Уладзімір Зяленскі: Украіна хацела б атрымаць ад ЗША «ізраільскія» гарантыі бяспекі

«Мірны план Трампа» паказвае, што Амерыка імкнецца здабыць мір ва Украіне — але чужымі рукамі і за чужы кошт. Прынамсі. ЗША адмаўляюцца прадаставіць гарантыі бяспекі Украіне, аддаючы гэтую ролю Еўропе. Тым не менш, адмыслоўцы лічаць, што Украіна зрабіла значныя крокі для спынення вайны. Ідзе 1158-мы дзень вайны Расійскай Федэрацыі супраць Украіны пры падтрымцы агрэсіі рэжымам Аляксандра Лукашэнкі.

492349981_1030669322579479_7887761429908583844_n.jpg

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 156 боесутыкненняў, піша ў ранішняй зводцы 26 красавіка Генштаб УСУ. На Пакроўскім кірунку сілы абароны Украіны спынілі 44 штурмавыя дзеянні расіян непадалёк Елізаветаўкі, Праабражэнкі, Андрэеўкі, Старой Мікалаеўкі, Лісоўкі, Котліна, Новааляксандроўкі і іншых.

На Ліманскім і Новапаўлаўскім кірунках расіяне атакавалі па 19 разоў на кожным.

На Тарэцкім кірунку армія РФ здзейсніла 16 атак у раёне Дачнага, Тарэцка і ў напрамках Пляшчэеўкі, Шчарбінаўкі, Дыліеўкі.

Па пяць атак на кожным адбылося на Купянскім і Северскім кірунках.

У Курскай вобласці Расіі адбылдося 30 боесутыкненняў. Расіяне нанеслі 28 авіяўдараў па сваёй тэрыторыі, скінуўшы 37 КАБ.

* * *

Сілы абароны Украіны нядаўна прасунуліся на захадзе Запарожскай вобласці, а расійскія войскі — каля Пакроўска, у Сумскай і Курскай абласцях, піша ў справаздачы амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 24 красавіка, паказваюць, што войскі РФ прасунуліся на поўнач ад Горналю (на паўднёвы захад ад Суджы). Дадатковыя відэа з геалакацыяй ад 25 красавіка, паказваюць, што расійцы дасягнулі паўночна-ўсходняй ускраіны Алешні падчас механізаванага штурму.

Нядаўна расійскія войскі наступалі на поўначы Сумскай вобласці. Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 25 красавіка, паказваюць, што войскі РФ прасунуліся ўздоўж вуліцы Працы ў паўднёвай частцы Жураўкі.

Геалакацыйныя кадры ад 25 красавіка, паказваюць, што расійцы прасунуліся да паўднёвай часткі Лісоўкі (на паўднёвы ўсход ад Пакроўска).

Нядаўна сілы абароны Украіны прасунуліся на захадзе Запарожскай вобласці. УСУ прасунуліся на паўднёва-ўсходняй ускраіне Малой Такмачкі (на паўднёвы ўсход ад Арэхава).

* * *

Уначы 26 красавіка расійцы атакавалі дронамі Харкаў. Адзін з удараў прыйшоўся па Шаўчэнкаўскім раёне горада, наступствы ўдакладняюцца.

Расійскі беспілотнік трапіў у дзевяціпавярховік у горадзе Каменское Днепрапятроўскай вобласці; у доме адбыўся пажар. Адзін чалавек загінуў, чатыры пацярпелі.

Таксама Расія атакавала Крапіўніцкі. Паведамляецца аб пабітых складскіх памяшканнях, паводле папярэдняй інфармацыі ахвяр няма,

* * *

493003165_1031209389192139_1904070239482203664_n.jpg

* * *

Паміж Вашынгтонам і Кіевам застаюцца сур'ёзныя рознагалоссі па ўмовах рамачнага мірнага пагаднення з Расіяй. Асноўнымі пунктамі застаюцца гарантыі бяспекі для Украіны і пазіцыя ЗША ў прызнанні кантролю Расіі над Крымам, піша CNN.

ЗША і Украіна маюць супярэчлівыя пазіцыі па ключавых аспектах будучага рамачнага пагаднення аб спыненні вайны. Напрыклад, Украіна патрабуе гарантый бяспекі не толькі ад Еўропы, але і ад ЗША, а першапачатковы амерыканскі варыянт прадугледжваў, што гарантыі бяспекі будуць паступаць толькі ад Еўропы.

Акрамя таго, прапанова ЗША прызнаць кантроль Расіі над Крымам з'яўляецца абсалютна непрымальным для Украіны. Украіна таксама настойвае на абмеркаванні пытання ўтрымання Расіяй тэрыторый, захопленых з моманту ўварвання ў 2022 годзе, пасля спынення агню.

