Вайна ва Украіне. Дасье ў карыкатурах
Карыкатурысты не прайшлі міма тэмы інтэрвенцыі Расіі ва Украіну. Прапануем невялікі агляд таго, як графікі асвятляюць вайну.
Безумоўна, большасць карыкатурыстаў звяртаюць увагу на гуманітарны кошт канфлікту. Больш за 1,5 мільёна бежанцаў з Украіны перабраліся ў суседнія краіны за 10 дзён — гэта самы буйны крызіс з бежанцамі ў Еўропе з часоў Другой сусветнай вайны. Графічна гэты працэс паспрабаваў адлюстраваць мастак выдання Cartoon movement.
Шмат малюнкаў прысвечана агрэсіўнай палітыцы Пуціна, які ігнаруе ўсе міжнародныя пакты. На малюнку аднаго з амерыканскіх выданняў дыпламат нагадвае Пуціну, што паводзіны Крамля — гэта XIX стагоддзе. «Я са сваёй краінай адпраўляюся ў XIX стагоддзе», — адказвае расійскі гарант.
Для сусветнай супольнасці стаў сюрпрызам правал планаў расійскага бліцкрыгу ва Украіне. Сапраўды, здаецца, сітуацыя ўваходзіць у фазу адносна зацяжнога канфлікту. Гэта стварае рызыкі для расійскага рэжыму, што распачаў вайну, калі грамадства выступіць супраць яго. Адзін з мастакоў вось так праілюстраваў гэты сцэнар.
Нягледзячы на ўсю трагічнасць сітуацыі, у ёй ёсць нейкая іронія. Менавіта зараз у свеце, у тым ліку і ва Украіне, пачалі здымаць жорсткія каранцінныя меры. Аднак аказалася, што ковід — гэта дробязь у параўнанні з пуцінскай «спецыяльнай аперацыяй». Вось як бачыць гэта адзін амерыканскі графік.
Нельга прайсці міма рэакцыі на вайну ў трэцім свеце. Мясцовая прэса абураецца, што ўся ўвага сёння звернута да Украіны, хаця ў свеце шмат канфліктаў не меншага маштабу. Адпаведна малюнак на гэтую тэму.
Шмат хто лічыць, што Пуцін не наважыўся б атакаваць, калі б не заручыўся нефармальнай згодай Пекіна. Узамен за падтрымку Расія будзе саюзнікам Кітая ў выпадку эскалацыі тайваньскай праблемы. Тэматычна саюз Пекіна і Масквы мастак аднаго з сінгапурскіх СМІ адлюстраваў вось так.
У глабальным вымярэнні сітуацыя падобная да вяртання эпохі халоднай вайны, якую быццам не супраць паўтарыць як Пуцін, так і Байдэн.
Хаця ёсць асцярогі, што мы стаім на парозе больш глабальнага супрацьстаяння. Мастак выдання Politico малюе ўкраінскага салдата ў антуражы Першай сусветнай.
Зрэшты, шанцы на стабілізацыю захоўваюцца. На наступным тыдні чакаюцца актыўныя дыпламатычныя кансультацыі.