Расійцы не разумеюць «дэнацыфікацыю» і не могуць вымавіць гэтае слова

Расія прыняла рашэнне значна скараціць выкарыстанне азначэння «дэнацыфікацыя», якую Уладзімір Пуцін разам з «дэмілітарызацыяй» згадваў як прычыну пачатку вайны супраць Украіны. Расійцы не разумеюць значэнне гэтага слова.

fr3smxqxwampbyg.jfif


У сваім выступе 24 лютага Пуцін назваў мэтамі так званай спецаперацыі «дэмілітарызацыю і дэнацыфікацыю Украіны». Паколькі заяву рыхтавалі ў абстаноўцы сакрэтнасці, азначэнні, якія ў ёй выкарыстоўваюцца, не паспелі прапрацаваць спецыялісты, піша РБК-Украіна са спасылкай на даследаванне журналістаў выдання «Праект».

Пры гэтым расійскім прапагандыстам давялося бясконца паўтараць пра «дэнацыфікацыю».

«Амаль адразу высветлілася, што азначэнне — няўдалае. Прыкладна праз тыдзень пасля пачатку вайны Крэмль папрасіў сваіх сацыёлагаў правесці закрытыя тэлефонныя сацапытанні, у тым ліку з пытаннем пра стаўленне расійцаў да асноўных тэзісаў прапаганды», — гаворыцца ў артыкуле.

Чатыры суразмоўцы выдання — высокапастаўлены медыяменеджар і блізкія да Крамля сацыёлаг і паліттэхнолагі — сцвярджаюць, што рэспандэнты не змаглі растлумачыць значэнне слова «дэнацыфікацыя». Пры гэтым адзін з апытаных падкрэсліў, што расійцам было складана нават вымавіць гэтае слова.

«Пасля гэтага ў нас пачаўся бардак — кожны тыдзень шукалі новыя словы, але нічога больш удалага падабраць не атрымалася», — паскардзіўся суразмоўца, блізкі да Крамля.

У сувязі з гэтым улады РФ вырашылі рэзка скараціць выкарыстанне слова «дэнацыфікацыя» ў эфіры, паколькі зусім адмовіцца ад яго было немагчыма: «Нельга проста забыцца на агучаную прэзідэнтам мэту».