бога: «Госпадзе, зрабі так, каб у мяне ўсё было!» І атрымлівае адказ: «У цябе ўсё было...»

Таму на першым плане — свабода. І нават не для Мікалая, а свабода Беларусі. Таму што любая іншая свабода будзе свабодай без выбару, гэта будзе несвабода. Альбо цябе выкінуць за межы краіны, альбо ты проста будзеш жыць у жаху, што ўсё паўторыцца ў любую хвіліну. І кожнае новае кола ўсё больш набліжае да пекла.

imgl7481_logo.jpg

Ну вось глядзіце. 1999 год — Мікалай прасядзеў 2 тыдні, справа скончылася крымінальным штрафам; у 2004 годзе суд скончыўся 3 гадамі «хіміі» (прычым год потым адразу па амністыі скінулі); у 2010-м было 6 гадоў узмоцненага рэжыму; цяпер — 14 гадоў асаблівага рэжыму. Што далей?

Аніякай свабоды, аніякага развіцця без перамен не будзе. Калі рэжым здолее захавацца, гэта сапраўды будзе паражэнне — паражэнне, пасля якога нават я з’еду з гэтай краіны. І таму першае — гэта, канешне, свабода Беларусі. Толькі яна дасць свабоду народу — так, каб мы не азіраліся па баках.

Ну а другое — гэта падарожжы. У свеце столькі цудоўнага, столькі ўсяго, што мы яшчэ не бачылі! Увесь час мару пра тое, колькі яшчэ цудоўных месцаў на гэтай цудоўнай зямлі здолеем пабачыць.