Жорсткае забойства ўкраінскага палоннага здзейснілі найміты ПВК «Вагнера»?
Заснавальнік Gulagu.net заявіў, што на відэа з жорсткім забойствам украінскага палоннага — найміты ПВК «Вагнера». Іх апазнаў былы баец ПВК, які ўцёк у Нарвегію.
Да забойства ўкраінскага ваеннапалоннага, відэазапіс якога распаўсюдзіўся ў сетцы, датычная ПВК «Вагнера», заявіў заснавальнік Gulagu.net Уладзімір Асечкін у эфіры ютуб-канала «Хадаркоўскі Live».
Па словах Асечкіна, ён звязаўся з былым байцом ПВК «Вагнера» Андрэем Мядзведзевым, які апазнаў на відэазапісе сваіх таварышаў па службе.
«Ён адназначна апазнае там сваіх калегаў, байцоў ПВК Вагнера па характэрных пазыўных, па тым, як яны размаўляюць, па тым, што яны агучваюць па рацыі», — заявіў Асечкін. Ён таксама абвясціў аб узнагародзе ў памеры тры тысячы еўра за інфармацыю пра людзей на відэа.
Асечкін нагадаў, што яшчэ ў 2017 годзе з'явіліся відэазапісы, як байцы ПВК «Вагнера» б'юць кувалдай палоннага ў Сірыі, а потым расчляняюць цела, абліваюць бензінам і спальваюць.
Хто мог быць забойцам?
Украінскі блогер і журналіст Дзяніс Казанскі мяркуе, што да жорсткага пакарання ўкраінскага вайскоўца магчыма, мае дачыненне расійскі захопнік Ягор Гудзенка (пазыўны Трынаццаты).
«Ва ўсякім разе, ён на гэта актыўна намякае цяпер і раней рэгулярна заклікаў да падобных расправаў. Усіх іх важна зараз запамінаць. Пуцін стары, ён у любым выпадку хутка памрэ. А Ягор Гузенка малады. Ён перажыве Пуціна», — напісаў Казанскі ў сваім Telegram-канале.
InformNapalm: адразанне галоў расійскія захопнікі здзяйснялі ва Украіне не раз яшчэ з 2014 года
У расійскіх акупантаў адным з «папулярных» відаў пакаранняў смерцю з'яўляецца адразанне галоў. Прычым нелюдзі такім чынам пакаралі смерцю ўкраінскіх вайскоўцаў незалежна ад полу, сцвярджае Telegram-канал InformNapalm. Катаванні і жорсткія забойствы расіяне практыкуюць ва Украіне яшчэ з 2014 года. Паводле звестак InformNapalm, тады да гэтага звычайна звярталіся «кадыраўцы».
«Мы атрымлівалі вусныя паказанні, што расейскія вайскоўцы (у асноўным «кадыраўцы», але не толькі) практыкавалі адразанне галоў палонным украінцам, не толькі вайскоўцам, але і цывільным, якіх яны да гэтага рабавалі і катавалі. Галовы адрэзалі не толькі мужчынам, але і жанчынам, якіх перад гэтым гвалтавалі», — гаворыцца ў паведамленні.
У супольнасці распавялі пра падобную сітуацыю, якая адбылася ў пасёлку Новасвятлоўка Луганскай вобласці ў 2014 годзе. Мясцовыя жыхары тады паведамілі, што «кадыраўцы» згвалтавалі і жорстка забілі некалькіх медработніц мясцовай бальніцы.
Як адзначаюць у InformNapalm, практыка забойстваў з катаваннямі павялічылася пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Пры гэтым расійскія салдаты запісваюць забойствы на відэа не толькі для запалохвання ўкраінцаў, а хутчэй для «ўнутранага выкарыстання».
«Расійскія камандзіры падраздзяленняў УС РФ і нефармальных расейскіх бандфармаванняў аддаюць загады сваім падначаленым, каб тыя адрэзалі галовы або катавалі, а самі здымаюць усё на тэлефон, як доказ і элемент «звязвання крывёю і злачынствам», каб падначаленыя разумелі, што шляху назад для іх ужо няма. Пасля такога «хрышчэння крывёю» верагоднасць, што баявік збяжыць і здасца ў палон, значна памяншаецца, таму што ёсць кампрамат. То-бок, гэта кантэнт не для нас і не для Захаду, а для ўнутранай аўдыторыі», — кажуць у супольнасці.
У InformNapalm мяркуюць, што гэтыя відэа могуць трапляць у сетку ў тым выпадку, калі саўдзельнік злачынства збег або здрадзіў, а таксама тады, калі відэазапіс знаходзяць у тэлефоне ўжо ліквідаванага камандзіра.
Нагадаем, відэа забойства ўкраінскага палоннага распаўсюдзілася ў расійскіх, а затым і ва ўкраінскіх сацсетках увечары 11 красавіка. На запісе жывому чалавеку адразаюць галаву. Пасля здзяйснення забойства каты паказалі на камеру бронекамізэльку-разгрузку з украінскімі знакамі адрознення. Калі, дзе і кім было запісана відэа, невядома. Мяркуецца, што забойства магло адбыцца летам 2022 года. Прынамсі ў кадры бачнае зялёнае лісце.
СБУ наўпрост заявіла, што на відэа знятае забойства ўкраінскага палоннага расійскімі вайскоўцамі. Служба бяспекі Украіны пачала дасудовае расследаванне па артыкуле аб парушэнні законаў і звычаяў вайны, спалучаных з наўмысным забойствам.
Прэзідэнт Украіны ў сувязі з гэтым заклікаў да рэформы Рады Бяспекі, «каб дзяржава-тэрарыст і любая іншая дзяржава, якая хоча быць тэрарыстам, не магла разбурыць мір». «Свет не павінен ігнараваць тое, як лёгка гэтыя звяры забіваюць».
Паводле Хадаркоўскі Live, korrespondent.net,