З медыцынскай карты Навальнага знік аналіз крыві, які пацвярджае атручванне «Навічком»

З медыцынскай карты расійскага апазіцыянера Аляксея Навальнага ў Омскай бальніцы хуткай дапамогі, куды ён быў шпіталізаваны, знік ключавы дакумент — вынікі біяхімічнага аналізу крыві. Як гаворыцца ў расследаванні Фонду барацьбы з карупцыяй, згодна з гэтым дакументам, у Навальнага зафіксавалі крытычнае зніжэнне ўзроўню холінэстэразы.«Што разам з іншымі сімптомамі, апісанымі ў медкарце, пацвярджае дыягназ атручвання інгібітарамі холінэстэразы ў 100 працэнтах выпадкаў», — адзначаецца ў публікацыі.

db7a012898db5c0c1ee2b3beea269a3e.jpg

Кіраўніку ФБК Івану Жданаву і юрысту Вячаславу Гімадзі ўдалося неафіцыйна сфатаграфаваць усе дакументы з медкарты 2 лістапада 2020 года падчас візіту ў омскую бальніцу. Калі кіраўніцтва бальніцы сказала, што карту выдадуць толькі праз тыдзень пасля абмеркавання з галоўным лекарам, супрацоўнікі ФБК пайшлі ў архіў і сказалі там, што «ўсё ўзгоднена з начальствам».

Праз месяц паплечнікі Навальнага атрымалі тую ж самую медкарту афіцыйна. Яна была адрэдагавана, і ў ёй не хапала ключавых дакументаў.

ФБК таксама ўдалося выявіць яшчэ аднаго высокапастаўленага супрацоўніка ўпраўленьня па абароне канстытуцыйнага ладу ФСБ, датычнага да атручвання Навальнага — яго завуць Валерый Мікалаевіч Сухараў. Ён 15 разоў следаваў за Навальным у яго паездках па Расіі, а таксама дзясяткі разоў стэлефаноўваўся з іншымі атрутнікамі ў двухтыднёвы перыяд да і пасля замаху. У прыватнасці, 47 разоў ён гаварыў з каардынатарам аперацыі Алегам Таякіным.

Упершыню публікуецца пастанова аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце атручвання Навальнага. У пастанове сцвярджаецца, што дадзеныя, атрыманыя транспартнай паліцыяй у ходзе праверкі, сведчаць аб «загадзя спланаванай» людзьмі з атачэння Навальнага «інсцэніроўцы шэрагу падзей, звязаных з шпіталізацыяй» апазіцыянера. У прыватнасці, 20 жніўня чацвёра паплечнікаў Навальнага, у тым ліку Марыя Пеўчых і Георгій Албураў, як лічаць у паліцыі, правялі «дэманстратыўную акцыю па пранікненні» ў нумар Томскай гасцініцы Xander, дзе спыняўся Навальны, адкуль без згоды персаналу забралі некалькі бутэлек. Пасля ў Германіі на адной з гэтых бутэлек, якую ўзяла з сабой Пеўчых, выявяць сляды яду «Навічок».