Расія высоўвае Украіне загадзя непрымальныя патрабаванні. Што скажа каманда Трампа?

Сёння ў ААЭ пройдуць перамовы паміж прадстаўнікамі ЗША і Расіі, якія паспрабуюць намацаць умовы мірнага пагаднення. Аднак эксперты, па-першае, не чакаюць ад гэтага раўнду размоў нічога вырашальнага, а па-другое, Расія вуснамі свайго прадстаўніка ў ААН агучыла загадзя непрымальныя ўмовы. Што адкажа каманда Трампа? Ідзе 1090-ты дзень шырокамаштабнай вайны ва Украіне, развязанай Расіяй пры саўдзеле рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: Генштаб УСУ

Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: Генштаб УСУ

За мінулыя суткі на фронце адбылося 139 баявых сутыкненняў. Больш за ўсё расійцы ціснулі на Пакроўскім, а таксама Новапаўлаўскім кірунках, паведамляе ў ранішняй зводцы 18 лютага Генеральны штаб Узброеных Сіл Украіны (УСУ).

На Пакроўскім кірунку расійцы 55 разоў атакавалі ў раёнах Луча, Лісоўкі, Новаўкраінкі, Пясчанага, Котлінага і не толькі. На Новапаўлаўскім кірунку адбіта 23 атакі арміі РФ у раёне Навасёлкаў і ў напрамку Канстанцінопаля.

На Купянскім кірунку адбылося 10 атак, на Ліманскім кірунку расійцы атакавалі шэсць разоў. Пяць штурмаў адбіта на Тарэцкім кірунку, шэсць — на Краматорскім.

У Курскай вобласці Расіі ўкраінскія ваяры адбілі 13 нападаў расійцаў.

* * *

На фронце фіксуецца прасоўванне расійскіх падраздзяленняў пад Тарэцкам, Пакроўскам, Курахава і Вялікай Навасёлкай, паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

У Мінабароны РФ 17 лютага заявілі аб захопе Фігалеўкі (на поўнач ад Купянска), але па даных ISW расіяне акупавалі населены пункт па стане на 6 лютага.

Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 13 і 15 лютага паказваюць, што расійцы прасунуліся на паўднёвы захад ад Леанідаўкі і ўздоўж вуліцы Кастрычніцкай у паўночнай частцы Тарэцка.

Геалакацыйныя кадры ад 17 лютага паказваюць, што расійцы прасунуліся на ўсходнюю ўскраіну Пяшчанага. Расійскія крыніцы сцвярджалі, што УСУ контратакавалі ў Пяшчаным, паблізу Лісоўкі і Котліна і на паўночны ўсход ад Шаўчэнкі (на поўдзень ад Пакроўска).

Раней АСУВ «Хорціца» паведамляла, што расійцаў выбілі з Пяшчанага. Верагодна, расійскія войскі спрабуюць аднавіць пазіцыі ў гэтым населеным пункце.

* * *

З вечара 17 лютага расійскія вайскоўцы атакавалі Украіну 176-ю ўдарнымі БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікамі розных тыпаў. 170 дронаў не дасягнулі мэтаў, паведамілі Паветраныя сілы УСУ.

Пацверджана збіццё 103 ударных БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікаў іншых тыпаў. 67 беспілотнікаў лакацыйна страчаныя (без негатыўных наступстваў).

У паветраных сілах адзначылі, што ад варожай атакі пацярпелі Кіраваградская, Харкаўская, Кіеўская і Чаркаская вобласці.

* * *

_rosi__u_vijni_18_ljutoho_2025_roku.jpg

* * *

ЗША падчас перамоваў з прадстаўнікамі Расіі ў Саудаўскай Аравіі хочуць высветліць намеры Масквы. Дэталі ўгоды абмяркоўвацца не будуць, заявіла прэс-сакратарка Дзярждэпартамента ЗША Тэмі Брус. Паводле яе слоў, сустрэча — спосаб «вызначыць, ці сур'ёзныя намеры рускіх і ці знаходзяцца яны на адной хвалі» з ЗША ў пытанні спынення вайны ва Украіне.

«Я не думаю, што людзі павінны разглядаць гэта як нешта, якое тычыцца дэталяў або прасоўвання наперад у нейкіх перамовах», — заявіла Брус, адмовіўшыся сказаць, ці можа прадуктыўная сустрэча прывесці да саміту Трампа і Пуціна.

