Расія хоча перамір’я на сваіх умовах. Сусветныя лідары супраць

Расія вызваліла Суджу ў Курскай вобласці, і ад гэтага ў некаторых яе чыноўнікаў паўстала «галавакружэнне ад поспехаў» — яны наўпрост лічаць непатрэбным перамір'е ва Украіне. Таму сусветныя лідары заявілі, што Расію трэба прымусіць да міру. Ідуць 1117-я суткі вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ

Фота: Генштаб УСУ

За мінулыя суткі зафіксавана 148 баявых сутыкненняў, піша Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 16 сакавіка. На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 36 наступальных дзеянняў расіян у раёнах населеных пунктаў Новатарэцкае, Лізаветаўка, Свірыдонаўка, Прамень, Котліна, Успенаўка, Андрэеўка і іншых

17 атак здзейснілі расіяне на Тарэцкім кірунку ў раёнах Тарэцку і Дружбы. 16 разоў армія РФ атакавала на Ліманскім кірунку, спрабуючы ўклініцца ў абарону УСУ паблізу Іванаўкі, Ямпалаўкі і Рыгораўкі.

На Арэхаўскім кірунку расійцы 15 разоў атакавалі ля  Стэпавага, Пяціхатак, Шчарбакоў, Каменскага. 

Сілы абароны Украіны адбілі 14 атак  на Новапаўлаўскім кірунку

На Куршчыне за мінулыя суткі адбылося 19 боесутыкненняў, вораг нанёс 34 авіяцыйныя ўдары, скінуўшы 63 кіраваныя бомбы па сваёй тэрыторыі.

* * *

Паводле звестак праекта DeepState, расійскія войскі занялі горад Суджа Курскай вобласці, які са жніўня 2024 года знаходзіўся пад кантролем Украіны. «Вораг акупаваў Суджу, Рубаншчыну і Навалюбаўку», паведаміў DeepState. 

Генштаб Украіны таксама апублікаваў карту, на якой адлюстраваны поўны выхад Узброеных Сіл Украіны з расійскай Суджы на Куршчыне. Па карце відаць, што ўкраінскія войскі знаходзяцца за межамі горада.

Нагадаем, што раней прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Курская аперацыя УСУ дасягнула сваіх мэтаў.

* * *

Армія РФ атакавала Украіну 90 дронамі ў ноч на 16 сакавіка, паведамляюць паветраныя сілы УСУ. Пацверджана збіццё 47 ударных БПЛА тыпу «Shahed» і беспілотнікаў іншых тыпаў. 33 варожых беспілотніка былі лакацыйна страчаныя (без негатыўных наступстваў). У выніку расійскай атакі пацярпелі Чарнігаўская, Кіеўская, Харкаўская і Адэская вобласці.

У выніку атакі на Ізюм ў Харкаўскай вобласці загінула жанчына, яшчэ трое чалавек атрымалі раненні. Таксама згарэлі жылыя дамы. Пад ударам быў прыватны сектар горада.

* * *

484927520_999670725679339_7533707342924787922_n.jpg

* * *

Кіраўнік Расіі Уладзімір Пуцін і іншыя афіцыйныя асобы РФ узмацняюць ілжывы наратыў, абвінавачваючы ўкраінскіх вайскоўцаў нібыта ў ваенных злачынствах падчас аперацый у Курскай вобласці, каб сарваць перамовы аб 30-дзённым перамір'і, піша ў сваёй справаздачы амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

«Крэмль, верагодна, рыхтуецца ўзмацніць наратыў, які абвінавачвае ўкраінскія сілы ў ваенных злачынствах у Курскай вобласці, спрабуючы дыскрэдытаваць украінскую армію, падарваць падтрымку Украіны Захадам і сапсаваць або зацягнуць прамыя перамовы аб 30-дзённым спыненні агню, якое прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прапанаваў Пуціну», — лічаць эксперты. Яны звяртаюць увагу, што расійскія ўльтранацыяналістычныя галасы, у тым ліку звязаныя з Крамлём, у апошнія дні ўсё часцей узмацняюць заявы Пуціна і сцвярджэнні расійскіх дзяржаўных СМІ, якія абвінавачваюць украінскія сілы ў вайсковых злачынствах, уключаючы пакаранні мірных жыхароў у Курскай вобласці.

