ISW: Размяшчэнне расійскіх вайсковых баз у Беларусі паскорыць дэ-факта анэксію краіны

Ідуць 1115-я суткі шырокамаштабнай узброенай агрэсіі Расійскай Федэрацыі супраць Украіны пры падтрымцы і саўдзеле ў вайне рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Мірная дамова пакуль не праглядаецца. А Масква, па меркаванні экспертаў, прыглядаецца да новай вайны на ўсходнім фланзе NATO. І значная роля тут будзе адведзеная нашай краіне.

Фота: Генштаб УСУ

Фота: Генштаб УСУ

Усяго за мінулыя суткі адбылося 146 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 14 сакавіка. Па-ранейшаму застаецца самым небяспечным Пакроўскі кірунак, дзе абаронцы Украіны спынілі 49 штурмаў агрэсара ў раёнах населеных пунктаў Елізаветаўка, Прамень, Лысаўка, Котліна, Удалае, Александропаль, Успенаўка, Новааляксандроўка і іншых.

На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 15 разоў, спрабуючы прасунуцца наперад паблізу Торскага, Ямпалаўкі і ў кірунку Зялёнай Даліны. На Тарэцкім кірунку адбіта 14 атак расіян непадалёк населеных пунктаў Тарэцк, Крымскае.

На Арэхаўскім кірунку расіяне праводзілі 12 наступальных дзеянняў у раёнах Стэпавага, Пяціхатак, Шчарбакоў, Каменскага і ў напрамках Новаандрэеўкі і Малой Такмачкі. На Гуляйпольском кірунку адбылося восем боесутыкненняў.

На Северскім кірунку УСУ адбілі сем штурмаў расіян, на Харкаўскім і Новапаўлаўскім кірунках было спынена па пяць штурмаў на кожным. 

У Курскай вобласці Расіі падраздзяленні УСУ ўчора адбілі 22 атакі расійскіх войскаў. 

* * *

Сілы абароны Украіны прасунуліся пад Пакроўскам, а расійцы — паблізу Лімана, Северска і Тарэцка, а таксама ў Сумскай і Курскай абласцях, піша 14 сакавіка амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Па даных Інстытута, войскі РФ прасунуліся ў раёне «ўкраінскага плацдарма» ў Курскай вобласці, і працягваюць праводзіць зачыстку ў Суджы і ў яе ваколіцах. Разам з тым фіксуецца запаволенне прасоўвання пуцінскіх войскаў бліжэй да мяжы ў Курскай вобласці 13 сакавіка ў параўнанні з апошнімі днямі, адзначылі аналітыкі Інстытута.

Галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі Украіны генерал Аляксандр Сырскі 12 сакавіка заявіў, што даў загад войскам адысці з некаторых нявызначаных пазіцый на Курскім «выступе» і перайсці на больш выгадныя абарончыя пазіцыі ў рэгіёне дзеля захавання асабовага складу.

Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 13 сакавіка, паказваюць, што войскі РФ прасунуліся ў паўднёвай частцы Новалюбаўкі (паўночна-ўсход ад Лімана). Таксама войскі РФ прасунуліся да трасы Т-0513 Северск — Бахмут на паўночны захад ад Сака і Ванцэці (на паўднёвы ўсход ад Северска), і да ўсходняй часткі Васюкоўкі (на захад ад Сака і Ванцэці).

Геалакацыйныя кадры ад 13 сакавіка, паказваюць, што расійцы прасунуліся па вуліцы Міхаіла Грушэўскага ў паўночнай частцы Тарэцка. У той жа час «ISW схавала ацэнку прасоўвання Расіі па сваёй карце ў паўночна-заходняй частцы Тарэцка і Шчарбінаўкі (на захад ад Тарэцка), паколькі ISW не заўважыла доказаў працяглай расійскай прысутнасці ў гэтых раёнах, а таксама паколькі ISW назірала абмежаваныя ўкраінскія контратакі ў цэнтры Тарэцка. Гэтыя змены не адбыліся за апошнія 24 гадзіны», — пішуць эксперты Інстытута.

Аналітыкі дадаюць, што расійскія «ваенкоры» нядаўна заявілі, што сілы абароны Украіны контратакавалі і захапілі пазіцыі ў гэтым раёне.

