У Італіі затрыманыя больш за 100 меркаваных чальцоў мафіі
Паліцыя Італіі мяркуе, што затрыманыя належаць да злачыннай групоўкі «Ндрангета», якая вядомая гандлем наркотыкамі, зброяй і людзьмі.
Італьянская
паліцыя ў аўторак, 14 траўня, затрымала 109 падазраваных падчас рэйду супраць
калабрыйскай мафіёзнай арганізацыі «Ндрангета». Яшчэ 20 чалавек былі змешчаныя
пад хатні арышт, а ў дачыненні да 13 падазраваных былі ўжытыя іншыя
абмежавальныя меры, растлумачылі ў паліцыі. Большасць з затрыманых родам з
горада Казенца на поўдні Італіі, піша dw.com.
Як паведамляецца, раніцай група паліцэйскіх і следчых, якія спецыялізуюцца на эканамічных злачынствах, былі накіраваныя ў Катандзара — камуну ў акругзе Калабрыя. Паводле паліцыі, упадчас аперацыі таксама быў затрыманы супрацоўнік італьянскай мытнай і фінансавай паліцыі.
Да гандлю наркотыкамі прыцягваюць непаўналетніх
Следчыя абвінавачваюць падазраваных ва ўдзеле ў мафіёзнай арганізацыі, гандлі наркотыкамі і іншых крымінальных злачынствах. Пракурор Вінчэнца Капамола заявіў, што мафіёзныя кланы нанеслі вялікую эканамічную шкоду Казенцу, бо вымагалі грошы “за абарону”. Аднак асноўнай дзейнасцю кланаў быў гандаль наркотыкамі, для якой яны таксама вербавалі непаўналетніх.
Больш за 200 чалавек асудзілі на працэсе супраць мафіі
Суд у Італіі 20 лістапада 2023 года прызнаў вінаватымі і прысудзіў да розных турэмных тэрмінаў больш за 200 чалавек, звязаных з групоўкай «Ндрангета» з Калабрыі. Гэта быў найбуйнейшы за апошнія 30 гадоў працэс па справе мафіі ў краіне.
У справе фігуравалі 338 чалавек, якім прад'явілі больш за 400 пунктаў абвінавачвання, уключаючы незаконны абарот наркотыкаў і зброі, вымагальніцтва і сувязь з мафіяй. Пракуратура прасіла для 322 абвінавачаных агулам амаль 5000 гадоў турэмнага зняволення.
У выніку 131 абвінавачанага суд апраўдаў, а 207 — прысудзіў агулам больш чым да 2000 гадоў зняволення. Двое вядучых сябраў «Ндрангеты» — Саверыа Рацыянале і Даменіка Банавотэ — атрымалі па 30 гадоў пазбаўлення волі, што стала найбольш суровым пакараннем у справе. Сярод асуджаных быў былы дэпутат парламента Джанкарла Пітэлі, якога прысудзілі да 11 гадоў турмы.
Гандаль зброяй і людзьмі
«Ндрангета» лічыцца адной з найбольш уплывовых сучасных мафіёзных груповак у Італіі. Яна займаецца гандлем зброяй, людзьмі і наркотыкамі, мае шматмільярдныя абароты. У 2016 годзе яе чальцоў ужо абвінавачвалі ў махінацыях у будаўнічым бізнэсе і пры аперацыях з нерухомасцю на поўначы Італіі пасля двух разбуральных землятрусаў у 2012 годзе.