Уладзімір Зяленскі: Курская аперацыя УСУ сваю задачу выканала
Ідуць 1116-я суткі шырокамаштабнай узброенай агрэсіі Расійскай Федэрацыі супраць Украіны пры падтрымцы і саўдзеле ў вайне рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Пакуль вымалёўваюцца контуры 30-дзённага перамір’я. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп чакае пазітыўных навінаў ад Расіі, хаця ўжо перайначвае свае абяцанні скончыць вайну ва Украіне за 24 гадзіны.

Фота: Генштаб УСУ
Усяго за мінулыя суткі зафіксавана 149 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 15 сакавіка.
Па-ранейшаму напружаным застаецца Пакроўскі кірунак: на ім абаронцамі Украіны спынены 43 штурмавых і наступальных дзеянняў расіян у раёнах населеных пунктаў Сухая Балка, Вадзяное Другое, Свірыдонаўка, Прамень, Пакроўск, Котліна, Андрэеўка і і ншых.
На Тарэцкім кірунку расіяне здзейснілі 24 атакі непадалёк населеных пунктаў Дачнае, Дружба і Тарэцк. На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 20 разоў, спрабуючы рушыць наперад паблізу населеных пунктаў Капанкі, Новаегараўка, Нававодная, Ямпалаўка, і іншых.
На Новапаўлаўскім кірунку зафіксавана дзевяць атак, па сем атак — на Северскім і Арэхаўскім кірунках. Па чатыры атакі сілы абароны Украіны адбілі на Купянскім і Краматорскім кірунках.
На Курскім кірунку за мінулыя суткі адбылося 20 боесутыкненняў. Расіяне нанеслі 19 авіяцыйных удараў, скінуўшы 28 кіраваных бомбаў па сваёй тэрыторыі.
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пракаментаваў сітуацыю ў Курскай вобласці Расіі. З ягоных слоў, задачай Курскай аперацыі было адцягнуць расійскія войскі ад Пакроўска ў Данецкай вобласці, Харкаўскага кірунку і Сум. «Пакроўскі кірунак — сітуацыя стабілізаваная, як і на Харкаўскім кірунку. Я магу толькі падзякаваць нашых воінаў за Курскую аперацыю. Я мяркую, што яна (аперацыя — Рэд.) сваю задачу выканала», — сказаў Зяленскі.
Таксама Зяленскі пракаментаваў заяву Пуціна аб ініцыятыве спынення агню. Нагадаем, Пуцін заявіў, што ў яго шмат пытанняў да ініцыятывы аб спыненні агню, у тым ліку з нагоды мабілізацыі ва Украіне, ваеннай дапамогі ад Захаду і сітуацыі ў Курскай вобласці, частку якой УСУ занялі ў мінулым годзе.
«Мне здаецца, у рэакцыі, якую мы ўчора бачылі ад Пуціна, было больш бравады, — цытуе Зяленскага расійская служба ВВС. — Чаму я кажу бравада? Па-першае, гучыць вельмі дзіўна. Напрыклад, а што там будзе з мабілізацыяй, што там будзе з пастаўкамі?.. Для нас не сакрэт, колькі яны мабілізуюць людзей. Мы гэта публічна гаворым. І для іх не сакрэт — наадварот. Гэта значыць я не бачу ў гэтым сэнсу. Я бачу ў гэтым толькі піярную браваду, каб сказаць, што Расія «за», але на сваіх умовах».
* * *
Расійская армія ўвечары 14 сакавіка масіравана ўдарыла па Сумах дронамі. Расійскія вайскоўцы атакавалі адзін з аб'ектаў крытычнай інфраструктуры Сум. У сувязі з перабоямі ў электразабеспячэнні, на некаторых водазаборах горада Сумы спрацавала абарона. З-за гэтага магчымыя перабоі з водазабеспячэннем.
Расійскія сілы 14 сакавіка атакавалі Херсонскую вобласць кіраванымі авіябомбамі, трапленні зафіксавалі ў Херсонскім і Берыслаўскім раёнах. У Херсоне ў выніку ўдару загінуў 43-гадовы мужчына.
Войска РФ увечары 14 сакавіка атакавала ўдарнымі беспілотнікамі энергетычную інфраструктуру Адэскай вобласці, цалкам абясточаны горад Чарнаморск.
У Чарнігаве расійскі БПЛА трапіў у шматпавярховы будынак. Інфармацыя аб пацярпелых цяпер удакладняецца.
У ноч на суботу, 15 сакавіка, у расійскім Валгаградзе прагрымелі выбухі. Аб'ектам атакі стаў нафтаперапрацоўчы завод. Ці ёсць трапленні ў сам НПЗ, на гэты момант незразумела, аднак у сацсетках публікуюць кадры з маштабным пажарам.
* * *

* * *
Дональд Трамп не раз казаў падчас перадвыбарнай кампаніі, што зможа развязаць канфлікт паміж Расіяй і Украінай за 24 гадзіны. Гэта шмат каму здавалася нерэалістычным, і да гэтага часу не здарылася, але вядучая праграмы Full Measure Шэрыл Аткісан спытала прэзідэнта ЗША пра гэта прама, вынікае з анонсу інтэрв'ю, якое будзе паказана цалкам у нядзелю.
