Практычна ў прамым эфіры: рускія войскі спрабуюць прарвацца на «Азоўсталь»

Войскі Расіі пачалі наземную аперацыю ў раёне «Азоўсталі». Пад прыкрыццём абстрэлаў яны спрабуюць па зямлі прарвацца на тэрыторыю завода, паведаміў дарадца мэра Марыупаля.

Фота: t.me/andriyshTime

Фота: t.me/andriyshTime

Расійскія войскі пачалі наземную аперацыю ў Марыупалі і пад прыкрыццём абстрэлаў спрабуюць прарвацца на «Азоўсталь». Пра гэта 13 траўня паведаміў дарадца мэра горада Пётр Андрушчанка.

"Марыупаль. Азоўсталь. Акупанты пад прыкрыццём абстрэлаў спрабуюць па зямлі прарвацца на завод. Практычна ў прамым эфіры. Сітуацыя з дня на дзень становіцца складанейшай", — напісаў ён і апублікаваў фота, якое пацвярджае штурм.

11 траўня віцэ-прэм'ер — міністр па пытаннях рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторый Ірына Верашчук заявіла, што на тэрыторыі "Азоўсталі" могуць знаходзіцца яшчэ каля тысячы байцоў, палова з іх цяжкапараненыя. 12 траўня яна паведаміла, што вядуцца перамовы аб вызваленні толькі 38 цяжкапараненых байцоў.

Па словах Уладзіміра Зяленскага, для выратавання ўкраінскіх ваенных, якія знаходзяцца на "Азоўсталі", прыцягнутыя ўплывовыя пасярэднікі і дзяржавы.

Раней у Мінрэінтэграцыі Украіны распавядалі, што пачаўся новы раўнд перамоваў аб эвакуацыі ўкраінскіх вайскоўцаў з Азоўсталі, пасярэднікам у якім выступіць Турцыя. Гаворка ідзе аб вывазе цяжкапараненых.

Паводле korrespondent.net, www.unian.net