ISW: Расія плануе далейшую ваенную кампанію, што паказвае яе незацікаўленасць у перамовах
Эксперты амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW) шмат увагі надалі планам і заявам Расіі. На іх думку, кіраўніцтва РФ не збіраецца весці добрасумленныя перамовы пра мір ва Украіне. Ідзе 1090-ты дзень шырокамаштабнай вайны ва Украіне, развязанай Расіяй пры саўдзеле рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Ілюстрацыйнае фота
Пачаліся тысячы дзевяностыя суткі шырокамаштабнай узброенай агрэсіі Расійскай Федэрацыі супраць Украіны, за мінулыя суткі адбылося 129 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 17 лютага.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны адбілі 40 атак расіян. Найбольшую актыўнасць расійцы праяўляюць непадалёк Вадзянога Другога, Елізаветаўкі, Пясчанага, Удалага, Успенаўкі, Дачнага і Улаклаў. На Купянскім кірунку адбылося 16 баявых сутыкненняў паблізу Петрапаўлаўкі, Загрызавага, Багуслаўкі, Пясчанага.
Сілы абароны Украіны працягваюць стрымліваць расіян на Новапаўлаўскім кірунку. У раёнах Канстанцінопаля, Бурлацкага, Новаачарэтавага і Навасёлак расіяне 18 разоў спрабавалі прарваць украінскія абарончыя рубяжы.
На Ліманскім кірунку УСУ спынілі 13 атак праціўніка
На Краматорскім і Тарэцкім кірунках украінскія войскі адбілі па 8 штурмаў расіян.
У Курскай вобласці Расіі УСУ адбілі дзевяць штурмаў. Расіяне нанеслі па сваёй тэрыторыі 51 авіяўдар, скінуўшы 80 КАБаў.
* * *
Сілы абароны Украіны нядаўна прасунуліся паблізу Тарэцка. Між тым фіксуецца прасоўванне расійскіх войск каля Купянска, Северска, Курахава і ў Курскай вобласці, паведамляе 17 лютага амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Войскі РФ нядаўна прасунуліся ў райне «ўкраінскага плацдарма» ў Курскай вобласці. Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 15 лютага, паказваюць на тое, што расійцы прасунуліся ў паўднёва-ўсходняй частцы Свердлікава.
Намеснік камандзіра аднаго з украінскіх падраздзяленняў у Курскай вобласці паведаміў, што нядаўна паўночнакарэйскія салдаты аднавілі штурмы групамі ад 10 да 15 чалавек, і што групы атакуюць больш разведзенымі фарміраваннямі, каб УСУ было складаней біць па атакуючым сілам праціўніка. Аналітыкі адзначылі, што раней войскі КНДР выйшлі з баёў у Курскай вобласці праз вялікія страты, якія здараліся з-за таго, што паўночнакарэйскія падраздзяленні атакавалі вялікімі групамі. Інфармацыя пра тое, што войскі КНДР скарэктавалі сваю тактыку на поле бою для процідзеяння ўдарам украінскіх беспілотнікаў, «паказвае на тое, што паўночнакарэйскія сілы, магчыма, засвойваюць урокі і атрымліваюць каштоўны баявы досвед», адзначаюць эксперты.
* * *
Геалакацыйныя кадры ад 16 лютага паказваюць, што расійскія войскі перасеклі раку Аскол і прасунуліся ў палях на паўднёвы захад ад Таполі (на паўночны ўсход ад Купянска) у Луганскай вобласці. 16 лютага спікер групы войскаў УСУ «Хорціца» маёр Віктар Трэгубаў паведаміў, што расійцы ўзмацнілі наступ на Купянскім кірунку з мэтай фарсіравання ракі Аскол і стварэння плацдарма на заходнім (правым) беразе ракі.
