Расійскія СМІ паведамілі пра спіс украінцаў, якім забаронены ўезд у Расію на 50 гадоў
Адразу два расійскія выданні — Ren.tv і «Известия» — абнародавалі фотаздымак са спісам украінскіх акцёраў, выканаўцаў і тэлевядоўцаў, якім нібыта забаранілі наведваць Расію цягам 50 гадоў.
У спісе прозвішчы 31 творчага прадстаўніка Украіны, у тым ліку:
- спявачкі Ціна Караль і Святлана Лабада,
- лідар групы «Валянцін Стрыкала» Юры Каплан,
- вядоўца праграмы «Мир наизнанку» Дзмітрый Камароў,
- музыкі Насця Каменскіх і Патап,
- Дзмітрый Манацік,
- Святаслаў Вакарчук,
- Андрэй Данілка (Сярдзючка),
- акцёрка Міла Савіцкая,
- Джамала (Сусана Алімаўна Джамаладзінава),
- доктар Яўген Камароўскі, чамусьці далучаны да творчых асобаў.
Уезд у Расію абмежавалі таксама і для вядоўцаў турыстычнай праграмы Мікалая Сяргі і Андрэя Беднякова.
Расійскія СМІ выказалі меркаванне, што забарона ўведзеная ў адказ на іх публічную крытыку вайны Расіі ва Украіне, якую расійскія выданні называюць «спецыяльнай ваеннай аперацыяй». На сайце выдання «Известия» удакладнілі, што «афіцыйныя каментары ад расійскіх праваахоўных органаў пакуль не паступалі».