Расія плануе размясціць новыя ваенныя базы ў Беларусі?
Украінскае выданне «Карэспандэнт» не выключае, што ў РБ хутка з’явяцца новыя ваенныя базы Расіі. Гэта вынікае з дакумента, што падпісалі Пуцін з Лукашэнкам у снежні 2024 года. Цяпер Пуцін падаў яго на ратыфікацыю ў Дзярждуму. Ідзе 1079-мы дзень шырокамаштабнай вайны ва Украіне, развязанай Расіяй пры саўдзеле рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
За мінулыя суткі на фронце зафіксавана 90 баявых сутыкненняў. Часцей за ўсё расіяне атакуюць на Пакроўскім, Тарэцкім і Ліманскім кірунках, паведаміў Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 6 лютага.
Найбольшая актыўнасць па-ранейшаму назіраецца на Пакроўскім кірунку — украінскія абаронцы спынілі 24 атакі арміі РФ. На Ліманскім кірунку зафіксавана 11 атак. На Тарэцкім і Северскім кірунках расійцы здзейснілі па 9 штурмаў каля Тарэцка, Шчарбінаўкі, Северска і Верхнекаменскага.
На Краматорскім і Новапаўлаўскім кірунках адбылося па 3 баі.
У Курскай вобласці Расіі ўкраінскія вайскоўцы адбілі 9 атак праціўніка. Расіяне нанеслі 54 авіяўдары па сваёй тэрыторыі, выкарыстаўшы 78 кіраваных авіябомбаў.
За час Курскай аперацыі УСУ абясшкодзілі амаль 40 тысяч расійскіх салдат, паведаміў Генштаб УСУ. «За 6 месяцаў актыўных баявых дзеянняў у Курскай вобласці агульныя страты расійцаў у жывой сіле складаюць прыкладна 39.900 чалавек, з іх каля 16.100 — забітымі. Падчас аперацыі ўкраінскія сілы ўзялі ў палон 909 расійскіх вайскоўцаў, істотна папоўніўшы абменны фонд. Гэта дазволіла вярнуць дадому сотні ўкраінскіх абаронцаў, якія знаходзіліся ў расійскіх турмах», — падлічылі ў Генштабе УСУ.
* * *
Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) фіксуе прасоўванне расійскіх войскаў пад Купянскам, Тарэцкам, Курахава і таксама каля Пакроўска. Сілы абароны Украіны мелі поспех пад Пакроўскам на паўднёвы захад ад горада.
Украінскі вайсковы аглядальнік Канстанцін Машавец 5 лютага заявіў, што расійскія захопнікі акупавалі населены пункт Заходняе (на поўнач ад Купянска). У Мінабароны РФ 5 лютага заявілі аб захопе Навамлінска (на паўночны ўсход ад Купянска), але ў ISW заўважылі, што расійцы акупавалі гэты населены пункт яшчэ па стане на 31 студзеня.
Расійскі блогер сцвярджаў, што да поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну ў 2022 годзе ў Навамлінску пражывала блізу 15 чалавек.
Спікер украінскай брыгады, якая дзейнічае на Купянскім кірунку, заявіў, што расійцы выкарыстоўваюць у пяхотных штурмах гэтага раёна прызыўнікоў і мабілізаваных, некаторыя з якіх прайшлі ўсяго 1-2 тыдні падрыхтоўкі.
Спікер Луганскай групоўкі войскаў УСУ падпалкоўнік Дзмітрый Запарожац заявіў, што расійцы актывізаваліся ў паўночнай частцы Часавага Яру і спрабуюць прасунуцца да цэнтра горада. Колькасць расійскіх штурмаў на Часаваярскім кірунку вырасла на 97% у параўнанні са снежнем 2024 года. Расійцы вядуць франтальны штурм у цэнтры горада.
Ён жа паведаміў, што войскі РФ усё часцей вядуць лабавы ўдар па Тарэцку, колькасць расійскіх штурмаў на Тарэцкім кірунку вырасла на 30% у параўнанні са снежнем 2024 года.
Геалакацыйныя кадры ад 5 лютага паказваюць, што Сілы абароны Украіны нядаўна прасунуліся на ўсход ад Надзееўкі — на паўднёвы захад ад Пакроўска. Разам з тым тыя ж кадры сведчаць, што расійцы прасунуліся ў паўднёвую частку населенага пункта Срэбнае — таксама на паўднёвы захад ад Пакроўска. Украінскі вайсковы аглядальнік Канстанцін Машавец 4 лютага ацаніў, што расійцы, імаверна, акупавалі Срэбнае.
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 4 лютага, паказваюць, што расійцы прасунуліся ў поле на паўднёвы захад ад Дачнага, — на захад ад Курахава.