«У той жа час Украіна ў цэлым пагадзілася з шэрагам палажэнняў першапачатковага амерыканскага плана, у прыватнасці: паступовым здыманнем санкцый супраць Расіі, уведзеных з 2014 года, пасля рэалізацыі мірнага плана; адмовай Украіны ад уступлення ў NATO; замарожваннем лініі фронту; вяртаннем кантролю над тэрыторыяй вакол Запарожскай атамнай электрастанцыі», — адзначае выданне.

Крокі, зробленыя Украінай для эфектыўнага ўдзелу ў перамовах, з'яўляюцца істотнымі, лічыць CNN.

* * *

Прадстаўнікі дзяржаў-удзельніц «кааліцыі рашучых» на сустрэчы ў Чэхіі 25 красавіка пацвердзілі неабходнасць гарантаваць спыненне агню да пачатку перамоваў аб больш доўгатэрміновым мірным урэгуляванні.

Прадстаўнікі дзяржаў  пагадзіліся, што «для пачатку сур'ёзных перамоваў па мірным урэгуляванні ва Украіне неабходна поўнае спыненне агню», распавялі ў чэшскім МЗС.

«Мы павінны ціснуць на Расію, каб яна безумоўна пагадзілася на такое спыненне агню», — дадалі ва ўстанове.

«Мы застаемся прыхільнымі падтрымцы Украіны ў адпаведнасці з прынцыпамі еўрапейскай бяспекі», — адзначылі ў МЗС Чэхіі, падводзячы вынікі сустрэчы.

* * *

Адказныя чыноўнікі ЗША ў прыватных размовах у апошнія тыдні выказвалі гатоўнасць даць гарантыі бяспекі для вайсковага кантынгенту «кааліцыі рашучых», які можа быць размешчаны ва Украіне пасля дасягнення мірнага пагаднення з Расіяй, піша The Telegraph.

Паводле звестак выдання, брытанскія чыноўнікі прызнаюць, што канкрэтныя гарантыі з боку ЗША застаюцца нявызначанымі.

Вашынгтон да гэтага часу афіцыйна не абяцаў ваеннай падтрымкі ў выпадку прамой атакі з боку Расіі, а Трамп публічна неаднаразова адмаўляўся ад ідэі прадастаўлення гарантый бяспекі. Аднак, паводле інфармацыі выдання, у прыватных перамовах у апошнія тыдні амерыканскія перагаворшчыкі выразна далі зразумець, што гатовыя аказаць падтрымку заходнім сілам.

«Адным з відаў такой падтрымкі з'яўляецца абмен данымі выведкі, што ўжо даўно з'яўляецца асновай "асаблівых адносін" паміж ЗША і Вялікабрытаніяй. Іншы — гэта лагістычная дапамога. Еўрапейскія самалёты, караблі і наземныя сілы будуць мець патрэбу ў забеспячэнні і дапамозе ў аналізе перасоўванняў расійскіх войскаў ва Украіне і за яе межамі», — піша выданне.

Брытанскія чыноўнікі адзначаюць, што цяжка прадказаць, што менавіта і калі ўхваліць Трамп.

* * *

Украіна імкнецца атрымаць ад ЗША гарантыі бяспекі, якія былі б не менш магутнымі, чым тыя, якія прадастаўляюцца Ізраілю, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, адказваючы на пытанні журналістаў.

Украіна разлічвае на падтрымку ў сферы СПА, у прыватнасці прадастаўленне сістэм Patriot, а таксама супрацоўніцтва з еўрапейскімі партнёрамі ў фарміраванні бяспекі інфраструктуры.

Зяленскі падкрэсліў, што Украіна вядзе перамовы з еўрапейскімі саюзнікамі адносна ўдзелу ваенных кантынгентаў у гарантыях бяспекі. Кіеў не настойвае на непасрэднай прысутнасці амерыканскіх войскаў на тэрыторыі Украіны. Замест гэтага ён лічыць неабходным умацаваць супрацоўніцтва ў такіх сферах, як разведка, кіберабарона і супрацьпаветраная абарона.

«Я ведаю, што ЗША не занадта пазітыўна ставяцца да прамой вайсковай прысутнасці, таму мы гаворым пра іншыя формы падтрымкі — перш за ўсё пра сістэмы СПА Patriot», — растлумачыў ён.

Кіраўнік Украіны дадаў, што сістэма гарантый павінна ахопліваць усе сферы: наземную, паветраную і марскую.