«Ну, я тады казаў гэта з некаторым сарказмам, — спакойна адказаў Трамп. — Што я рэальна маю на ўвазе, — гэта што я хачу, каб гэта вырашылася. Думаю, у мяне атрымаецца».
У тым жа фрагменце Трамп сказаў, што пакуль перамовы з Расіяй аб спыненні агню ідуць адносна добра. «Мы даведаемся крыху больш у панядзелак, і спадзяюся, што будзе добра», — дадаў Трамп
Пасля сустрэчы дэлегацый ЗША і Украіны ў Саудаўскай Аравіі 11 сакавіка Украіна пагадзілася на поўнае спыненне агню на перыяд 30 дзён з магчымасцю падаўжэння.
У пятніцу, 14 сакавіка, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Штаты дамаўляюцца з РФ аб часовым перамір'і з Украінай. У прыватнасці, амерыканцы ўжо атрымалі «вельмі добрыя адказы». Таксама ён сказаў, што ў панядзелак будзе вядома больш пра перамір'е.
У панядзелак, 17 сакавіка, кіраўнікі МЗС краін ЕЗ абмяркуюць сітуацыю вакол дыскусіі аб спыненні агню ва Украіне. У ім таксама па відэасувязі возьме ўдзел кіраўнік украінскага МЗС Андрэй Сібіга.
* * *
Лідар Крамля Уладзімір Пуцін не разглядае магчымасць спынення агню ва Украіне і спрабуе зацягнуць працэс любых мірных дамоўленасцяў, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Аналітыкі ISW звяртаюць увагу на заявы Крамля пасля сустрэчы Пуціна са спецыяльным прадстаўніком ЗША на Блізкім Усходзе Стывам Уіткафам 13 сакавіка. Гэтыя заявы пацвярджаюць нежаданне Пуціна падтрымаць ініцыятыву ЗША і Украіны аб спыненні агню. Замест гэтага Крэмль імкнецца зацягнуць перамоўны працэс або, у выпадку згоды на часовае перамір'е, выкарыстоўваць яго для адпачынку і пераўзбраення расійскіх войскаў.
Паводле ацэнкі ISW, Пуцін, хутчэй за ўсё, парушыць любое мірнае пагадненне і абвінаваціць Украіну ў яго незахаванні: «Нядаўнія заклікі Пуціна да прамой тэлефоннай размовы з Трампам з'яўляюцца толькі апошнім крокам Пуціна, накіраваным на тое, каб пазіцыянаваць Расію і ЗША як роўных на сусветнай арэне. Расійскія інсайдэрскія крыніцы нядаўна заявілі, што Пуцін імкнецца зацягнуць перамовы аб магчымым часовым спыненні агню, і нядаўнія публічныя заявы Пуціна стасуюцца з гэтымі інсайдэрскімі заявамі».
Амерыканская выведка лічыць, што Пуцін застаецца адданым ідэі захопу Украіны, што ўзгадняецца з доўгатэрміновымі ацэнкамі ISW адносна яго стратэгічных мэтаў.
Выданне The Washington Post са спасылкай на засакрэчаныя дакументы выведкі ЗША паведаміла, што Пуцін і ў далейшым імкнецца ўсталяваць кантроль над Украінай. Чатыры прадстаўнікі заходніх разведак і два чальцы Кангрэсу ЗША заявілі 18 лютага ў інтэрв'ю NBC, што няма ніякіх довадаў гатоўнасці Пуціна да рэальных мірных дамоўленасцяў.
* * *
У выпадку, калі паміж Украінай і Расеяй будзе дасягнутае 30-дзённае спыненне агню, Еўрапейскі Саюз не мае намеру прыпыняць пастаўкі ўзбраенняў Украіне, піша Deutsche Welle.
«Еўрасаюз дамагаецца таго, каб Украіна апынулася ў найбольш моцнай пазіцыі на мірных перамовах, а таксама магла адмовіцца ад "дрэннай", як сказаў бы Трамп, угоды і выбраць найбольш прыдатны для сябе момант для перамоваў. Я не думаю, што Еўрасаюз і яго чальцы спыняць пастаўкі зброі Кіеву, калі агрэсар запатрабуе гэтага ў якасці ўмовы перамір'я», — сказаў на брыфінгу ў Брусэлі адзін з еўрапейскіх дыпламатаў.
Іншы дыпламат таксама выказаў меркаванне, што падчас патэнцыйнага спынення агню варта ўзбройваць Украіну, а не наадварот.
«Баі ўсё яшчэ працягваюцца, але нават калі ў іх наступіць паўза, трэба зрабіць Украіну "сталёвым дзікабразам"», — падкрэсліў трэці дыпламат ЕЗ і дадаў, што неабходна не даць расійцам скарыстацца «другім шанцам» для перагрупоўкі войскаў і паўторнай атакі.
Чацвёрты дыпламат выказаў падобную пазіцыю. З ягоных слоў, ЕС не павінен аслабляць падтрымку Украіне ў выпадку перамір'я. Задача саюзнікаў складаецца ў тым, каб стварыць Украіне моцную пазіцыю, і каб краіна магла паляпшаць свае абарончыя магчымасці і магла працягваць стрымліванне ў выпадку аднаўлення ваенных дзеянняў.