Польскі Сенат ухваліў законапраект, які пасварыў Польшчу з Ізраілем і Украінай

Верхняя палата польскага парламэнту ўхваліла закон аб крымінальнай адказнасці за выказванні пра нацысцкія лагеры смерці як пра «польскія» і за адмаўленне злачынстваў «бандэрызму». Пра гэта паведамляе Радыё Свабода

0d51d58a_5bb9_45a8_9be6_65e3c23e49b9_cx0_cy6_cw0_w1023_r1_s.jpg

У ноч на чацьвер, 1 лютага, у польскім Сенаце адбылося галасаванне за змены ў закон аб Інстытуце нацыянальнай памяці, якімі ўводзіцца крымінальная адказнасьць за адмаўленне злачынстваў «украінскіх нацыяналістаў», а таксама за прыпісванне польскаму народу нацысцкіх злачынстваў.
57 з 82 прысутных у Сэнаце дэпутатаў прагаласавалі за ўнясенне зменаў у адпаведны закон. 23 дэпутаты-апазыцыянеры выказаліся супраць, адзін устрымаўся. Каб закон уступіў у сілу, яго яшчэ павінен падпісаць прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.
26 студзеня Сэйм Польшчы, ніжняя палата парламенту, унёс змены ў закон аб Інстытуце нацыянальнай памяці, які забараняе прапаганду таталітарных ідэалогій і вызначае злачынным удзел «бандэраўскіх нацыяналістаў» у знішчэньні габрэйскага насельніцтва і генацыдзе грамадзян міжваеннай Польшчы на тэрыторыі Валыні і Галіччыны. Паводле зменаў, парушальнікаў абноўленага закону будуць караць грашовымі штрафамі або зняволеньнем да трох гадоў.
Міністэрства замежных справаў Украіны ў сваёй заяве называла рашэнне польскага Сейму «чарговай спробай навязаць аднабаковую трактоўку гістарычных падзей».
Акрамя таго, згаданым законапраектам прадугледжаны крымінальны пераслед тых, хто прыпісвае палякам злачынствы нацыстаў, у прыватнасці ўжывае словазлучэнне «польскія лагеры смерці». Гэтая частка зменаў у закон абурыла Ізраіль. Прэм’ер-міністар Ізраіля Біньямін Нэтаньягу назваў закон «неабгрунтаваным», а Сусьветны цэнтар памяці ахвяр Галакосту заявіў, што польскія заканадаўчыя змены могуць «прывесці да размывання гістарычнай праўды аб дапамозе, якую немцы атрымалі ад польскага насельніцтва падчас Галакосту».
У Ізраілі ў адказ ухвалілі свой законапраект, які падтрымала большасьць дэпутатаў ізраільскага парламенту і які фактычна зробіць незаконнай формай адмаўлення Галакосту польскі законапраект.
Мэта гэтых паправак — не дазволіць змяншаць адказнасць тых, хто дапамагаў нацыстам. Акрамя таго, зменены закон гарантуе юрыдычную дапамогу тым, хто перажыў Галакост і тым, хто займаецца адукацыяй пра лагеры смерці, калі супраць іх за мяжой пададуць судовыя пазовы за ўспаміны з часоў Галакосту.
Паводле закону, прынятага ў Ізраілі ў 1986 годзе, кожны, хто адмаўляе Галакост ці падтрымлівае злачынствы супраць габрэйскага народу, можа атрымаць да пяці гадоў турэмнага зьняволення.