Украінскія вайскоўцы: Беларусь не нарошчвае колькасць падраздзяленняў ля мяжы, але пагроза ёсць
Тыя падраздзяленні, якія беларусы трымаюць ля мяжы, не з'яўляюцца ўдарнай групоўкай. Дзяржаўная памежная служба не фіксуе павелічэнне колькасці воінскіх падраздзяленняў на тэрыторыі прымежных рэгіёнаў Беларусі.
«Тыя падраздзяленні, якія яны трымаюць побач з мяжой, не з'яўляюцца ўдарнай групоўкай, якая магла б ажыццявіць уварванне на тэрыторыю нашай краіны», — піша ўкраінскае агенцтва УНІАН са спасылкай на спікера дзяржаўнай памежнай службы Андрэя Дземчанку.
Не павялічваецца і асабовы склад гэтых падраздзяленняў. «Таксама мы не фіксуем змен у іх дзеяннях: яны прыбываюць да мяжы, адбываецца іх ратацыя», — сказаў Дземчанка.
Аднак Беларусь можа рыхтаваць дыверсантаў, сказаў прадстаўнік Галоўнай управы выведкі Мінабароны Украіны Вадзім Скібіцкі падчас брыфінгу, перадае РБК-Україна.
«Пагроза ў гэтым выпадку можа быць толькі адна, што з тэрыторыі Беларусі могуць дзейнічаць дыверсійна-выведвальныя групы ў нашых паўночных абласцях. Гэта і выведка, і магчымыя дыверсіі», — патлумачыў Скібіцкі.
У той жа час прадстаўнік выведкі запэўніў, што ўкраінскія вайскоўцы адсочваюць дзеянні на тэрыторыі Беларусі, каб быць гатовымі да магчымага наступу. Ён таксама пацвердзіў, што пакуль не фіксуецца стварэнне варожых наступальных груп.
Па словах Скібіцкага, на беларускіх аэрадромах застаецца частка расійскай ваеннай тэхнікі, у прыватнасці авіяцыі. Таму ёсць пагроза ўдараў па тэрыторыі Украіны.