Сілы абароны Украіны нядаўна прасунуліся на Пакроўскім кірунку. Як паказваюць апублікаваныя 11 і 13 сакавіка геалакацыйныя кадры, УСУ прасунуліся да паўднёвай ускраіны Шаўчэнкі (на поўдзень ад Пакроўска) і ўзялі пад кантроль большую частку населенага пункта.

Аднак у ISW дадаюць, што не могуць пацвердзіць, што УСУ цалкам вызвалілі вёску Шаўчэнка на гэты момант.

* * *

Войскі РФ ноччу 14 сакавіка нанеслі паветраны ўдар з ужываннем беспілотнікаў па тэрыторыі пасёлка Золачаў Харкаўскай вобласці. Было зафіксавана трапленне па будынку мясцовай бальніцы, узнік пажар. Вядома пра адну пацярпелую-доктара хуткай дапамогі.

Раніцай 14 сакавіка ў Маскве і ў Падмаскоўі гучалі выбухі, быў бачны дым; улады заявілі пра атаку беспілотнікаў і ўжо зрабілі справаздачу, што нібыта 4 з іх збілі. Паводле папярэдняй інфармацыі, пацярпелых няма. На месцах падзення БПЛА працуюць аператыўныя службы, заявіў губернатар Маскоўскай вобласці Андрэй Вараб'ёў.

У ноч на 14 сакавіка беспілотнікі нанеслі ўдар па Туапсінскім нафтаперапрацоўчым заводзе ў Краснадарскім краі РФ. Мясцовыя жыхары чулі каля дзесяці гучных выбухаў, якія адбыліся на тэрыторыі НПЗ, у раёне прадпрыемства пачалося ўзгаранне. Плошча пажару — больш за тысячу квадратных метраў.

* * *

_rosi__u_vijni_proti_ukra_ni_14_bereznja_2025_roku.jpg

* * *

Злучаныя Штаты плануюць аднавіць пастаўкі ва Украіну высокадакладных планерных бомбаў GLSDB (Ground-Launched Small Diameter Bomb), мадэрнізаваных для процідзеяння расійскім сродкам радыёэлектроннай барацьбы, піша Reuters са спасылкай на двух суразмоўцаў, знаёмых з сітуацыяй

Вяртанне GLSDB на поле бою можа адбыцца ўжо ў бліжэйшыя дні, паколькі іх запасы знаходзяцца ў Еўропе. Апошні раз украінскія вайскоўцы ўжывалі яе некалькі месяцаў таму.

Папярэднія GLSDB, якія Украіна атрымала раней, апынуліся ўразлівымі да расійскіх сістэм радыёэлектроннай барацьбы, што не дазволіла ім эфектыўна паражаць мэты. У сувязі з гэтым на працягу апошніх тыдняў адбылося 19 выпрабавальных запускаў мадэрнізаваных версій, закліканых павысіць іх устойлівасць да сродкаў глушэння.

GLSDB — гэта высокадакладныя кіраваныя боепрыпасы з радыусам дзеяння 100 міль (161 км), якія спалучаюць у сабе авіяцыйную бомбу GBU-39 і ракетны рухавік M26. Яны дазваляюць Украіне наносіць удары па расійскіх лагістычных цэнтрах і складах боепрыпасаў за межамі лініі фронту.

* * *

Крэмль спрабуе стварыць інфармацыйныя ўмовы для апраўдання магчымай агрэсіі супраць краін NATO, у прыватнасці Фінляндыі і Балтыйскіх дзяржаў, пішуць эксперты амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW) у справаздачы 14 сакавіка.

Яны звяртаюць увагу на інтэрв'ю расійскаму выданню «Нацыянальная абарона» сакратара Савета бяспекі РФ Мікалая Патрушава, які заявіў, што Фінскі заліў мае гістарычную «геаграфічную прыналежнасць да Расіі», і што «не варта забываць, што Фінляндыя была часткай Расійскай імперыі», якая «паважала» і «захоўвала» фінскі народ і мову. Што нібыта Захад «зноў ператварае (Фінляндыю) у плацдарм» для агрэсіі супраць Расіі.

