Сёння, 9 ліпеня, літоўскія памежнікі пачынаюць «італьянскі страйк»
Літоўскія памежнікі ў аўторак раніцай пачынаюць так званы «італьянскі страйк», г.зн. усіх людзей і транспарт, што перасякаюць мяжу Літвы, будуць правяраць, строга выконваючы свае службовыя абавязкі і правілы, ні на крок не адыходзячы ад іх.
Акцыі пратэсту пройдуць на пунктах перасячэння літоўска-беларускай мяжы ў Медзінінкай (з беларускага боку — памежны пункт «Каменны Лог»), Шальчынінкай (Беняконі), Лаварышках (Катлоўка) і Райгардасе (Прывалка).
«Памежнікі асабліва старанна будуць правяраць дакументы кіроўцаў, пасажыраў, аўтамабіляў. Зразумела, новыя працэдуры ніхто выдумляць не стане, будуць выконвацца ўсе прадугледжаныя. Штучна чэргі на мяжы ствараць не станем», — адзначыў прафсаюзны лідар Уладзімірас Банеліс.
Пра акцыю праінфармаваныя амбасады замежных дзяржаў, Міністэрства замежных спраў, Асацыяцыя перавозчыкаў, грамадскасць Беларусі. Тым, хто спяшаецца, рэкамендуецца выбраць іншыя памежныя пункты.
Статутныя супрацоўнікі — паліцэйскія, пажарныя, памежнікі — сваімі акцыямі пратэсту спрабуюць уздзейнічаць на ўлады, дамагаючыся павышэння фінансавання, заробкаў, забеспячэння сацыяльных гарантый.