Сусветныя цікавосткі: Цмок для татараў, дзяўчаты супраць дыктатараў
Прапануем вам традыцыйны агляд кур'ёзных навін з усяго свету.
Чаму дыктатары баяцца дзяўчатак?
Выданне War on the rock (ЗША) вырашыла вывучыць феномен цяперашніх масавых пратэстаў у Іране, у якіх актыўна ўдзельнічаюць школьніцы і студэнткі. Дзяўчаты выходзяць на вуліцы, абураныя смерцю 15-гадовай равесніцы (яе забілі ў паліцэйскім пастарунку з-за парушэння нормаў ісламскага гардэроба). Журналісты звярнулі ўвагу на цікавы момант: доўгі час менавіта жаночы бытавы і сямейны кансерватызм быў адной з асноў стабільнасці аўтарытарных рэжымаў.
У тым ліку таму, што вобраз мужа праецыраваўся на вобраз дыктатара. Аднак сёння з-за глабалізацыі ў аўтарытарных краінах адбываецца крах старых уяўленняў пра гендарныя забабоны, што ставіць пад пытанне таксама аўтарытэт усёй улады. Як адзначае выданне, «гендар, такім чынам, здаецца ключавым, хоць і недаацэненым фактарам, здольным выклікаць разлом у аўтарытарных грамадствах, з якімі Злучаныя Штаты і іх саюзнікі стратэгічна канкуруюць».
Ці стануць дзяўчаты праваднікамі дэмакратыі ў аўтарытарных краінах — цяжка сказаць, але дыктатарам, як гаворыцца ў артыкуле, цяпер лепш трымацца ад іх на дыстанцыі.
Па матэрыялах амерыканскай прэсы
Права на акцэнт
Сёлета ВВС (Брытанская радыёвяшчальная карпарацыя) святкуе сотую гадавіну з часу заснавання. Увесь гэты час кампанія працавала годна, яе матэрыялы адзначаюцца высокай якасцю. Шмат у чым гэта тлумачыцца тым, што ВВС не кантралюецца палітыкамі або алігархамі.
Аднак нечакана ў дзейнасці карпарацыі знайшоўся негатыў. Брытанская прэса звярнула ўвагу, што ВВС нясе адказнасць за стандарты вымаўлення ў англамоўным свеце. Яшчэ ў 1920-я дырэкцыя кампаніі патрабавала, каб усе дыктары ў эфіры казалі выключна на так званай паўднёва-брытанскай мове. На першы погляд, у гэтым няма нічога страшнага. Але насамрэч такім чынам быў створаны падмурак для дыскрымінацыі тых, хто кажа з іншымі рэгіянальнымі акцэнтамі.
Такая практыка захавалася дасюль. Апошняе даследаванне наконт «прадузятасці акцэнту» паказвае, што ў Брытаніі 47% студэнтаў універсітэтаў і 46% дарослых падвяргаліся крытыцы або былі аб'ектамі жартаў праз акцэнт. Яго наяўнасць вельмі часта становіцца перашкодай для сацыяльнай мабільнасці. У выніку падчас святкавання 100-й гадавіны ВВС гучыць заклік назаўжды пакінуць у мінулым уяўленне аб правільным вымаўленні.
Паводле брытанскай прэсы
Вярніце татарам цмока!
У Татарстане ўзнята пытанне аб змены сімволіцы краю. Сёння сімвалам аўтаноміі з'яўляецца белы барс. Аднак некаторым падаецца, што барс адлюстроўвае толькі пэўны сегмент татарскай свядомасці, не акцэнтуючы ўвагу на праблеме незалежнасці. Татарскім сімвалам, па меркаванні шэрагу гісторыкаў, мае стаць хутчэй Барадж (цмок). Аказваецца, цмок мае вялікую гістарычную пераемнасць, бо выкарыстоўваўся ў якасці ваеннага сімвала ўжо ў часы Волжскай Булгарыі. Быў ён таксама намаляваны на сцягу Казанскага ханства. Барадж фігуруе ў мностве татарскіх легенд і паданняў у якасці абаронцы татарскай зямлі. Паводле адной з легенд, ён жыў недзе пад Казанню і і як раз напярэдадні прыходу войскаў Івана Жахлівага кудысьці паляцеў. Што і абумовіла падзенне Казанскага ханства і пачатак дзяржаўнасці татар. Як лічаць ініцыятары геральдычнай рэформы, «папулярызацыя вобразу цмока адпавядае не толькі крытэрыю пераемнасці сімвалаў, але і ўвасабляе ідэю аб абароне роднай зямлі, народа і адраджэнні татарскай нацыі».
Пакуль улады ігнаруюць заклікі наконт новай сімволікі. Застаецца дадаць, што менавіта сімвал цмока меркаваўся ў якасці першага варыянта герба сучаснага Татарстана, але ў выніку чамусьці перамог барс.
Па матэрыялах расійскай прэсы
Жрэц замест ЗАГСа
У латышскіх язычнікаў свята: Сейм краіны канцэптуальна падтрымаў іх папраўкі да Грамадзянскага закону. Папраўкі даюць юрыдычны статус шлюбнаму рытуалу, які заключае паганскі жрэц. Зрэшты, гаворка ідзе толькі аб адной секце — гэтак званай Дыеўтуры («богаўтрымальнікі»). Гэты неапаганскі рух з'явіўся каля ста гадоў таму. Новая паганская вера грунтавалася на тэзе аб перавазе, унікальнасці і богаабранасці латышскай нацыі, якая, супрацьстоячы хрысціянству, здолела захаваць сваю самабытнасць. З-за ўдзелу ў нацыянальных пагромах секту забаранілі яшчэ ў часы незалежнасці. Але самыя цяжкія часы для паганцаў пачаліся, калі Латвія ўвайшла ў склад СССР. Камуністы перасаджалі ўсіх, каго змаглі адлавіць, у тым ліку і за супрацоўніцтва з нацыстамі.
Паганцы вярнуліся ў Латвію пасля перабудовы і прыцягнулі да сябе ўвагу экзатычнымі акцыямі: то яны публічна знішчалі партрэты Патрыярха Алексія II, то патрабавалі ад уладаў зрабіць дзяржаўнымі народныя святы, якія адзначаюцца па сонечным календары, то пісалі лісты Папе Рымскаму, патрабуючы не перашкаджаць намаганням па ўзнаўленні «старажытнай балтыйскай веры». Рух мае салідную падтрымку этнічных латышоў. Паводле нядаўняга апытання, 29% аўтахтонаў лічаць паганства асноўнай канфесіяй краіны. Цікава, што эксперты тлумачаць гэты феномен не толькі тым, што ўлады не перашкаджаюць паганцам. Магчыма, выбар на карысць паганства дапамагае латышам кампенсаваць тое, што Латвіяй стагоддзямі камандавалі іншаземцы — то немцы, то палякі, то шведы, то рускія.
Па матэрыялах латышскай прэсы