* * *

Крэмль вяртаецца да папярэдніх патрабаванняў Уладзіміра Пуціна і інфармацыйных аперацый, накіраваных на прызнанне нелегітымным кіраўніцтва Украіны перад краінамі Захаду. Кампанія актывізавалася напярэдадні сустрэчы Расіі і ЗША ў Саудаўскай Аравіі, адзначаюць экспэрты Інстытута вывучэння вайны (ISW).

Падчас пасяджэння Рады Бяспекі ААН 17 лютага пастаянны прадстаўнік Расіі пры ААН Васіль Небензя паўтарыў патрабаванне Пуціна, што Украіна павінна правесці выбары да імплементацыі любых мірных пагадненняў. Такім чынам расійскі дыпламат працягвае спробы Крамля, накіраваныя на ілжывае прызнанне нелегітымнай дзейнай украінскай улады.

Акрамя таго, Небензя заявіў, што Украіна «незваротна страціла» акупаваныя Расіяй тэрыторыі і павінна саступіць яшчэ частку сваіх рэгіёнаў. Са слоў Небензі, Украіна павінна пагадзіцца на перагляд тэрытарыяльных межаў у рамках мірных перамоваў, аддаўшы Расіі тэрыторый Данецкай, Запарожскай і Херсонскай абласцей, якія цяпер кантралююцца Кіевам.

Як адзначаюць у ISW, гэта сведчыць, што Расія не мае намеру ўзяць абавязанні выконваць пагадненні, заключаныя з дзейным урадам Украіны.

«Відавочнае нежаданне Крамля ісці на тэрытарыяльныя саступкі, браць на сябе абавязацельствы выконваць любую будучыню мірнае пагадненне з Украінай або прыцягваць да гэтых перамоваў еўрапейскіх лідараў ставіць пад сумнеў гатоўнасць Пуціна да добрасумленных перамоваў, якія маглі б прывесці да доўгатэрміновага міру ва Украіне і Еўропе ў больш шырокім сэнсе», — канстатуюць у Інстытуце вывучэння вайны.

* * *

Генеральны сакратар NATO Марк Рутэ пасля «экстранага саміту» ў Парыжы заявіў пра гатоўнасць Еўропы ўзяць на сябе ініцыятыву ў пытанні прадастаўлення Украіне гарантый бяспекі.

«Еўропа гатовая і жадае актывізавацца. Узначальваць забеспячэнне гарантый бяспекі Украіны. Гатовыя інвеставаць значна больш у нашу бяспеку», — гаворыцца ў публікацыі генеральнага сакратара NATO. Акрамя таго Рутэ выказаўся пра неабходнасць у далейшым вызначыць дэталі, але дадаў пры гэтым, што «абавязацельствы — выразныя».

* * *

У будучых гарантыях бяспекі для Украіны павінны ўдзельнічаць ЗША. Гэта «адзіны спосаб» эфектыўнага стрымлівання краіны-агрэсара Расіі ад паўторнага нападу на Украіну, заявіў прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер. Ён паўтарыў, што гатовы разгледзець патэнцыйнае разгортванне войскаў ва Украіне, але падкрэсліў, што Амерыка павінна даць «падтрымку» любым міратворчым сілам.

«Гарантыя бяспекі з боку ЗША — гэта адзіны спосаб эфектыўна стрымаць Расію ад паўторнага нападу на Украіну», — падкрэсліў ён.

Брытанскі прэм'ер адзначыў, што сёння на карту пастаўлена не толькі будучыня Украіны, але і ўсёй Еўропы. «Гэта экзістэнцыяльнае пытанне для Еўропы ў цэлым, а таму жыццёва важнае для нацыянальных інтарэсаў Брытаніі. Гэта ўнікальны момант для калектыўнай бяспекі нашага кантынента. Любое мірнае пагадненне для Украіны павінна абараняць яго суверэнітэт і стрымліваць Уладзіміра Пуціна ад удзелу ў далейшай агрэсіі», — падкрэсліў Стармер.

* * *

У той жа час лідары краін Еўропы на саміце 17 лютага ў сталіцы Францыі перасцераглі Кіеў аб небяспецы замарожвання баявых дзеянняў на фронце без заключэння мірнага пагаднення, піша Reuters.

«Мы лічым небяспечным заключаць перамір'е без мірнага пагаднення адначасова», — дадаў еўрапейскі чыноўнік. Акрамя таго, прадстаўнік Еўрасаюза на ўмовах ананімнасці заявіў, што краіны Еўропы згодныя з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам адносна яго падыходу «мір праз сілу».