Геалакацыйныя кадры ад 16 лютага паказваюць, што расійцы нязначна прасунуліся ў паўночнай частцы Белагораўкі (на паўночны ўсход ад Северска) у Данецкай вобласці. Сілы абароны Украіны прасунуліся ў паўночнай частцы Тарэцка.
16 лютага той жа Віктар Трэгубаў заявіў, што нядаўна УСУ выціснулі расійскіх акупантаў з Пяшчанага часткова дзякуючы эфектыўнаму ўзаемадзеянню беспілотнікаў і дэсантнікаў.
Расійскія войскі нядаўна прасунуліся на Курахоўскім кірунку — на паўднёвы ўсход ад Улаклаў. Дадатковыя кадры з геалакацыяй, апублікаваныя 16 лютага, паказваюць, што войскі РФ праводзяць механізаваны штурм на паўднёвую ўскраіну Улаклаў, і на паўднёвы захад ад населенага пункта, што паказвае на тое, што расіяне прасунуліся ў гэты раён, гаворыцца ў публікацыі ISW.
* * *
У 2025 годзе прыярытэтнай задачай вайсковага камандавання РФ будзе ціск на Канстанцінаўку — самую паўднёвую кропку ўкраінскага «Крэпаснога пояса» ў Данецкай вобласці. Але цалкам захапіць усе гарады гэтага «пояса» расійцы не змогуць, прагназуе Інстытут вывучэння вайны (ISW).
«Крэпасны пояс» Украіны — гэта 50-кіламетровая лінія з чатырох буйных гарадоў: Славянск, Краматорск, Дружкоўка і Канстанцінаўка, якія фармуюць аснову абароны Украіны ў Данецкай вобласці. Расія ўжо даўно спрабуе захапіць гэтыя населеныя пункты.
Паводле ацэнак Інстытута, расійскія сілы, якія цяпер дзейнічаюць на ўсход ад Пакроўска, размешчаны прыкладна ў 22 кіламетрах на поўдзень ад Канстанцінаўкі, — у бліжэйшай кропцы прасоўвання. А расійскія сілы, якія дзейнічаюць у Тарэцку, размешчаны прыкладна ў 11 кіламетрах ад Канстанцінаўкі ў бліжэйшай кропцы прасоўвання па стане на 16 лютага.
«Расійскія войскі могуць дасягнуць паўднёвых ускраін Канстанцінаўкі ў траўні 2025 года, калі ім удасца паўтарыць свае нядаўнія тэмпы прасоўвання на поўдзень ад Пакроўска. Аднак імавернасць гэтага нізкая, улічваючы больш магутную абарону УСУ, з якой расійскія войскі сутыкнуцца на шляху да Канстанцінаўкі, і дэградацыю расійскіх падраздзяленняў, якія ўдзельнічаюць у наступе», — гаворыцца ў справаздачы ISW.
У той жа час, на сёння расійскія войскі размешчаныя на адлегласці ад 25 да 30 кіламетраў ад усходняй ускраіны Славянска, прыкладна 20 кіламетраў ад усходняй ускраіны Краматорска і дзевяці кіламетрах ад паўночна-ўсходняй ускраіны Канстанцінаўкі — бліжэйшых кропак уздоўж лініі фронту ў Данецкай вобласці.
У ISW адзначаюць, што перш чым пачаць прадстаўляць пагрозу Славянску, расійскім войскам на Ліманскім і Северскім кірунках прыйдзецца захапіць Ліман і Северск, на што, верагодна, сыдзе некалькі месяцаў, а далей, — прасунуцца праз шматлікія палі і невялікія населеныя пункты.
У справаздачы нагадалі, што большую частку апошніх 10 месяцаў, расійцы павольна прасоўваліся праз гарадскія раёны Часавага Яра і Тарэцка, але да гэтага часу не змаглі цалкам захапіць гэтыя гарады.
