У войска па латарэі?

Украінцы абмяркоўваюць новы закон аб мабілізацыі. У тым ліку ідэю адбіраць салдат на перадавую ў рамках латарэі, як гэта рабілі ў ЗША падчас в'етнамскай вайны. 

Ілюстрацыйная выява, pixabay

Ілюстрацыйная выява, pixabay

Нагадаем, Злучаныя Штаты ўлезлі ў В'етнам яшчэ ў 1946 годзе, калі падтрымалі Францыю, якая ваявала тут за свае мясцовыя калоніі. Падпісаныя ў ліпені 1954 года Жэнеўскія пагадненні азначалі канец канфлікту з правядзеннем новай мяжы паміж камуністычнай Поўначчу і кантраляваным Францыяй Поўднем, які неўзабаве стаў незалежным ад Парыжа. 

Зрэшты, Поўнач працягвала ваяваць за Поўдзень за кошт партызан-проксі. Між тым у Вашынгтоне паступова склаўся фатальны кансэнсус наконт таго, што пасля страты Кітая і спрэчных вынікаў вайны ў Карэі захоп Паўднёвага В'етнама камуністамі будзе нейкім дэманстратыўным прыніжэннем для Штатаў. 

Неўзабаве на пачатку 1960-х ЗША адправілі ў паўднёвы В'етнам першых вайсковых дарадцаў. Іх, аднак, аказалася недастаткова. У 1964-м пасля інцыдэнту ў Тонскім заліве, дзе в'етнамцы, нібыта, абстралялі амерыканскія караблі, адміністрацыя Ліндана Джонсана атрымала паўнамоцтвы выдзяляць ваенныя рэсурсы ЗША на канфлікт у В'етнаме. У 1965 годзе Джонсан накіраваў у В'етнам 190 000 вайскоўцаў, а ў наступным годзе замовіў прыкладна 400 000 чалавек. У 1967 годзе колькасць амерыканскіх вайскоўцаў у В'етнаме складала каля 500 000 чалавек. 

Гэта павялічыла колькасць мужчын, якія прызываліся на ваенную службу, што ў сваю чаргу выклікала нараканне і з'яўленне масавага антываеннага руху. У выніку Беламу дому прыйшлося неяк рэагаваць на крытыку.

Пасля доўгіх дэбатаў у адміністрацыі Ніксана і Кангрэсе ўлады вырашылі, што адмова ад прымусовага вайсковага прызыву і паступовы пераход да кантрактнай сістэмы выратуе сітуацыю. У рамках пераходу да добраахвотнага закліку Рычард Ніксан выдаў указ, які прадпісваў стварэнне механізму мабілізацыі шляхам звычайнай латарэі. 

«Пераможцаў» латарэі вызначалі на аснове дат нараджэння зарэгістраваных навабранцаў у гады прызыву. Даты нараджэння ўсіх прызыўнікоў былі запісаны на паперкі і змешчаны ў спецыяльную капсулу. Адтуль іх даставаў нейкі запрошаны палітык у прысутнасці журналістаў. Таго, хто нарадзіўся ў дзень, які быў пазначаны на паперцы, неўзабаве чакала позва. 

Прызыўная латарэя мела зусім не тыя наступствы, пра якія марылі ініцыятары. Яна хутчэй выклікала рост недаверу на адрас уладаў і страху перад вайсковай службай. Многія асуджалі дыскрымінацыйны прынцып прызыўной латарэі «ў дачыненні да малаадукаваных, малазабяспечаных і бяздольных членаў грамадства». Справа ў тым, што дзеці багатых бацькоў маглі аплаціць сваім дзецям вучобу ў каледжы, што давала ім бронь ад удзелу ў той жа прызыўной латарэі. 

Нежаданне служыць у В'етнаме заахвоціла шматлікіх маладых людзей як мага хутчэй запісацца ў Нацыянальную гвардыю - вайсковыя рэзервовыя сілы. Некаторыя нават свядома пагаджаліся на турэмнае зняволенне за дэзерцірства. Была таксам папулярна міграцыя ў Канаду. 

Пазней працэдура латарэі аптымізавалася, хаця грамадства працягвала ставіцца да яе хутчэй асцярожна. Прызыўныя латарэі праводзіліся да 1975 года, калі войска ЗША цалкам перайшло на добраахвотны прынцып.

Як бачым, сваю нейкую пазітыўную ролю ў паступовым рэфармаванні войска прызыўная латарэя адыграла. Зрэшты, для цяперашніх украінскіх уладаў зараз важней тое, што такая мадэль рэкрутынгу вонкава як мінімум ліквідуе сацыяльную няроўнасць у сістэме прызыву навабранцаў. 

Цяпер у краіне шмат гавораць пра тое, што на фронт пасылаюць выключна дзяцей бедных, у той час як дзеці чыноўнікаў і алігархаў служаць у «батальёне «Манака» — то-бок расслабляюцца на курортах французскай Рыўеры ці таму падобных. У выпадку ўвядзення прызыўной латарэі ў Зяленскага будуць аргументы, каб аспрэчваць падобныя закіды. 

Зрэшты, перспектыва ўвядзення прызыўной латарэі ўсё роўна сумнеўная. Як ні парадаксальна, галоўнай перашкодай тут з'яўляецца масавая культура, а дакладна Галівуд, які з 2008-га эксплуатуе мегапапулярную франшызу «Галодныя гульні». 

«Галодныя гульні» — утапічная кінасага аб выдуманай дзяржаве Панем. Існуючы тут аўтарытарны рэжым утрымліваецца за кошт шоу «Галодныя гульні» — жорсткія спаборніцтвы з удзелам хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 12 да 18 гадоў з розных раёнаў (дыстрыктаў). «Трыбуты» (так называюць удзельнікаў шоу) павінны змагацца адно з адным да смерці, пакуль не застанецца адзін, хто выжыў. Удзельнікаў «Галодных гульняў» адбіраюць у рамках працэдуры «жніва» праз лёсаванне.

Ужо цяпер асацыяцыя «прызыўной латарэі» са «жнівом» з «Галодных гульняў» выклікае ў шматлікіх украінцаў насцярожанае стаўленне да новай задумы.