Пуцін неаднаразова казаў, што ўкраінскія войскі ў Курскай вобласці здзейснілі «тэрарызм». Спецыялісты мяркуюць, што Пуцін, імаверна, мае намер выкарыстаць гэты наратыў, ілжыва называючы ўкраінскія сілы «жорсткімі ваеннымі злачынцамі» — як гэта зрабіў Крэмль у канцы 2021 і 2022 гадоў, каб апраўдаць поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну — каб сарваць або адтэрмінаваць перамовы аб 30-дзённым спыненні агню.

У аглядзе дадаюць, што ISW паведамляў пра рост колькасці пацверджаных расійцамі пакаранняў смерцю ўкраінскіх ваеннапалонных на полі бою ў 2024 годзе і ў пачатку 2025 года, верагодна, на загад расійскага камандавання, і ISW назіраў паведамленні аб пакараннях смерцю расійскімі войскамі ўкраінскіх ваеннапалонных паблізу Суджы 13 сакавіка.

* * *

Украіна стварыла новую крылатую ракету «Доўгі Няптун», і, верагодна, паспяхова ўжыла яе 14 сакавіка па нафтаперапрацоўчым заводзе ў Туапсэ, паведамляе Forbes.

«Доўгі Няптун» з'яўляецца версіяй украінскай супрацькарабельнай крылатай ракеты «Няптун», якой у красавіку 2022 года быў патоплены флагман Чарнаморскага флоту Расіі «Масква».

Падрабязныя характарыстыкі новай дальнабойнай ракеты пакуль што невядомыя, але радыус яе дзеяння — 1000 кіламетраў, тады як у яе прататыпа «Няптун» — 280 кіламетраў.

* * *

Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон заявіў, што Еўропа выступае за выразна вызначаны і вымяральны перыяд спынення агню, падчас якога можна было б прасачыць за яго выкананнем. Украіна падтрымала амерыканскую ініцыятыву па 30-дзённым спыненні агню, адзначыў ён, і сказаў, што «Цяпер ціск, што мы добра бачым, кладзецца на Расію, пазіцыя якой, урэшце, не змянілася... Гэта азначае яе гатоўнасць мець мір, але мір, па сутнасці, на яе ўмовах. Я лічу, што адмова Масквы і няяўныя пагрозы, якія былі выказаныя, сведчаць аб няшчырасці расійскага абавязацельства і, па сутнасці, аб яе нежаданні ажыццявіць сапраўдную мірную працу».

Паводле яго, еўрапейскія лідары, улічваючы досвед мінскіх пагадненняў, якія былі парушаныя Пуціным, павінны разумець, што спыненне агню не можа адбыцца выключна на ўмовах Расіі.

* * *

Прэзідэнт Фінляндыі Аляксандр Стуб заявіў, што «Пуцін не імкнецца да перамір'я, спынення агню або міру. Яго асноўная мэта — знішчэнне незалежнасці, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. І яна аніяк не змянілася».

Таму прымусіць Расію сесці за стол перамоваў можа толькі ціск Захаду. «Спадзяюся, мы зможам працягнуць ціск з боку Захаду, каб прымусіць Расію спыніць агонь», — рэзюмаваў ён.

* * *

Крэмль мяркуе, што заклік да перамір'я ва Украіне ўспрымаецца як «спроба даць УСУ час на пераўзбраенне». Расія перадала гэты «сігнал» ЗША, паведаміў памочнік Пуціна Юрый Ушакоў

«Успрымаем гэта як спробу даць перадых украінскім войскам, якія цяпер перажываюць цяжкія часы, расійскае войска наступае на ўсіх кірунках, і ў гэтай сітуацыі можам успрымаць (перамір'е) як нейкую спробу даць час для пераўзбраення і перагрупоўкі ўкраінскім вайскоўцам», — цытуе Ушакова «РІА Навіны».

Па словах Ушакова, кантакты паміж РФ і ЗША працягваюцца, але не ўзроўні прэзідэнтаў. Ён дадаў, што сустрэча прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна будзе арганізаваная, як толькі з'явіцца неабходнасць. Ушакоў сцвярджае, што сустрэчу можна арганізаваць даволі хутка.