На іншых частках фронту прасоўванняў з таго ці іншага боку не зафіксавана.
* * *
* * *
У ноч на 6 лютага Расія выпусціла 77 ударных беспілотнікаў і дронаў-імітатараў па Украіне, 56 з іх знішчыла СПА, 18 — лакацыйна страчаныя. Але ёсць і трапленні, паведамляюць Паветраныя сілы УСУ.
У Харкаве ў ноч на 6 лютага беспілотнікі пашкодзіў найбуйнейшы рынак горада і транспартнае прадпрыемства. Прадстаўнік Харкаўскай аблпракуратуры Дзмітрый Чубенка распавёў, што ўдары БПЛА «Герань-2» былі нанесеныя ў 23:30 — па Кіеўскім раёне горада Харкаў, і ў 01:00 — па Навабаварскім раёне.
У Кіеўскім раёне беспілотнік трапіў у дах найбуйнейшага рынку Харкава, з-за выбуху былі пашкоджаныя гандлёвыя павільёны, раненні атрымалі ахоўнікі, што былі на месцы. У Навабаварскім раёне дрон трапіў па тэрыторыі транспартнага прадпрыемства. Тут абышлося без траўміраваных.
Падраздзяленні сіл беспілотных сістэм УСУ разам з іншымі складнікамі Сіл абароны атакавалі аэрадром «Прыморска-Ахтарскі» ў Краснадарскім краі РФ ноччу 6 лютага. З гэтага аэрадрома ажыццяўляюцца пускі «Шахедаў» па Украіне.
«Пацверджана трапленне і выбухі ў раёне цэлі. Узнік пажар. Вынікі атакі ўдакладняюцца», — паведамілі ў Генштабе УСУ.
* * *
Расія плануе размясціць у Беларусі новыя вайсковыя базы, піша ўкраінскі «Карэспандэнт». Такая выснова зроблена з таго, што Пуцін падаў у Дзярждуму законапраект аб ратыфікацыі падпісанага ў снежні 2024 года пагаднення з Лукашэнкам аб гарантыях бяспекі ў межах Саюзнай дзяржавы. Беларусь, згодна з пагадненнем, «дае дазвол» на размяшчэнне на сваёй тэрыторыі расійскіх вайсковых баз і падраздзяленняў. Дакумент апублікаваны на афіцыйным сайце расійскага парламента.
Артыкул 5 пагаднення кажа, што з мэтай прадухілення і адбіцця актаў агрэсіі ў дачыненні да Рэспублікі Беларусь, на тэрыторыі Беларусі «могуць стварацца вайсковыя і іншыя аб'екты Расійскай Федэрацыі, а таксама размяшчацца вайсковыя фармаванні Расійскай Федэрацыі».
У адным з пунктаў гаворыцца, што ў выпадку «здзяйснення акта агрэсіі» ў дачыненні да любога з бакоў пагаднення, іншы бок гарантуе «неадкладнае прадастаўленне па ўзгадненні кіраўнікамі дзяржаў-бакоў ваеннай, ваенна-тэхнічнай і іншай дапамогі», пасля адпаведнага афіцыйнага звароту.
Дагавор будзе дзейнічаць не менш за 10 гадоў з аўтаматычным працягненнем на наступныя 10-гадовыя тэрміны.
* * *
Расія паслядоўна адмаўляе суверэнітэт Украіны і апраўдвае агрэсію прапагандай аб так званых «гістарычных землях». Аналітыкі Інстытута вывучэння вайны (ISW) звярнулі ўвагу на артыкул кума Пуціна і экс-кіраўніка забароненай ва Украіне партыі ОПЗЖ Віктара Медведчука, у якім той наўпрост заклікаў да анэксіі Украіны. Заявы Медведчука адлюстроўваюць стратэгічную палітыку Крамля адносна адмаўлення суверэнітэту Украіны, упэўненыя ў ISW.
У артыкуле Медведчук заклікаў Расію «вярнуць свае гістарычныя землі». Да свайго опусу ён дадаў карту, дзе ўсе ўкраінскія тэрыторыі на ўсход ад Львоўскай, Тэрнопальскай і Чарнавіцкай абласцей пазначаныя як частка «гістарычнай Расіі». Ён таксама заяўляе, што заходняя падтрымка Украіны накіраваная на знішчэнне Расіі знутры. Акрамя таго, украінцаў алігарх назваў «сучаснымі варварамі», якіх Расія павінна «выратаваць».
«Рыторыка Медведчука як прадстаўніка расійскай эліты, цесна звязанай з Пуціным, сведчыць аб сістэмным нежаданні Крамля весці перамовы з Украінай і Захадам і яго прынцыповую адмову прызнаваць легітымнасць украінскай дзяржавы і ўрада», — падкрэслілі эксперты ISW.