У Расіі нарэшце пракаментавалі адступленне ва Украіне, назваўшы яго «згортваннем і перакідкай войскаў»
Мінабароны РФ заявіла аб «перагрупоўцы» войск у раёне Балаклеі і Ізюма для «нарошчвання намаганняў на Данецкім напрамку» і дасягнення мэт «спецаперацыі» па вызваленні Данбаса. Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным тэлеграм-канале ведамства.
Мінабароны Расіі заявіла, што з гэтай мэтай «на працягу трох сутак праведзена аперацыя па згортванні і арганізаванай перакідцы ізюмска-балаклейскай групоўкі войскаў на тэрыторыю «Данецкай Народнай Рэспублікі». У ходзе гэтай аперацыі праведзены шэраг адцягваючых і дэманстрацыйных мерапрыемстваў з пазначэннем рэальных дзеянняў войскаў».
Мінабароны падкрэсліла, што «ў мэтах недапушчэння шкоды расійскім
войскам па праціўніку наносілася магутнае агнявое паражэнне з ужываннем
авіяцыі, ракетных войскаў і артылерыі».
«За трое сутак знішчана больш за дзве тысячы ўкраінскіх
і замежных баевікоў, а таксама звыш 100 адзінак бронетэхнікі і артылерыі», — адзначыла
расійскае ваеннае ведамства.
На гэтым тыдні УСУ пачалі не анансаванае загадзя
контрнаступленне на акупаваных тэрыторыях Харкаўскай вобласці. 9 верасня
прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што ўкраінская армія вызваліла
больш за 30 населеных пунктаў у Харкаўскай вобласці.
УСУ, у прыватнасці, узялі горад Балаклея. Акрамя таго, 10
верасня Служба бяспекі Украіны заявіла, што ўкраінскія войскі зайшлі ў Купянск.
У гэты ж дзень з'явіліся паведамленні, што УСУ вымусілі расійскія
падраздзяленні пакінуць Ізюм і Ваўчанск, а таксама наступаюць на Ліман.
Паводле некаторай інфармацыі, УСУ таксама ўвайшлі ў ваколіцы Лісічанска.