«Прасоўванне расійскіх войскаў на ўсход і поўдзень ад Канстанцінаўкі можа аказаць ціск на “Крэпасное кальцо”, аднак наўрад ці расійскія войскі цалкам разбураць і захопяць гэтае кальцо ў 2025, ці нават 2026 годзе», — канстатуюць эксперты.
* * *

* * *
Таксама аналітыкі ISW у чарговы раз адзначаюць, што заявы і дзеянні Расіі сведчаць аб негатоўнасці Крамля да добрасумленных перамоваў і спынення вайны ва Украіне.
У гэты раз у ISW звярнулі ўвагу на словы прэс-сакратара Крамля Дзмітрыя Пяскова пра тое, што Расія скарэктавала свой падыход да патэнцыйных перамоваў з Украінай, паколькі Украіна нібыта мае «дэфіцыт суверэнітэту». Пяскоў таксама працягнуў даўнія спробы Крамля ўскласці віну за поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну на УКраіну, сцвярджаючы, што Украіна была б «цэласнай», што ўкраінскія ўлады не «здзекаваліся» б з расійцаў на ўсходзе Украіны, што не было б «грамадзянскай вайны» і што расійцы на ўсходзе Украіны не мелі б «жадання... аддзяліцца ад Украіны», калі б Украіна выканала ўмовы Мінскіх пагадненняў.
«Мінскія пагадненні былі надзвычай спрыяльнымі для Расіі, не накладваючы ніякіх абавязанняў на Маскву, аднак расійскія марыянеткі ўвесь час парушалі пагадненні пры падтрымцы Расіі», — адзначылі эксперты ISW.
Эксперты таксама дадаюць, што расійскія вайскоўцы, падобна, рыхтуюцца да шматгадовых намаганняў па захопу «фартыфікацыйнага пояса» Украіны ў Данецкай вобласці, што яшчэ раз падкрэслівае відавочную незацікаўленасць Пуціна ў працяглым і трывалым свеце ва Украіне.
* * *
Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер заявіў, што гатовы ўвесці брытанскія войскі ва Украіну для забеспячэння выканання любых мірных пагадненняў. «Вялікабрытанія гатовая граць вядучую ролю ў паскарэнні працы па гарантыях бяспекі для Украіны. Гэта ўключае далейшую падтрымку ўкраінскіх вайскоўцаў, куды Вялікабрытанія ўжо вылучае 3 мільярды фунтаў стэрлінгаў у год прынамсі да 2030 года. Гэта таксама азначае гатоўнасць і жаданне ўнесці ўклад у забеспячэнне гарантый бяспекі Украіны шляхам размяшчэння нашых войскаў на месцах, калі гэта неабходна» — заявіў Стармер.
Ён адзначыў, што «любая роля ў дапамозе гарантаваць бяспеку Украіны дапамагае гарантаваць бяспеку нашага кантынента і бяспекі гэтай краіны», і сказаў, што канец вайны не павінен стаць часовай паўзай перад новай атакай Пуціна.
* * *
У Саудаўскай Аравіі плануецца сустрэча дэлегацый Злучаных Штатаў і РФ на аўторак, 18 лютага. Бакі будуць абмяркоўваць пытанне аб магчымых перамовах для спынення расійска-ўкраінскай вайны. Паводле звестак амерыканскіх СМІ, ад ЗША на заўтрашняй сустрэчы з расійцамі будуць:
- дзяржаўны сакратар Марка Рубіа;
- дарадца прэзідэнта Штатаў па нацыянальнай бяспецы Майкл Уолтц;
- а таксама спецыяльны пасланнік па Блізкім Усходзе Стыў Уіткаф.
Пакуль дакладна не вядома, хто на сустрэчы ўзначаліць расійскую дэлегацыю. Між тым заходнія СМІ пішуць, што гэта можа быць:
- міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў;
- памочнік Уладзіміра Пуціна Юрый Ушакоў;
- дырэктар Службы знешняй разведкі Сяргей Нарышкін.