«Крэмль выкарыстоўвае такія фальшывыя наратывы аб дыскрымінацыі ўкраінскім урадам расійскамоўных меншасцяў ва Украіне і аб вайсковых пагрозах, якія Украіна нібыта прадстаўляе для Расіі, каб апраўдаць уварванне Масквы ва Украіну», — адзначаюць эксперты, і не выключаюць, што такая тактыка будзе выкарыстаная і супраць NATO.

* * *

Амерыканская выведка мяркуе, што Пуцін не адступіў ад свайго жадання кантраляваць Украіну на фоне спробаў адміністрацыі Трампа спыніць расійска-ўкраінскую вайну. Пра гэта піша The Washington Post.

У адной з сакрэтных ацэнак, распаўсюджаных сярод чальцоў адміністрацыі Трампа, датаванай 6 сакавіка, паказваецца, што кіраўнік Крамля па-ранейшаму поўны рашучасці атрымаць уладу над Кіевам. Некаторыя цяперашнія і былыя амерыканскія чыноўнікі заявілі выданню, што Пуцін, нават калі і пагодзіцца на часовае перамір'е, то выкарыстоўвае яго для аднаўлення і пераўзбраення сваіх войскаў. Яны мяркуюць, што Расія хутчэй за ўсё парушыць умовы пагаднення, стварыўшы правакацыю, у якой абвінаваціць Украіну.

Іншыя чыноўнікі кажуць, што выведка досыць асцярожна ацэньвае тое, на якія ўмовы міру можа пагадзіцца Пуцін. Але яны прызнаюць, што няма ніякіх прыкмет таго, што кіраўнік РФ адступіў ад свайго патрабавання ўключыць Украіну ў расійскую арбіту. 

Невядома, ці данеслі інфармацыю са справаздачы выведкі ад 6 сакавіка Трампу, але суразмоўца выдання адзначыў, што гаворка ідзе пра такі тып інфармацыі, які традыцыйна даводзяць да ведама прэзідэнта.

Між тым прадстаўнік еўрапейскай выведкі, спасылаючыся на свежыя выведвальныя звесткі, заявіў, што афіцыйныя асобы ў Маскве мяркуюць, што Трамп слабы, яму не хапае базавага набору прынцыпаў і ён можа быць адкрыты для маніпуляцый.

* * *

У ЕС дасягнулі пагаднення аб падаўжэнні санкцый супраць Расіі яшчэ на шэсць месяцаў. Вугоршчына пагадзілася зняць вета, калі з санкцый будуць выключаныя трое асоб. ЕС пачаў пісьмовую працэдуру, якая дазволіць падоўжыць санкцыі супраць Расійскай Федэрацыі яшчэ на шэсць месяцаў, паведамляе Bloomberg.

* * *

Расія, верагодна, размесціць свае ваенныя базы на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Гэта дазволіць расійскай арміі ўзмацніць вайсковую прысутнасць на ўсходнім флангу NATO, а таксама паскорыць дэ-факта анэксію Беларусі, піша Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Як паведамляюць эксперты, 13 сакавіка ў Маскве Пуцін і Лукашэнка ратыфікавалі двухбаковую дамову паміж дзяржавамі аб гарантыях бяспекі. Дакумент дазваляе Расіі ствараць ваенныя базы і інфраструктуру на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Па выніках сустрэчы, Пуцін заявіў, што дамова аб гарантыях бяспекі вызначае ўзаемныя саюзніцкія абавязацельствы Расіі і Беларусі па забеспячэнні абароны і бяспекі з выкарыстаннем «усяго наяўнага арсенала сіл і сродкаў».

Пуцін таксама адзначыў, што Расія ўжо разгарнула на беларускай тэрыторыі аб'яднаную рэгіянальную групу войскаў, сучасныя расійскія абарончыя сістэмы і тактычную ядзерную зброю. Паводле яго, усё гэта «надзейна затуляе» заходнія межы Беларусі і РФ.

«У 2021 годзе ISW прагназаваў, што Расія можа разгарнуць сталую вайсковую прысутнасць у Беларусі, каб узмацніць сваю здольнасць пагражаць усходняму флангу NATO. Інстытут працягвае ацэньваць, што Крэмль выкарыстоўвае структуру Саюзнай дзяржавы для прасоўвання сваіх стратэгічных намаганняў па дэ-факта анэксіі гэтай краіны», — гаворыцца ў справаздачы.